Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

27

Дарогамі вызвалення (CMigrator copy 3)

19.05.2011
Адаму Савельевічу Бохану, як і Малевічу, пашчасціла вызваляць родную Беларусь. Яго франтавая дарога прайшла праз Уздзенскі раён, а потым Пясочнае і родны Скабін. Незабыўнай была сустрэча з роднымі і аднавяскоўцамі. Ад Масквы да Берліна — такі ратны шлях хлебароба. Мікалай Пятровіч Татур з вёскі Садкі таксама гнаў з Радзімы фашыстаў. Вызваляў Мінск, Баранавічы, Слонім. Іосіф Міхайлавіч Лук’янчык удзельнічаў у вызваленні Грозава, Капыля і першым уступіў у родную вёску Лоцвіны. Кавалерыст пайшоў далей гнаць ворага. Воіны 148-га гвардзейскага палка, якім камандаваў падпалкоўнік Сіненка, раніцай падышлі да мястэчка Цімкавічы. Фашысты чакалі гвардзейцаў, маючы вялікія сілы, танкі і самаходныя гарматы. Увесь дзень ішоў бой, але назаўтра, 3 ліпеня, фашысты былі выбіты з Цімкавіч. Кузьма Чорны пра гэта з хваляваннем пісаў у сваім дзённіку: “Сёння ноччу ў зводцы паведамлялі, што ўзялі Цімкавічы, Жавалкі, Вялікую Раёўку…” Гвардзейцы Пліева вялі жорсткія баі каля Яўсеевіч, разграмілі там гітлераўцаў.  2 ліпеня 1944 года ў 16 гадзін авалодалі мястэчкам Бабоўня. Але рух нашых войск замару- джваўся, бо партызаны, каб знішчыць ворага, зрабілі шмат завалаў на дарогах. Атрымалася наадварот. Давялося сапёрам аднаўляць разбураныя масты, разбіраць завалы і здымаць супрацьтанкавыя і супрацьпяхотныя міны. Прыпыняліся тэхніка, салдаты, конніца, а паветраныя піраты, скарыстаўшы выпадак, бамбілі скапленні вызваліцеляў. Тыя неслі вялікія страты. Капыль быў вызвалены 1 ліпеня, а назаўтра два палкі немцаў з 12 цяжкімі танкамі пайшлі на ўзвод старшага лейтэнанта Чэкмянёва. У гэты надзвычай цяжкі момант афіцэр аддае загад артылерыстам “адсекчы” нямецкую пяхоту ад “Тыграў”. Меткім агнём гарматныя разлікі білі па аўтаматчыках і падбілі таксама некалькі танкаў. Але гітлераўцы вырашылі любой цаной задушыць гвардзейцаў Чэкмянёва і абрушылі на іх знішчальны агонь з гармат і мінамётаў. Ворагу здавалася, што гэты шквал снарадаў і мін зруйнаваў усё жывое. Аўтаматчыкі ва ўвесь рост пайшлі наперад, але сустрэлі адпор нашых салдат. Невялікая група воінаў падбіла 4 танкі, знішчыла 250 гітлераўскіх салдат і афіцэраў. Пасмяротна Рыгор Анатольевіч Чэкмянёў быў удастоены звання Героя Савецкага Саюза. Яшчэ адзін паядынак з танкамі і варожай сілай адбыўся каля Кудзінавіч 3 ліпеня. З Капыля разам з кавалерыстамі Пліева выехала ў бок Нясвіжа першая супрацьтанкавая батарэя 318-га палка капітана Патапава. Але ад калоны, з-за няспраўнасці аўтамашыны, адарваліся. Каля кудзінавіцкага лесу прытаіўся ў засадзе нямецкі танк, які вывеў са строю гарматы і падпаліў аўтамашыну. Цяжка параніла Патапава і забіла старшага лейтэнанта Івашчанку. Салдаты тым часам выцягвалі з-пад машыны параненых і хутчэй стараліся зняць з кузава скрынкі са снарадамі. Камандаванне ўжо не батарэі, а гарматы прыняў на сябе лейтэнант Мікалай Лешчанка. Пад яго началам было ўсяго шэсць артылерыстаў. Пяць варожых танкаў падбіў Лешчанка. Дзясяткі гітлераўцаў знайшлі магілу каля Кудзінавіч. Лешчанка за гэты подзвіг быў удастоены звання Героя Савецкага Саюза. Ордэны атрымалі і байцы-артылерысты. Іван ІГНАТЧЫК

Источник:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей