Пераход на летне-пашавае ўтрыманне звычайна звязваецца са значным павышэннем прадукцыйнасці дойных статкаў. Нездарма гэты перыяд называюць — час вялікага малака. Аднак, паводле інфармацыі дыспетчарскай упраўлення райсельгасхарчу, атрымліваецца, што сітуацыя ў сельгаспрадпрыемствах раёна не самая лепшая. Па каментарыі мы звярнуліся да першага намесніка начальніка ўпраўлення райсельгасхарчу Віталя РАКЕВІЧА.
— Віталь Аляксандравіч, ахарактарызуйце, калі ласка, сітуацыю, якая складваецца ў гаспадарках раёна па вытворчасці малака?
— На жаль, хваліцца няма чым. У сярэднім па раёне мы нават не выходзім на мінулагоднія паказчыкі: на 16 мая атрымалі па 13 кг 480 грамаў ад кожнай каровы, а гэта на 700 грамаў менш, чым летась. Мінусуюць да ўзроўню мінулага года практычна ўсе гаспадаркі, за выключэннем, бадай-што, пяці. Гэта ААТ “Капыльскае”, дзе пераўзышлі паказчык мінулага года на 1 кг 100 г, ААТ “Суворава-Агра” — на 900 г, ААТ “П-з “Дусаеўшчына” — на 500 г, ЗАТ “Жыліхава” і МАУП “Доктаравічы” — на 100 г больш. Найбольшае адставанне дапусцілі ў ААТ “Скабін”: нягледзячы на тое, што ў раённай зводцы па надоі малака ад кожнай каровы гэта гаспадарка займае трэцяе месца, тут адтрымалі на 3 кг 900 г малака менш, чым летась. Вельмі няпростая сітуацыя ў ААТ “Мажа-Агра”, дзе “мінус” складае 3 кг 100 г, значнае адставанне дапусціла і ДП “С “Лясное” — 2 кг 100 г. У астатніх “мінус” вагаецца ад 100 г да 2 кг.
— Аднак, напэўна, ёсць і тыя гаспадаркі, каго хацелася б успомніць добрым словам?
— Так, самай рэзультатыўнай на сёння з’яўляецца работа жывёлаводаў ААТ “Семежава” — сярэдні надой ад каровы 16 кг 800 г, у ААТ “Старыца-Агра” — 16 кг 700 г, і, як я ўжо гаварыў вышэй, на трэцім месцы ААТ “Скабін” з рэзультатам 16 кг 600 г. Яшчэ на адным моманце хацелася б спыніцца: за 16 дзён мая на 2 т 310 кг “дабавілі” ў РСУП “Бабоўня”, на 1 т 725 кг — у ААТ “Суворава-Агра”, на 1 т 666 кг — у ААТ “Праснакі”. Тым не менш, ёсць і такія, хто літаральна топчуцца на месцы. Так, напрыклад, у ААТ “Піянер-Агра” прыбаўка за першую палову месяца склала аж… 5 кг, у філіяле “В. Раёўка” наогул у гэтай графе стаіць “нуль”, толькі на 70 кг больш надаілі ў ДП “С “Лясное”, на 158 кг — у ААТ “Капыльскае”, на 170 кг — у ААТ “П-з “Дусаеўшчына”, на 270 кг — у МАУП “Доктаравічы”.
— І чым тлумачацца такія рэзультаты?
— Я лічу, што прычын для зніжэння малака — няма. Ва ўсякім разе, ніякія тлумачэнні спецыялістаў не прымаюцца. Сёння на пашу выйшлі ўсе 104 гурты дойнага статка, у тым ліку 88 выпасваецца кругласутачна, 16 знаходзяцца ў летніх лагерах. Каровы ходзяць па шматгадовых травах, многія статкі — на шматкампанентных пашах. У гаспадарках яшчэ ёсць набытыя праз Капыльскі МСЗ бялковыя дабаўкі, з Клецкага камбікормавага завода завозяцца канцэнтраты. Уся справа ў тым, што дрэнна людзі працуюць. Не выконваюцца элементарныя патрабаванні тэхналогіі выпашвання. Да прыкладу, у ААТ “Мажа-Агра” да нядаўняга часу адзін статак пасвіўся на няўдобіцы (а побач — добрая шматкампанентная паша), у РСУП “С “Прамень” была зафіксавана сітуацыя, калі на пашы адсутнічала бочка з вадой (яна ў адзіноце стаяла на іншым полі). Ёсць і парушэнні распарадку дня. У тым жа ААТ “Мажа-Агра” пры двухразовым даенні першая дойка пачынаецца ў 8 раніцы і каровы тры гадзіны стаяць у лагеры, атрымліваючы толькі канцэнтраты, на другую дойку гоняць ужо ў 18 гадзін. Атрымліваецца перапынак паміж даеннямі 10 гадзін, а павінен быць не менш за 12.
— Якая ж задача ставіцца перад жывёлаводамі?
— Перш за ўсё неабходна выйсці на мінулагодні паказчык, а для гэтага неабходна штодня “дабаўляць” не менш за 150 г малака ад кожнай каровы. Задача няпростая, але выканаць яе можна, было б толькі жаданне і адказныя адносіны да справы кожнага на сваім месцы.
— Месяц таму быў аб’яўлены месячнік па навядзенні парадку на прыфермскіх тэрыторыях. Якія яго вынікі?
— Трэба сказаць, што большасць сельгаспрадпрыемстваў адказна аднесліся да выканання пастаўленай задачы. Аднак, знайшліся і такія, каму нашы рэкамендыцыі не ўказ. Практычна ні на адной ферме так і няма належнага парадку ў ААТ “Мажа-Агра”, нямала заўваг можна выказаць у адрас ААТ “Малінава” (дарэчы, гэта адзіная ў раёне гаспадарка, дзе ўдой ад адной каровы не дасягае 10 кг, а менавіта — 8,6 кг), ААТ “П-з “Дусаеў- шчына”, РСУП “С “Прамень” і некаторых іншых. У бліжэйшы час сельгаспрадпрыемствы павінны распачынаць і пабелку жывёлагадоўчых памяшканняў (пакуль гэтай справай займаюцца толькі ў ф-ле “Лакнея” і СГФ “Кры- ніца”).
— Дзякуй за размову.
Гутарыла Маргарыта САКОВІЧ
Комментарии