Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

34

60 лет совместной жизни - бриллиантовую свадьбу - на днях отпраздновали Елена Антоновна и Иосиф Казимирович Змачинские из Копыля

22.04.2019
60 гадоў сумеснага жыцця — дыяментавае вяселле — днямі адсвяткавалі Алена Антонаўна і Іосіф Казіміравіч Змачынскія з Капыля. Як вядома, каштоўны камень дыямент — самы моцны, яго вельмі цяжка здрабніць ці апрацаваць. Таму, каб ён зазіхацеў усімі фарбамі, майстар павінен прыкласці шмат намаганняў і мець свае сакрэты апрацоўкі. Так і ў жыцці. Пачуцці праходзяць праверку часам. [caption id="attachment_76055" align="aligncenter" width="580"]■ Уся сям’я разам. 1981 г. ■ Уся сям’я разам. 1981 г.[/caption] Змачынскія вытрымалі выпрабаванні з годнасцю і зараз на пытанне, што дапамагае захаваць сям’ю, амаль у адзін голас упэўнена адказваюць: — Узаемапавага і каханне, сумесная праца і ўменне слухаць парады адзін ад аднаго. Мы заўсёды шмат размаўлялі, прыслухоўваліся да меркаванняў. Калі здараліся спрэчныя сітуацыі, імкнуліся саступаць. Дзетак сваіх выхоўвалі ў любові: да працы, да сваякоў, да Бога. [caption id="attachment_76052" align="aligncenter" width="400"]■ Алена Антонаўна і Іосіф Казіміравіч і зараз адносяцца адзін да аднаго з вялікай цеплынёй ■ Алена Антонаўна і Іосіф Казіміравіч і зараз адносяцца адзін да аднаго з вялікай цеплынёй[/caption] Сёння Змачынскія заўсёды гасцінна сустракаюць дзяцей, унукаў, праўнукаў і шматлікіх сваякоў. Для іх заўсёды знойдуцца добрыя словы і смачныя пачастункі. Кожны, хто пераступае парог прыгожай і ўтульнай хаты, адчувае цеплыню і добрасардэчнасць гаспадароў. Твар Алены Антонаўны прамянее душэўнай усмешкай, а цікавыя аповеды Іосіфа Казіміравіча пра мінулыя часы прыцягваюць сваёй вобразнасцю. І толькі пасля размовы з гаспадарамі разумееш, колькі іспытаў даслаў на іх долю лёс, нібы правяраючы моц характараў і пачуццяў. Але разумееш і тое, што як самы дарагі падарунак ад Айца Нябеснага яны атрымалі адзін аднаго. І адбылося гэта напярэдадні Вялікадня, 60 гадоў таму.  Падставай для знаёмства сталі хрэсьбіны пляменніцы. Алена за куму, Іосіф — кум. Гэта была іх першая сустрэча, але з хаты святара, дзе адбываўся сакрамэнт хросту дзіцяці, яны выйшлі, моцна трымаючыся за рукі. Ёй — 18, яму — на дзясятак гадоў болей. Недзе ў глыбіні душы ведалі, што не адпусцяць адзін аднаго ніколі. «Скора зашлю сватоў!» — пачула Алена словы Іосіфа, але ўвагі ім не надала. Вечарам таго ж дня пайшлі ў кіно. На зваротным шляху ён паўтарыў: «Хутка чакай сватоў!» І праз два тыдні на самай справе на возе прыехаў з родных Багушоў у вёску Шастакі, дзе жыла абранніца. У ролі свата — Крэпскі Іосіф. Алена дала згоду не раздумваючы. Распісаліся 18 красавіка 1959 года, а вяселле згулялі 7 чэрвеня.     [caption id="attachment_76054" align="aligncenter" width="580"]■ Вяселле Іосіфа і Алены. 1959 г. ■ Вяселле Іосіфа і Алены. 1959 г.[/caption] Першы час жылі ў бабулі Іосіфа — Стэфаніды, жанчыны добрай і працавітай. Старэйшая сястра Алены, Рэгіна, навучыла: «Ты глядзі, доўга не спі, кароў выганяй, не лянуйся — працуй». Так маладзіца і рабіла, ні ад якой работы не адмаўлялася. Тым больш што да гэтага часу паспела прайсці своеасаблівую школу жыцця. Рана застаўшыся без матулі, Алена на сабе адчула ўсё «хараство» жыцця пры мачысе. У бацькі засталося пяцёра дзетак: Рэгіна, Ганна, Браніслава, Алена і Станіслава. Жанчына, якая прыйшла жонкай, матуляй для дзяўчынак стаць не змагла (а можа, і не хацела). Новага адзення амаль не набывала, ежу прыхоўвала. І старэйшыя дзяўчынкі хутка пайшлі ў заробкі да людзей: хто нянькай, хто дапамагаць па гаспадарцы. Таму, адразу пасля вяселля, прывычная да рознай работы Алена з ахвотай прынялася выконваць абавязкі гаспадыні. Маладая жанчына была рада мець сваю хату, весці сваю гаспадарку. Адным з нямногіх успамінаў пра матулю памяць захавала святкаванне Вялікадня. Аленцы пяць гадкоў. На стале стаіць шмат прыгатаваных страў, але мама есці не дазваляе: «Спачатку памаліцеся, дзеткі». І вось яны, малыя, стаўшы на калені, разам з матуляй і татам шчыра ўзносяць малітвы… Паспрабаваў сіроцкай долі і Іосіф. Бацька памёр, калі хлопчыку споўнілася тры гадкі. Яго і браціка гадавала мама. І да самастойных заробкаў ён таксама прыступіў рана: у дзесяцігадовым узросце пайшоў пасвіць кароў да гаспадара ў вёску Слаўкова, што знаходзіцца на Нясвіжчыне. За сезон зарабіў сем пудоў збожжа. Калі пасталеў, працаваў спачатку ў калгасе «Шлях камуны», потым на пілараме, у «сберкассе» і лясгасе. [caption id="attachment_76053" align="aligncenter" width="400"]■ Змачынскія з айчымам і мамай Іосіфа. 1960 г. ■ Змачынскія з айчымам і мамай Іосіфа. 1960 г.[/caption] Хутка ў Алены і Іосіфа нарадзіўся першынец — дачушка Валечка. Потым на свет з’явіўся Валодзя, які, на жаль, не пражыў і дня. Але сапраўдны іспыт чакаў Змачынскіх наперадзе. Наступны сынок Віця радаваў бацькоў працавітасцю і поспехамі ў вучобе, заўсёды дапамагаў і клапаціўся пра маму з татам. Аднак… Аднак хворым было сардэчка. Таму бацькі вырашылі пераехаць у Капыль, каб быць бліжэй да бальніцы. Самі разабралі і перавезлі з Багушоў хату, самі яе і «злёпалі», як сёння з усмешкай узгадвае Алена Антонаўна. Працавалі дружна, сумесна вырашалі ўсе пытанні, пераадольвалі цяжкасці. Тым больш што рукі ў Іосіфа былі на самай справе залатымі: усё ўмеў і рабіў сам. І ўсё ж такі, нягледзячы на тое, што пра хваробу сына даведаліся даўно, гора стала нечаканым: Віця не прачнуўся пасля аперацыі, якую так чакаў у надзеі стаць здаровым.  Як перажыла гора, Алена Антонаўна не разумее і зараз. Пасля трагічнай падзеі яна вельмі востра ўспрымала жыццё. Усё навокал здавалася нямілым. І, як сапраўднае выратаванне ад гора, Бог паслаў суцяшэнне. У 1977 годзе нарадзілася яшчэ адна дачушачка — Аленка. Старэйшая Валянціна, якой на тую пару споўнілася 17, з любоўю дапамагала гадаваць сястрычку.    Цяжка было б перажыць самотныя падзеі Алене Антонаўне і Іосіфу Казіміравічу, каб не шчырая вера ў Бога. Нягледзячы на антырэлігійны час, і яны самі былі хрышчоныя, і паклапаціліся аб гэтым для сваіх дзетак. А 15 гадоў таму павянчаліся. Калі пачалі будаваць у Капылі новы касцёл, Іосіф Казіміравіч быў у ліку першых працаўнікоў. Шмат чаго зроблена яго рукамі. У Святым Пісанні ёсць словы: «Што Бог злучыў, чалавек няхай не разлучае». Менавіта ў іх адлюстраваўся ўвесь жыццёвы шлях Змачынскіх. Сустрэўшыся напярэдадні Вялікадня, яны і зараз ідуць поруч, падтрымліваючы не толькі адзін аднаго, але і сваіх дарагіх дачок, шматлікіх пляменнікаў, сваякоў.  Дзіяна ТКАЧЭНКА Фота аўтара і з сямейнага архіва Змачынскіх

Источник:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей