З Пастырскага паслання арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на Вялікдзень 2019
«Весяліся і зямля, апрамененая ўзнёслым бляскам, бо асвяціў цябе промень спрадвечнага Валадара. Цэлы свет няхай адчуе, што вызваліўся ад цемры».
(З пасхальнага гімна Exsultet)
Гэтымі словамі велічнага пасхальнага гімна Exsultet («Узрадуйцеся») Касцёл у вігілію Пасхі абвяшчае свету радасць гэтай адзінай у гісторыі чалавецтва ночы, якая «была годнаю ведаць час і гадзіну, у якую Хрыстус паўстаў з мёртвых» (Exsultet).
Пасля трагедыі Вялікай пятніцы, калі здавалася, што «каралеўства цемры» перамагло, надышла ноч, якая папярэджвае «трэці дзень», у які Хрыстус уваскрэс.
Урачыстасць Уваскрэсення Хрыста з’яўляецца добрай нагодай для таго, каб паразважаць як над таямніцай паўстання Езуса з мёртвых, так і над неабходнасцю духоўнага адраджэння нас і нашага грамадства.
Браты і сёстры!
Сардэчна віншую ўсіх вас з радасным і збаўчым святам Уваскрэсення Хрыста! Віншую тых хрысціян, якія сёння таксама святкуюць гэтае свята свят! Віншую братоў і сясцёр праваслаўных, якія праз тыдзень будуць святкаваць Пасху! Віншую ўсіх людзей добрай волі! Дзялюся з усімі вамі радасцю ўваскрэсення Хрыста. Веру, што ўваскрэслы Хрыстус дапаможа нам годна адказаць на выклікі часу. Гэта Ён сёння нам кажа: «Будзьце адважнымі: Я перамог свет» (Ян 16, 33).
Ад пустой магілы Хрыста з надзеяй і адвагай пойдзем у будучыню, бо з намі ўваскрэслы Езус. А калі Ён з намі, то хто супраць нас? (пар. Рым 8, 31)
Гэтыя свае велікодныя пажаданні ўмацоўваю благаслаўленнем у імя Айца, † і Сына, і Святога Духа. Амэн.
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
Паважаныя парафіяне і жыхары г. Капыля, дарагія браты і сёстры, усе, хто верыць у Хрыста Уваскрэслага!

Сведкі пасхальнай радасці Касцёла! Жадаю ўсім вам святла Уваскрэслага Пана. Хрыстус Уваскрэс! Сапраўды ўваскрэс! Алелюя! Няхай жыццё ў еднасці з Тым, хто можа перамяніць слабасць у перамогу, прыніжанасць у хвалу і смерць у жыццё, будзе крыніцаю ўзрастання ў веры і святасці. Няхай радасць і спакой — гэтыя дары Уваскрэслага — дададуць сілы і будуць крыніцаю сведчання аб жыцці ў веры. Няхай Марыя, якая была пад крыжам разам са сваім Сынам, а цяпер знаходзіцца з Ім у нябеснай хвале, будзе нашай правадніцай на шляху веры і даверу да Добрага Пана. Няхай на гэты час велікодных свят Бог адорыць нас спакоем, радасцю і міласэрнасцю.
Ксёндз Андрэй КАЛЯДКА,
пробашч парафіі святых Пятра і Паўла
Комментарии