З кожным годам у нашым раёне надаецца ўсё большая ўвага сяўбе шматгадовых траў і перазалужэнню лугоў і пашаў.
[caption id="attachment_75964" align="aligncenter" width="580"]

▪ Галоўны аграном Віталь Купрыянчык (справа) з механізатарам Аляксандрам Буйкевічам аглядаюць новую сеялку перад выхадам у поле[/caption]
Па-першае, як адзначае першы намеснік начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Наталля Ведзень, шматгадовыя травы — каштоўная крыніца бялку. Без яго немагчыма забяспечыць дойны статак паўнацэнным кормам. Па-другое, яны з’яўляюцца добрымі папярэднікамі для іншых культур. Найбольш каштоўныя бабовыя шматгадовыя травы (канюшына, люцэрна). Каштоўнасць іх заключаецца ў тым, што гэтыя культуры назапашваюць азот, які забяспечвае нармальнае азотнае харчаванне наступных культур па меры раскладання арганічных рэшткаў, не вымываецца з глебы; таксама яны пакідаюць у глебе і ў падворыўных пластах вялікую колькасць арганічнага рэчыва, спрыяюць павышэнню ўтрымання перагною. Канюшына аднагадовага карыстання можа пакідаць у глебе да 50-60 ц/га раслінных рэшткаў у выглядзе сухога рэчыва. Акрамя таго шматгадовыя травы чысцяць палеткі ад пустазелля, шкоднікаў і хвароб.
«У гэтым годзе ў раёне трэба пасеяць 3290 га траў на раллі і 4840 га перазалужыць, — расказала Наталля Ведзень. — Праведзеная нядаўна інвентарызацыя лугавых угоддзяў і шматгадовых траў паказала, што ідзе тэндэнцыя да павелічэння плошчаў шматгадовых траў на раллі і змяншэння ўгоддзяў, якія выкарыстоўваюцца пяць і больш гадоў. У мінулым годзе падсеяна і перазалужана 7000 га, на гэты год запланавана больш чым на 8000 га».
Па разліках спецыялістаў, для таго, каб жывёла атрымлівала неабходную колькасць бялку, трэба, каб прыходзілася 0,4 га люцэрны на адну карову. У 2020 годзе пры такіх тэмпах раён павінен выйсці на гэты паказчык. Ён ужо дасягнуты ў ААТ «Семежава», «Старыца-Агра», ЗАТ «Жыліхава».
Аграрыі раёна ўшчыльную падышлі да адводу і закладкі ўласных насеннікаў. Калі ў 2016 годзе было атрымана толькі 76 т насення шматгадовых траў, у 2017 — 106, 2018 — 154, то ў 2019 маецца 188 т. Такім чынам, ёсць чым сеяць і перазалужаць.
Вельмі важнай лічаць справу сяўбы шматгадовых траў у сельгасфіліяле «Руднае». Тут нядаўна для гэтых мэт набыта спецыяльная сеялка СПУ-6 з анкернымі сашнікамі. Як расказаў галоўны аграном сельгаспрадпрыемства Віталь Купрыянчык, агрэгат за адзін праход выконвае дзве тэхналагічныя аперацыі: падсеў траў і баранаванне яравых культур.
Даверылі новы агрэгат механізатару са стажам амаль у чвэрць стагоддзя Аляксандру Буйкевічу. Аляксандр Леанідавіч на сваім МТЗ-1221 за дзень апрацоўвае каля 30-40 га.
Праз некалькі дзён у гаспадарцы пачнуць сеяць люцэрну, запланавана звыш 100 га.
Сяргей КОЗЕЛ
Комментарии