
Перыяд Вялікага посту працягваецца да Вялікага чацвярга. Цэлебрацыяй святой Імшы Вячэры Пана распачынаецца Святы Пасхальны Трыдуум. У Вялікую суботу вернікі знаходзяцца каля Найсвяцейшага Сакрамэнту, разважаючы пра муку і смерць Збаўцы, а асабліва пра Яго сыход у адхлань. У шчырым посце, які рэкамендаваны, і гарачай малітве вернікі чакаюць Уваскрэсення Збаўцы. Камунія ў гэты дзень удзяляецца толькі ў форме віятыку — г. зн. асобам, якія знаходзяцца ў небяспецы смерці. У парафіях праходзіць благаслаўленне страў на велікодны стол. У гэты дзень Святая Імша не цэлебруецца ажно да вечара — Пасхальнай Вігіліі, якая з’яўляецца цэнтрам Святога Пасхальнага Трыдуума. На гэтую ўрачыстую Святую Імшу трэба ўзяць з сабой свечкі, якія запальваюцца падчас аднаўлення абяцанняў хросту. У ноч паводле традыцыі адбываецца чуванне на ўшанаванне Пана. Пасхальная Вігілія з’яўляецца цэнтрам Святога Пасхальнага Трыдуума. Вельмі развіты і багаты змест літургіі Пасхальнай Вігіліі ўключае ў сябе ўсю гісторыю збаўлення. Пачынаецца яна з літургіі святла, падчас якой адбываецца благаслаўленне агню і пасхала — вялікай свечкі, што з’яўляецца сімвалам Хрыста і важным элементам літургіі. Затым спяваецца старадаўні грыгарыянскі спеў «Exsultet», у якім абвяшчаецца радасная вестка пра ўваскрэсенне Пана, пасля чаго ў літургіі слова Касцёл разважае пра цуды, ад стварэння свету ўчыненыя Богам дзеля збаўлення чалавецтва. Трэцяя частка Пасхальнай Вігіліі — гэта літургія хросту, падчас якой асвячаецца вада і адбываецца хрост тых, хто рыхтаваўся прыняць гэты сакрамэнт, а ўсе астатнія вернікі аднаўляюць абяцанні хросту… Велікодная нядзеля з’яўляецца трэцім днём Пасхальнага Трыдуума. У большасці парафій у Беларусі ў гэты дзень раніцай цэлебруецца святая Імша, якой папярэднічае эўхарыстычная працэсія з пасхалам і фігурай уваскрослага Езуса. Гэта працэсія можа адбывацца адразу пасля Пасхальнай Вігіліі. Працэсія з’яўляецца ўрачыстым абвяшчэннем уваскрэсення Хрыста. Ксёндз Андрэй КАЛЯДКА, настаяцель парафіі св. Пятра і Паўла ў Капылі
Комментарии