На Капыльшчыне праходзіць акцыя «Пасадзі сваё дрэва», падчас якой пасаджана 6500 дрэў і 900 кустарнікаў. У рамках яе правядзення адбыўся суботнік, у якім прыняло ўдзел шмат жыхароў раёна.
Вясной абуджаецца і абнаўляецца прырода. Таму правядзенне названай акцыі вельмі сімвалічнае: кожны з нас мае магчымасць унесці пасільны ўклад і зрабіць сваю малую радзіму прыгажэйшай. І здзейсніць гэта не на словах (так лягчэй за ўсё), а сваімі ўласнымі рукамі.

Зараз, калі пачалася традыцыйная кампанія па добраўпарадкаванні, многія з карыстальнікаў інтэрнэт-павуціння зноў распачалі гвалт: дрэвы ўсюды высеклі, вакол — амаль пустыня. На першы погляд, гэтыя грамадзяне маюць рацыю, але… Але гэта толькі на першы погляд. Скажыце, паважаныя, калі ў вас псуецца адзенне ці мэбля або выходзіць са строю тэхніка, што вы робіце? Па-першае, рамантуеце, аднак, калі не дапамагае майстар, прыходзіцца мяняць на новую. На жаль, дрэвы таксама «выходзяць са строю», яны, як і людзі, маюць свой узрост. Мы прывыклі бачыць старыя ліпы, таполі, бярозы, якія доўгі час раслі на вуліцах і не толькі. Як бы ні было цяжка развітвацца з імі, трэба ра-зумець: іх час адышоў, прыйшла пара абнавіць нашу малую радзіму. І вельмі прыемна, калі за гэту справу бяромся разам, талакой, па старадаўняй беларускай традыцыі.
Дзіяна ТКАЧЭНКА
Комментарии