Значнай падзеяй для выхаванцаў і выкладчыкаў Капыльскай і Цімкавіцкай школ мастацтваў стала правядзенне ІІІ раённага конкурсу баяністаў і акардэаністаў “Капыльскія пераборы”, які адбыўся 14 красавіка.
Яго мэта — выяўленне лепшых і таленавітых выканаўцаў (у кожным класе), развіццё іх творчых здольнасцей і павышэнне ўзроўню выканальніцкага майстэрства, удасканаленне педагагічнага ўзроўню выкладчыкаў, папулярызацыя ігры на баяне і акардэоне.
Урачыстым адкрыццём конкурсу стала выступленне навучэнцаў групы прафарыентацыі Капыльскай ДШМ, дыпламантаў адкрытага Рэспубліканскага конкурсу выканаўцаў на народных інструментах імя І. Жыновіча Івана Усовіча (3 клас, баян, філіял Семежава) і Марыны Мяцельскай (6 клас, акардэон).
У творчым спаборніцтве прымалі ўдзел не толькі хлопчыкі і дзяўчынкі з Капыльскай і Цімкавіцкай школ мастацтваў, але і выхаванцы іх філіялаў з Семежава, Слабада-Кучынкі, Старыцы. Усе навучэнцы выступілі паспяхова, чаму садзейнічала карпатлівая, напружаная работа іх педагогаў М. П. Сільвановіч, У. Б. Чаркаса, Н. С. Каленчыц, А. В. Карповіча.
Самымі цікавымі і запамінальнымі былі выступленні Хрысціны Кавалеўскай (1 клас Капыльскай ДШМ), Аляксея Хартановіча (2 клас Капыльскай ДШМ), Алёны Каруннай (2 клас Цімкавіцкай ДШМ), Надзеі Няхайчык (2 клас Цімкавіцкай ДШМ), Уладзіслава Гурло (3 клас Капыльскай ДШМ), Максіма Казака (4 клас Капыльскай ДШМ), Максіма Кавалені (5 клас Капыльскай ДШМ), Яўгена Дарашэвіча (5 клас Цімкавіцкай ДШМ), якія атрымалі дыпломы І, ІІ і ІІІ ступеней. Граматай, як самы юны ўдзельнік, быў адзначаны вучань 1 класа Капыльскай ДШМ Андрэй Пыліла.
Хочацца пажадаць усім удзельнікам конкурсу далейшых творчых поспехаў і прызавых месц.
Наталля КАЛЕНЧЫЦ,
загадчыца аддзялення народных інструментаў Капыльскай ДШМ
Комментарии