Сёлетняя пасяўная для дырэктара ААТ «Семежава» Сяргея Цыганкова, які нядаўна прызначаны на пасаду, першая ў ролі кіраўніка сельгаспрадпрыемства. Але хвалявацца не даводзіцца, бо праходзіць яна традыцыйна, па-семежаўску.

— Мы арганізавана, у аптымальныя тэрміны правялі сяўбу збожжавых і зернебабовых, — расказвае Сяргей Цыганкоў. — Праводзім падкормку азімых збожжавых і рапсу, падсеў шматгадовых траў, вывозім арганіку, перазалужваем сенажаці на балотах, заворваем пустуючыя ўчасткі. Вось такі спектр работ.
Але самае галоўнае на дадзены момант у гаспадарцы — сяўба цукровых буракоў, так званы «салодкі сезон». Старт яму быў дадзены падчас раённага семінара, які прайшоў на базе «Семежава».
[caption id="attachment_75754" align="aligncenter" width="580"]

■ На сяўбе цукровых буракоў (справа налева) дырэктар Сяргей Цыганкоў, яго намеснік Юрый Зяньковіч, механізатары Юрый Кандратовіч і Павел Панцялейка[/caption]
— Як і ўсе веснавыя палявыя работы сёлета, сяўбу цукровых буракоў пачалі раней, — дзеліцца намеснік дырэктара сельгаспрадпрыемства Юрый Зяньковіч. — На жаль, вільгаць сыходзіць з палеткаў, таму трэба не ўпусціць гэты момант і своечасова пасеяць. У нас цукровыя буракі зоймуць 600 га. Добрай падтрымкай з’яўляецца тое, што ўвосень на ўсіх палях правялі глебапаглыбленне, якое дазволіла крыху ўтрымаць вільгаць. Таксама працавалі з унясеннем калійных угнаенняў, каб павялічыць вільгацяёмістасць глебы. Таму расліны менш будуць пакутаваць ад недахопу вады. Таксама практыкавалі павелічэнне адлегласці высеву, каб паменшыць колькасць раслін на гектар, каб ізноў жа яны не так падвяргаліся недахопу вільгаці. Бу-дзем падтрымліваць іх і мікраэлементамі, якія дапамогуць лепш пераносіць стрэсавыя сітуацыі. Як бы там ні было, але ўраджай у многім залежыць і ад умоў надвор’я.
Падрыхтоўку глебы пад сяўбу яравых у гаспадарцы вядуць механізатары са стажам Уладзімір Карсюк і Аляксей Клімовіч. А вось сяўбой і вырошчваннем гэтай культуры на працягу дзесяці сезонаў у асноўным займаецца Юрый Кандратовіч, крыху менш — Павел Панцялейка. Вопытныя механізатары да любой справы адносяцца з адказнасцю, добра ведаюць усе тонкасці работы на зямлі.
[caption id="attachment_75753" align="aligncenter" width="580"]

■ Падчас абеду механізатары Аляксей Клімовіч і Уладзімір Карсюк[/caption]
Што датычыцца арганізацыі працоўнага дня, то ў гэты напружаны і адказны час ён пачынаецца ў сем раніцы. Адпачынак — падчас абедзеннага перапынку. А іх на працягу дня два. Для больш хуткай дастаўкі абедаў прыстасаваны дзве спецыяльныя аўтамашыны. Ежу можна прыняць як на свежым паветры, так і ў салоне аўто, дзе абсталяваны столік з крэсламі.
— Абеды мы гатуем ва ўласнай сталоўцы ў Чырвонай Дубраве, — расказвае раздатчыца Галіна Стаднічук. — Стараемся, каб меню было разнастайным і каларыйным.
— Прыгатавана заўсёды смачна, са свежых прадуктаў, — падтрымлівае механізатар Уладзімір Карсюк. — Абеды добрыя, калі так два разы пад’ясі, то і працаваць можна да позняга вечара. Вельмі смачныя першыя стравы, заўсёды ў меню прысутнічае нешта мясное, чай, кампот з булачкамі і многае іншае. Нават гарчыцу ў поле дастаўляюць.
Акрамя таго штодзень падводзяцца вынікі зробленага, а вось канчатковае ўшанаванне занятых на вясенняй пасяўной адбудзецца пасля заканчэння вясенніх палявых работ.
Сяргей КОЗЕЛ
Комментарии