Набліжаецца 75-я гадавіна вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Але з кожным юбілеем усё менш і менш застаецца жывых удзельнікаў і сведкаў падзей апошняй вайны. Як жывуць сёння тыя, хто прынёс нам мір і шчаслівае дзяцінства?
[caption id="attachment_75723" align="aligncenter" width="580"]

■ Вячаслаў Гапонаў (справа) падчас службы на Далёкім Усходзе (Кітай, г. Порт-Артур)[/caption]
У вёсцы Астрэйкі жыве былы разведчык партызанскага атрада імя М.І. Кутузава 2-й Мінскай брыгады Вячаслаў Пятровіч Гапонаў. Нягледзечы на сталы ўзрост (у лютым споўнілася 92 гады), ветэран Вялікай Айчыннай вайны і вайны з Японіяй прымае ўдзел у грамадскім жыцці краіны: выступае на выхаваўчых мерапрыемствах у Слабадакучынскай СШ і бібліятэцы-клубе, адкрыцці помнікаў, удзельнічае ў Вахтах памяці, Уроках мужнасці і міру. У мінулым годзе разам з моладдзю двух раёнаў праехаў па месцах баявой славы Капыльшчыны.
Жыццёвы шлях пачаўся ў вёсцы Старынкі Пухавіцкага раёна. Сям’ю Пятра Гапонава (жонку Лізавету, сына Вячаслава і дачку Ганну) як ворагаў народа выслалі ў Сібір. Там зноў асудзілі бацьку, прызналі «польскім і японскім шпіёнам». Маці напісала ліст самому Калініну. Атрымала дазвол ехаць з дзецьмі на радзіму. Перад самай вайной вярнуліся. Вячаслаў паспеў скончыць сямігодку.
У барацьбу з ворагам 14-гадовы Вячаслаў уступіў 29 чэрвеня 1941 года. У гэты дзень па шашы Валяр’яны – Пухавічы рухаліся акупанты. Разам з калгасным шафёрам Рыгорам Меркелем збіралі зброю па лясах і па абочынах дарог. Там знайшлі мінамёт і скрынкі, напоўненыя мінамі. Зрабілі некалькі стрэлаў па нямецкай калоне. І на ўцёкі. Па іх адкрылі стральбу.
[caption id="attachment_75724" align="aligncenter" width="400"]

■ Вячаслаў Гапонаў з членам клуба «Патрыёты Радзімы» Вольгай Францкевіч[/caption]
Усяго патрыёт сабраў і перадаў партызанам 24 вінтоўкі, два станковыя кулямёты Максіма, шмат патронаў, мін, гранат. Сабе пакінуў рэвальвер сістэмы Нагана (насіў з сабой у разведку) і самазарадную вінтоўку СВТ. Спачатку сувязны, а затым разведчык Гапонаў неаднаразова прабіраўся ў нямецка-паліцэйскія гарнізоны, дзе збіраў каштоўную інфармацыю, удзельнічаў у многіх баях. Камандзір атрада давяраў яму. Хадзіў з данясеннямі ў Рудзенскі, Старадарожскі раёны. Не аднойчы рызыкаваў жыццём. Прабраўся ў Шацкае гета і паведаміў вязням аб даце іх знішчэння. Выратаваліся некалькі сем’яў.
Вясной 1943 года начаваў у родных Старынках разам з сябрамі Рыгорам Пайграй і Фёдарам Дуброўскім. Прысніўся сон, што фашыст ідзе на яго з віламі. Прачнуўся — і на вуліцу, а там карнікі акружаюць вёску. Партызаны пераскочылі праз плот, агародамі дабеглі да ракі. Па крохкім лё-дзе і пад стральбой пераправіліся на другі бераг. Варожая куля прабіла шапку, злёгку зачапіўшы галаву.
Партызанскую брыгаду перадыслацыравалі ў Заходнюю Беларусь. Маладога партызана пакінулі за каменданта лагера на Лявонаўскім востраве (сухое месца сярод балот), які быў створаны для мірных жыхароў вёсак Старынкі, Кабылічы, Кавалевічы. Камандаванне брыгады даручыла не толькі ахоўваць старых, жанчын, дзяцей, параненых, а і весці разведку ў аколіцах пасёлка Шацк, дзе знаходзіўся варожы гарнізон. Задача наступная: кантраляваць выхад карнікаў у партызанскую зону. Калі такое здаралася, разведчык Гапонаў прыбягаў у лагер, браў у рукі сваю самазарадку і рабіў запар тры выстралы ў паветра. Людзі ведалі, што гэта трывога — неабходна ўцякаць углыб балота!
Ужо вызвалены Мінск, але жыхары не спяшалі вяртацца дамоў, паколькі ў лясах яшчэ хаваліся недабітыя паліцэйскія і з акружэння выходзілі асобныя групы гітлераўцаў з «Мінскага катла». Увечары 6 ліпеня 1944 года юны партызан прыйшоў у родную вёску Старынкі. Уладкаваўся на начлег у калгасную канюшню, дзе кожны захоўваў сена для жывёлы.
— Хоць за ўсю вайну высплюся, — думаў Вячаслаў.
Не атрымалася. Толькі ўклаўся — будзіць сябар Стась:
— Немцы ў вёсцы!
У вінтоўцы засталося два патроны. Перазарадзіў абойму да дзесяці.
На захад па шашы ішлі чатыры аўтаматчыкі. Сярод іх у фуражцы вылучаўся афіцэр. Сябры кінуліся наперарэз. Тыя набліжаліся да ўзлеску. Хлопцы выскачылі на пагорак, дзе засталіся акопы яшчэ з 1941 года. У адзін голас яны крыкнулі:
— Хальт!
Немцы заляглі ў канаву. Вячаслаў націскае на спускавы кручок вінтоўкі — асечка. Другі, трэці, чацвёрты раз — зноў асечка. Патроны былі адсырэлымі. Толькі на дзявятым і дзясятым націсканні прагучалі выстралы. А ворагаў і след прастыў.
— Няхай ідуць і раскажуць сваім, хто іх прагнаў з Беларусі, — сказаў стралок.
Сёння праз столькі гадоў ветэран дзвюх войнаў з хваляваннем успамінае той выпадак.
— Чаму не стралялі ў адказ? Маглі ж скасіць аўтаматнай чаргой?! Чаму не забілі мяне, як забівалі фашысты мірных жыхароў у Шацку? Яны здагадаліся, што перад імі юнакі, — разважае Вячаслаў Пятровіч. — Мабыць, і сярод іх людзі заставаліся.
Пасля вызвалення Беларусі трапіў на Далёкі Усход. Старшына разведроты марской пяхоты Гапонаў удзельнічаў у разгроме Квантунскай арміі, вызваляў гарады Харбін і Порт-Артур. Служыў на флоце.
Праз шэсць гадоў пасля вайны вярнуўся ў Мінск. Уладкаваўся вадзіцелем, служыў у Беларускай ваеннай акрузе. Затым Украіна, дзе атрымаў вышэйшую адукацыю. Працаваў інжынерам у аўтапарку, старшынёй калгаса. З распадам СССР пераехаў у Беларусь.
Вячаслаў Пятровіч для нас застаецца прыкладам чалавека-грамадзяніна і патрыёта, з невычэрпнай вернасцю абавязку і традыцыям беларускага народа, непахіснай волі да перамогі, адвагі і мужнасці. Баявы шлях ветэрана адзначаны ордэнам і медалямі. Наконт узнагарод ён адказвае:
— Я змагаўся за Радзіму!
Барыс ДЗЕНІСЮК,
член ГА «Беларускі саюз журналістаў»
Комментарии