Успомніць пра жыццё і дзейнасць нашага славутага дзеяча нам дапаможа вандроўка ў мінулае — перагорнутыя пажоўклыя старонкі газеты «Слава працы».

На календары 6 красавіка 1974 года… Адкрываючы «Літаратурную старонку», чытаем віншаванне рэдкалегіі:
«Нашаму земляку, вядомаму беларускаму пісьменніку Міколу Хведаровічу 6 красавіка спаўняецца 70 гадоў. Ён — даўні і шчыры сябра нашай газеты. Нарысы, успаміны, вершы славутага земляка, які часта друкуецца на старонках «Слава працы», выклікаюць у чытачоў вялікую цікавасць, дапамагаюць лепш пазнаць гісторыю роднага краю, надаюць добры, аптымістычны настрой і працоўнае натхненне.
Сёння — у дзень сямідзесяцігоддзя юбілею паэта — калектыў рэдакцыі і шматлікія чытачы газеты перадаюць Мікалаю Фёдаравічу шчырае віншаванне, жадаюць яму моцнага здароўя, вялікага шчасця і творчых поспехаў на літаратурнай ніве ў імя нашай вялікай Бацькаўшчыны».
З артыкула Паўлюка ПРАНУЗЫ «Улюбёнасць у жыццё» даведваемся пра дзяцінства паэта:
«З сумам успамінае Мікола Фёдаравіч сваё маленства, якое прайшло ў мястэчку Капыль: бацькі знясільваліся ў працы, каб пракарміць сям’ю. Беднасць, нястача былі спадарожнікамі жыцця будучага паэта. Імперыялістычная вайна выгнала многіх жыхароў мястэчка ў бежанцы. У іх ліку быў і Мікола Фёдаравіч. Ад Слуцка да Калугі дабіраўся больш за тыдзень. Некаторы час ён выхоўваўся ў прытулку дзяцей-бежанцаў у Калузе. Вялікі Кастрычнік вярнуў яго на радзіму.
Новае жыццё прынесла будучаму паэту вялікую радасць: ён уступае ў рады камсамола. Час быў трывожны, неспакойны. У 1921 годзе Мікола Фёдаравіч трапляе ў Слуцк разам з актывам камсамольскай ячэйкі і залічваецца ў часць асобага прызначэння. Невялікая ваенная падрыхтоўка — і нядаўнія сыны сялян у страі, удзельнічаюць у барацьбе з бандытамі Булак-Балаховіча».

А вось як узгадвае творчую дзейнасць Алесь МАРЦІНОВІЧ у публікацыі «Усміхнецца яму маладосць»:
«Першыя вершы з’явіліся ў друку ў 1926 годзе, калі юнаку споўнілася толькі 22 гады. У 1924 годзе Слуцкі акруговы камітэт камсамола накіраваў М. Чарнушэвіча на курсы вайсковых палітработнікаў, пасля заканчэння якіх ён працаваў камісарам ваенкамата. А восенню 1925 года юнак з Капыльшчыны прыехаў у Мінск вучыцца на рабфаку. Тады ж у часопісе «Малады араты» і быў змешчаны яго верш «Ураджайнае».
…Літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне БДУ, работа ў часопісе «Чырвоная Беларусь» — гэта новыя прыступкі ў паэтычнай біяграфіі паэта. Сваімі вершамі яму было аб чым расказаць чытачу, падзяліцца сваімі думкамі і настроямі. І не дзіўна, што першы зборнік так і называўся — «Настроі» (1929 г.). Гэта вершы аб беларускай прыродзе, радасці, маладосці, захапленні новым, што нараджалася ў жыцці. Пішучы аб родным краі, паэт усклікае:
Ну, не пазнаць. Жыццё бяжыць
Зусім інакшай каляінай.
І людзі сталі шчасна жыць
Сям’ёю дружнаю, адзінай.
Першы зборнік упэўніў Міколу Хведаровіча ў правільна выбраным шляху. У наступныя гады выдаюцца новыя кніжкі паэзіі: «Баявыя песні», «Рытмы» і «Тэмпы-кантрасты» (1930), «Вайна за мір» (1932), «Усім сэрцам» (1937) і інш.
Добра вядомы наш зямляк і як выдатны перакладчык. Шмат сіл і энергіі ён аддаў для таго, каб па-беларуску загаварылі Пушкін, Багрыцкі, Руставелі. Мікола Хведаровіч — паэт з багатай біяграфіяй. Яму давялося жыць і працаваць сумесна з класікамі беларускай літаратуры Якубам Коласам і Янкам Купалам, пісьменнікамі Міхасём Чаротам, Цішкам Гартным, Алесем Гурло і інш. Аб сустрэчах з імі, іх жыцці і працы ўспамінае ў кнізе «Памятныя сустрэчы», якая вытрымала не адно выданне. Шмат карыснага яна дала настаўнікам — выкладчыкам роднай літаратуры.
Аб сустрэчы з беларускім пісьменнікам з чытачамі «СП» у нататку «Наш сябра і дарадчык» 6 красавіка 1974 года падзялілася і колішняя загадчыца чытальнай залы Капыльскай раённай бібліятэкі В. МАЦУЛЬ:
«Вядомы беларускі паэт Мікола Хведаровіч з’яўляецца частым і жаданым госцем нашай бібліятэкі. Бываючы ў Капылі, ён не прамінае выпадку, каб зайсці сюды, цікавіцца, як папаўняюцца кніжныя фонды, заўсёды дасць каштоўную параду па прапагандзе беларускай літаратуры».
Мы адзначаем
Не засталіся ўбаку ад святкавання адметнай даты ўстановы культуры Капыльшчыны. Яшчэ ў пачатку красавіка ў раённай цэнтральнай бібліятэцы імя А. Астрэйкі ў краязнаўчым кутку арганізавана палічка, прысвечаная 115-годдзю знакамітага земляка Міколы ХВЕДАРОВІЧА. У Сл.-Кучынскай бібліятэцы-клубе пройдзе краязнаўчая гадзіна «Паэт, празаік, перакладчык з Капыля». А супрацоўнікі Бучацінскай сельскай бібліятэкі арганізавалі кніжную паліцу «Залатая паліца юбіляра».
Старонкі «СП» гартала Таццяна БОХАН
Комментарии