Нарадзілася яна 17 мая 1957 года ў в. Навасёлкі Пацейкаўскага сельсавета ў звычайнай вясковай сям’і. Бацькі пераехалі жыць у в. Душава. Бацька Іван Адамавіч Галаўня працаваў усё жыццё ў мясцовым калгасе фуражырам, брыгадзірам паляводчай брыгады. Мама Яніна Іосіфаўна – загадчыцай швейнай майстэрні. Пасля заканчэння Пацейкаўскай сярэдняй школы ў 1974 годзе Леаніда паступае ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт на юрыдычны факультэт. Закончыўшы БДУ, працавала старшым і галоўным юрысконсультам ва ўпраўленні сельскай гаспадаркі і харчавання Капыльскага, затым Дзяржынскага райвыканкамаў, прававым інспектарам Мінскага абкама прафсаюзаў работнікаў сельскай гаспадаркі па Дзяржынскім раёне. У 1992 годзе ёй прапанавалі перайсці працаваць натарыусам. Падвойская прыняла гэтую прапанову і хутка дасягнула вялікіх поспехаў на новай пасадзе: яе абралі старшынёй савета натарыусаў Мінскай вобласці. А калі ўзнікла пытанне аб пераездзе ў Мінск, Міністэрства юстыцыі працаўладкавала на пасаду загадчыцы філіяла №1 першай дзяржаўнай гарадской натарыяльнай канторай, у якой яна працуе і цяпер. Асабісты ўклад Леаніды Іванаўны ў справы філіяла адзначыла Міністэрства юстыцыі. Нядаўна ёй уручылі знак “За адзнаку” І ступені. Па юрыдычнай сцяжынцы пайшлі і дзеці – сын Аляксей і дачка Таццяна.
Свой першы творчы вопыт Леаніда Іванаўна набыла на прафесійнай ніве: у калектыве сааўтараў прыняла ўдзел у падрыхтоўцы дапаможніка для работнікаў сельвыканкамаў па ўдасканальванні імі натарыяльных дзеянняў. А далей ужо вопыт быў выключна літаратурным.
Дэбютны раман Л. Падвойскай “Максим” цыкла “Предтечи зверя” – удала дазіраваны кактэйль фантастыкі, фэнтазі, дэтэктыва, баявіка і містыкі. А яшчэ – гэта светлая, добрая казка. Чытачу, як і галоўнаму герою, сумаваць не прыйдзецца.
Галоўны герой рамана Максім – учарашні школьнік, у якога нечакана праявіліся неверагодныя здольнасці… Герою рамана ўдавалася камандаваць кветкамі, а таксама вылечваць калек, смяротна хворых людзей.
Аб гэтым і многім іншым можна даведацца, прачытаўшы кнігу “Максим”, якая выйшла ў свет у 2010 годзе. Пасля прачытання апошняй старонкі ў душы застаецца штосьці цёплае, з дзяцінства, калі вера ў чыстае, добрае, светлае не ўспрымаецца як атрыбут з казкі.
А чаму цыкл раманаў з такой інтрыгуючай назвай “Предтечи зверя”, вы, паважаныя чытачы, зможаце даведацца ў наступных кнігах, над якімі працуе аўтар у цяперашні час.
Уладзіслава ЕРМАЛІНСКАЯ,
бібліятэкар Навасёлкаўскай сельскай бібліятэкі
Комментарии