Сапраўдны падарунак зрабілі аддзел фізічнай культуры, спорту і турызму, адміністрацыя фізкультурна-аздараўленчага комплексу для капыльскіх малышоў і іх бацькоў, якія любяць пабалаваць маленькіх гарэзаў чымсьці цікавым і незвычайным.
Каб з карысцю для здароўя і весела правесці вольны час, завітайце на ФАК і вазьміце на пракат… электрамабіль ці матацыкл. Раней гэтай паслугай можна было скарыстацца толькі ў сталічных парках адпачынку ці буйных гарадах. А цяпер ехаць нікуды не трэба – усё побач.
Для больш дарослых аматараў карыснага баўлення часу таксама знойдзецца занятак: да вашых паслуг – ролікавыя канькі, веласіпеды, турыстычны інвентар. Асаблівай папулярнасцю карыстаюцца ўжо правераныя капылянамі катамаран, лодкі і многае іншае. Усё - для якаснага абслугоўвання сваіх кліентаў.
Часта прыходзіцца чуць: ну куды ў Капылі можна выйсці, дзе адпачыць? Прыходзьце на фізкультурна-аздараўленчы комплекс, знайдзіце вольную хвіліну!
Сяргей ЛАЗОЎСКІ
Фота аўтара
Комментарии