Нарэшце ўсталявалася цёплае надвор’е, і гэта дазволіла вывесці жывёлу ў поле. Пачыналі, як звычайна, з азімага жыта, затым перайшлі на пашу. З нецярплівасцю чакалі такую магчымасць жывёлаводы РСУП “Бабоўня”, дзе летась была створана не самая лепшая кармавая база, а таму апошнія два з паловай месяцы даводзілася набываць кармы ў іншых гаспадарках і карміць жывёлу, так бы мовіць, з калёс.

Затое цяпер каровам раскоша: сакавітая зялёная трава, ласкавае сонейка, заўсёды свежая сцюдзёная вада. Не дзіва, што адразу пачаўся рост малака. Як расказаў галоўны заатэхнік гаспадаркі Ігар Шалік, з пачатку месяца гаспадарка дабавіла больш за дзве тоны сырадою, сярэдні надой ад адной каровы складае амаль 12 кг, а на МТФ “Бабоўня” дояць і па 18 кілаграмаў. Узначальвае падраздзяленне вопытны спецыяліст Ганна Кручок, менавіта з яе прыходам ферма з сераднякоў выбілася ў лідары і па выніках першага квартала бягучага года займае дзявяты радок у раённай турнірнай табліцы. “Тут працуюць вельмі адказныя людзі, — працягвае Ігар Эдуардавіч, — як даяркі, так і пастухі-даглядчыкі. У ліку лепшых аператараў машыннага даення Наталля Калевіч, якая мінулы год скончыла з паказчыкам 6549 кг ад кожнай каровы сваёй групы”.
На МТФ “Бабоўня” ўтрымліваецца 820 галоў дойнага статка, і спраўляюцца з жывёлай тры пастухі (звычайна два працуюць, а трэці мае выхадны). Адзін з іх, Аляксандр Шахоўскі, ахвотна расказаў, як ідуць справы: “Галоўнае, што праблем не ўзнікае. Прымяняем франтальную пасьбу: кожны дзень загадчыца фермы вызначае ўчастак, на якім каровы павінны пасвіцца, абгароджваем яго электрапастухом”. Жывёла скубе траву ахвотна, вядома ж, засумавала за доўгую зіму па свежым паветры і сакавітай ежы. Не палохае нават тое, што да пашы крыху больш за кіламетр. Кожная з кароў ужо вызначыла для сябе сцяжынку і прытрымліваецца пракладзенага маршруту.
Перад жывёлаводамі РСУП “Бабоўня” стаіць задача даіць па 6000 кілаграмаў малака ў сярэднім па гаспадарцы. Аднак, гэта справа яшчэ не бягучага года, адзначае галоўны заатэхнік: “Мы пачнём з таго, што бу- дзем праводзіць рэканструкцыю жывёлагадоўчых памяшканняў, а менавіта для ўтрымання маладняку. І распачалі з МТФ “Засцеб’е”. Там плануецца арганізаваць ферму па раздойванні першацёлак. Гэта стане гарантыяй, што ўсё будзе выконвацца згодна з тэхналогіяй, з’явіцца магчымасць дакладна вывучыць фізіялагічны стан і магчымасці кожнай першацёлкі з тым, каб потым мэтанакіравана папаўняць дойныя статкі”.
Не менш важным з’яўляецца і назапашванне добрай кармавой базы, каб не паўтарылася сёлетняя сітуацыя. І тут многае залежыць ад работы сумежнай галіны — раслінаводства. Наводзіцца парадак на фермах, заворваюцца і засяваюцца аднагадовымі культурамі прыфермскія тэрыторыі, закладваюцца шматкампанентныя пашы. Дарэчы, апошняе мы маглі назіраць падчас наведвання гаспадаркі непадалёку ад Бабоўні. У планах жывёлаводаў, расказаў Ігар Эдуардавіч, вывесці на пашу і ўвесь маладняк, але як толькі пачнецца корманарыхтоўка, група цялушак вагой не менш за 340-360 кг будзе адабрана для штучнага асемянення і вернецца ў цялятнік.
“Словам, усё ў нас павінна атрымацца”, — настроены аптымістычна галоўны спецыяліст.
Маргарыта САКОВІЧ
НА ЗДЫМКУ: (злева направа) І. Шалік і А. Шахоўскі.
Фота аўтара
Комментарии