Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

36

І розум, і талент, і прыгажосць — усё разам змясцілася ў гэтым цудоўным чалавеку

23.05.2011
24 мая спаўняецца 100 гадоў з дня нараджэння слаўнай дачкі Капыльшчыны, грамадскага і культурнага дзеяча рэспублікі - заслужанай настаўніцы школ БССР Зінаіды Іосіфаўны РАМАНЕНКІ Здаецца, яшчэ нядаўна я сустракаўся з ёю ў яе доме ў Цімкавічах па вуліцы Нясвіж- скай. Зінаіда Іосіфаўна Раманенка шмат цікавага расказала пра мястэчка (давялося, зразумела, ёй адкласці вязанне ўзорыстых пакрывалаў, якія б упрыгожылі не адну выставу), пра незвычайных, адораных цімкаўлян. Паведаміла яна і пра свой радавод, які вядзецца з далёкіх глыбінь стагоддзяў. Прозвішча яе па бацьку Чараховіч. А вось дзесьці чатыры стагоддзі назад у местачковых метрыках пісаліся Цераховіч. Працалюбівыя Чараховічы-Цераховічы жылі нябедна, і на так званай грэблі-пасёлку была іх зямля да самай рэчкі Мажа. Яны ўмелі не толькі добра абрабляць зямлю, але і ткаць сурвэткі, маглі выкаваць у кузні сельскагаспадарчы рыштунак. Даследуючы генеалогію сваіх продкаў, Зінаіда Іосіфаўна добра ведала гісторыю роднага мястэчка. Хто ведаў, як склаўся б лёс нашай слыннай зямлячкі, калі б яна прысвяціла сябе не педагагічнай і сцэнічнай дзейнасці, а, напрыклад, стала маляваць карціны ці даследаваць гісторыю Беларусі і роднага краю. Напэўна, з яе атрымаўся б выдатны мастак ці вучоны-гісторык. Тым не менш, умеючы ўсё, яна свае набыткі прымяняла пры пастаноўцы спектакляў: не горш за прафесійнага мастака афармляла дэкарацыі, якія раскрывалі пастаноўку сцэнічнага твора. На фоне афармленняў вуліцы, сада, пакояў ці рэчкі цімкаўскія артысты даносілі да гледачоў рэаліі жыцця. У свой час кандыдат мастацтвазнаўства Сяргей Пятровіч, прагледзеўшы многія пастаноўкі Зінаіды Іосіфаўны, сказаў: «Для многіх цімкаўлян і капылян такія пастаноўкі, як «Паўлінка» Янкі Купалы ці «Ганка» Уладзіслава Галубка былі прыемнымі ўспамінамі маладосці». Таму невыпадкова ў многіх сваіх кнігах пра тэатральную дзейнасць у Беларусі вучоны з Капыля шмат месца на старонках выдання надае творчасці Зінаіды Іосіфаўны Раманенкі, адзначаючы, што менавіта Цімкавічы раскрылі крылы яе таленту. Тут  яна набіралася моцы, вучылася і іграла ў школьным драматычным гуртку і стала сапраўды шчаслівай, калі выконвала ролю Паўлінкі. Можа, з таго часу апантана палюбіла сцэнічную творчасць. Ды як можна было не палюбіць, калі мастацкім выхаваннем у тыя далёкія часы пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі займалі вучняў настаўнікі: Мікалай Іларыёнавіч Раманоўскі, Зінаіда Кірылаўна Грынёва, бацька будучага Героя Савецкага Саюза Наржымскі Аляксандр Іванавіч. У школьных пастаноўках тады ўдзель- нічалі яе равеснікі. Фёдар Андруковіч, будучы саліст  Ленінградскага тэатра оперы і балета, Алена Быстрова (Кахановіч) - оперная спявачка, Флор Рудзік,Насця Бабеня, Ганна Маргайлік і многія іншыя. Ад свайго любімага настаўніка Наржымскага Раманенка навучылася рабіць інсцэніроўкі празаічных твораў. Добры школьны падмурак дапамог нашай слыннай зямлячцы асвоіць амаль усе прафесіі. Яна вельмі добра валодала пяром і не горш за любога журналіста пісала нарысы, артыкулы пра знакамітых цімкаўлян, была выдатным педагогам, рэжысёрам тэатра і дырэктарам Цімкавіцкай СШ. Ужо калі ў 1926 годзе вучылася ў Слуцкім педвучылішчы (педінстытут яна скончыла пазней), штотыдзень пешшу наведвала бацькоў. Менавіта ў час такога візіту са сваім вандроўным тэатрам завітаў у Цімкавічы Уладзіслаў Галубок. Расклееныя афішы заклікалі местачкоўцаў паглядзець спектакль «Ганка». На ўсё жыццё многім запомнілася пастаноўка сталічных артыстаў. А на маладзенькую 3іну Раманенку яна зрабіла вялікае ўражанне, можа, таму праз 40 гадоў яна ажыццявіць пастаноўку незабыўнай п’есы. Яна першай у рэспубліцы вярнула яе з небыцця і ўхіліла многія недахопы. Пастаноўка атрымала высокую адзнаку як у сталічных гледачоў, так і дзеячаў беларускай культуры. Цікавыя ўспаміны цімкавіцкай асветніцы пра самадзейнасць пагранічнікаў і моладзі мясцовага калгаса «Рэвалюцыя». Асабліва славіўся пагранічны хор і быў добра вядомы ў Беларускай ваеннай акрузе. У 1936 годзе аб’яднаны хор местачкоўцаў і пагранічнікаў даваў канцэрт у Маскве, спачатку ў Крамлі, а затым на заводах і фабрыках сталіцы. Масквічам спадабаліся нашы беларускія песні. Зінаіда Іосіфаўна Раманенка з вядомай беларускай спявачкай Ларысай Александроўскай выконвала дуэтам песню «А ў полі вярба». I нашай славутай цімкаўлянцы разам са спеўнай зоркай пад гарачыя апладысменты масквічоў даводзілася па некалькі разоў спяваць паўторна. Працуючы настаўніцай Цімкавіцкай дзесяцігодкі, у вольны час удзельнічала ў школьнай самадзейнасці, а з 1939 года стала нязменным мастацкім кіраўніком калектыву. А дырэктарам сярэдняй школы стала ў 1946 го- дзе , змяніўшы Івана Міхайлавіча Вялічку. Пад яе кіраўніцтвам драматычны калектыў ажыццявіў пастаноўку больш за 60 п’ес. Сярод іх «Паўлінка» Янкі Купалы, «Ірынка» Кузьмы Чорнага і шмат іншых. Раманенка не толькі ставіла спектаклі, але і спявала ў хоры. Разам з мужам Віктарам Сяргеевічам выконвала многія ролі. У выніку намаганняў Зінаіды Іосіфаўны школе прысвоілі імя знакамітага земляка — пісьменніка Кузьмы Чорнага. Пазней пастаралася, каб у Цімкавічах пабудавалі трохпавярховую дзясяцігодку, а з дапамогай бацькоў вучняў і настаўнікаў быў узведзены музей пісьменніка. Раманенка з’яўлялася мастацкім кіраўніком раённага хору, танцавальных калектываў. У першую чаргу дзякуючы ёй мясцовая самадзейнасць стала адной з лепшых на Міншчыне. У 1948 годзе хор з Цімкавіч прымаў удзел ва Усесаюзнай дэка- дзе мастацкай самадзейнасці ў Маскве. Трыумфальна выступіў цімкавіцкі дзявочы танцавальны карагод разам з «Капыльскімі дударамі» ў 1962 годзе на фестывалі ў Мінску. Іх песня «А я ў печы не паліла» не толькі прынесла асалоду слухачам, але па прапанове журы была прынята для музычнай апрацоўкі і рэкамендавана ў рэпертуар самадзейных калектываў рэспублікі. Юныя цімкаўляне выступалі на занальным аглядзе школьнай самадзейнасці ў Слуцку. Асабліва славіўся тэатр, які ўдзельнічаў у шматлікіх фестывалях, выязджаў на гастролі за межы рэспублікі. Першаму сярод вясковых тэатраў рэспублікі яму ў 1967 годзе было прысвоена званне народнага. Зінаіда Раманенка стала мастацкім кіраўніком народнага тэатра, а дванаццаць настаўнікаў атрымалі званне артыстаў народнага тэатра. Тады, у дні раённага агляду, прысвечанага 50-годдзю Савецкай улады, выступалі цімкаўляне са спектаклем «Ганка» па п’есе Уладзіслава Галубка, дзе галоўную ролю выконвала вучаніца 10-га класа Наталля Вайткоўская. Усе вобразы сыгралі ўдала Анатоль Жук, Іван Александроў, Луіза Вайтовіч, Надзея Нікановіч, Адам і Марыя Семяновічы, Флор Рудзік, Мікола Жогла, Ніна Аніфер, дашкольніца Люда Гальмак. Для пастаноўкі браліся таксама творы і іншых беларускіх аўтараў. На радзіму Тараса Шаўчэнкі (Украіна) ездзілі са спектаклем «Назар Стадоля». Пад патранатам Раманенкі пры тэатры дзейнічала дзіцячая студыя. Сапраўдны поспех для яе прыйшоў на прэм’еры спектакля па п’есе Івана Шамякіна «Дзеці аднаго дома». Калі Іван Пятровіч прыехаў паглядзець яе, то адзначыў, што ў выкананні цімкавіцкіх дзяцей спектакль глядзіцца нават больш цікава, чым у прафесійным «Тэатры юнага гледача». Зінаіда Раманенка, ставячы спектаклі, сама перажывала кожную ролю, прадстаўляла будучыя мізансцэны, бачыла, якіх трэба выбіраць артыстаў. Яна не баялася браць на сябе адказнасць, цаніла таленты. Аднак сама не заўсёды знаходзіла падтрымку ад колішніх куратараў культуры. 3 гэтай нагоды трэба ўспомніць добрае стаўленне да яе Аляксандра Семяновіча, які на пачатку 1980-х узначальваў раённы аддзел культуры. Менавіта тады народны тэатр сапраўды набыў другое дыханне. Удалай стала пастаноўка ў 1981 годзе спектакля «Пунсовая кветачка» па казцы С. Аксакава. Апошняй для Зінаіды Іосіфаўны стала пастаўленая ў 1989 годзе на сцэне Цімкавіцкага СДК п’еса пра жыццё пагранічнікаў «На заставе». Спектакль «Гаўрошы Брэсцкай крэпасці» – апошні, з якім абаранілі званне народнага ў 1984 г. Зінаіды Іосіфаўны не стала. Паехала ў сталіцу ў госці да дзяцей, дзе і памерла. Памяць аб чалавеку-легендзе жыве ў сэрцах сына Вальдэмара — доктара медыцынскіх навук, дачок Кларысы, навуковага супрацоўніка АН, Вольгі — урача, унукаў і праўнукаў і ўсіх, хто меў шчасце быць знаёмым з гэтым цудоўным чалавекам, яе творчасцю. Святло яе нязгаснай душы і сёння цепліць нас. Іван ІГНАТЧЫК член Беларускага саюза журналістаў

info Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей