У аператара па вырошчванні маладняку буйной рагатай жывёлы комплекса «Чарнічнае» Наталлі Давідоўскай ёсць адна асаблівасць, якая прыцягвае ўвагу з першых хвілін гутаркі з ёю, — у жанчыны неверагодна добрыя вочы.
Позірк становіцца яшчэ больш пяшчотным, калі Наталля Віктараўна ўваходзіць у памяшканне, дзе ўтрымліваюцца яе падапечныя — цяляты ва ўзросце да паўгода. Асцярожныя з чужымі, жывёлы адразу ж пазнаюць мяккі голас іх даглядчыцы, ідуць на знаёмы пах яе рук. Клапатлівае стаўленне да маладняку і амаль пятнаццацігадовы вопыт у яго вырошчванні дае свой плён у выглядзе значных прываг — асноўнага паказчыка эфектыўнасці працы аператараў.
[caption id="attachment_74851" align="aligncenter" width="580"]

■ Наталля Давідоўская[/caption]
У жывёлагадоўлі Наталля ўжо даўно. 25 гадоў таму маладая дзяўчына, выпускніца вучылішча лёгкай прамысловасці, пасля вяселля пераехала на Капыльшчыну ў вёску Карзуны — на радзіму мужа Вадзіма. Гарадскую паненку не адштурхнулі ні нялёгкая праца на сель-гаспрадпрыемстве, куды яна пасля водпуску па доглядзе за дзіцём уладкавалася загадчыцай фермы, ні напоўненае штодзённымі клопатамі вясковае жыццё. Да таго ж своечасовая адчувальная падтрымка мужа і яго бацькоў дазволілі Наталлі лёгка ўліцца ў сельскі побыт.
З цягам часу жанчына навучылася паспяваць і на працы вынікаў дасягаць, і з уласнай гаспадаркай спраўляцца. Выгадавалі ўжо і добрых памочнікаў. Малодшы сын Аляксандр — выпускнік, у гэтым годзе заканчвае Слабадакучынскую СШ. Старэйшы ж, Мікалай, хоць і жыве ў Капылі, кожны тыдзень прыязджае да бацькоў, ды яшчэ і з сям’ёй. Так, мінулым летам Наталля Віктараўна стала свякроўю, а два месяцы таму — яшчэ і бабуляй.
У вірлівым кругавароце дзён Наталля стараецца знайсці хвілінку, каб пагартаць кніжныя старонкі. Пэўных пераваг тут няма — чытае тое, што знойдзе водгук у душы. Дарэчы, аператару-кнігалюбу прыйшлася даспадобы і школьная праграма — даўно прызабытыя творы па рускай літаратуры ўспамінае поруч з сынам-старшакласнікам. Так, і чатыры тамы «Вайны і міру» Талстога, і «Злачынства і пакаранне» Дастаеўскага ад першай да апошняй літары праштудзіравала нядаўна. Такі, здавалася б, звычайны, але ўсё ж вельмі рэдкі для вясковых жыхароў занятак — захапленне кнігамі, бадай, як нішто іншае падыходзіць да характару гэтай спакойнай, сціплай жанчыны — аператара па вырошчванні маладняку з душою рамантыка.
Аксана МІХАЙЛОЎСКАЯ
Комментарии