Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

23

Сядзяць у абдымку ветэраны…

11.05.2011
Кожны год напярэдадні такіх значных святаў, як Дзень Перамогі і Дзень вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, ветэраны збіраюцца разам, каб яшчэ раз узгадаць пра гады сваёй баявой маладосці, пагутарыць пра дзень сённяшні, выказаць маладому пакаленню свае пажаданні, а прадстаўнікам раённай улады, якія звычайна бяруць удзел у такіх сустрэчах, — расказаць пра праблемы, калі яны маюць месца. Безумоўна, не абходзіцца падчас такіх бясед без салдацкай кашы і франтавых “сто грамаў”, што падымаюцца за Вялікую Перамогу і тых таварышаў, якія не дажылі да гэтага светлага дня. Адбылася такая сустрэча і ў мінулую суботу. Самымі цёплымі словамі віталі дарагіх гасцей піянеры, яны падаравалі ўбеленым сівізной ветэранам не толькі прыгожыя вершы, вясёлыя песні і цудоўныя пунсовыя цюльпаны, але і ўсю цеплыню і шчырасць сваіх маленькіх чыстых сэрцайкаў. Са словамі прывітання да ветэранаў звярнуўся старшыня Капыльскага райвыканкама Анатоль Жданеня, ад імя ўсіх прысутных з надыходзячым святам іх віншавалі кіраўнік спраў райвыканкама Віктар Плашкевіч, начальнік аддзела ідэалагічнай работы Людміла Камкова, начальнік аддзела па справах моладзі Валянціна Балажынская, старшыня раённага савета ветэранаў Казіміра Ганчар. Было што сказаць і самім ветэранам. Але пра што б яны не пачыналі гаварыць, памяць няўмольна вяртала іх у тыя суровыя ваенныя гады, калі над вухам свісталі кулі, гучала артылерыйская кананада і кожную хвіліну поруч стаяла смерць, забіраючы з сабою тых, хто яшчэ і не жыў на гэтым свеце. Аднак, ніхто не забыўся, што Дзень Перамогі — гэта свята, хоць і са слязьмі на вачах. Таму добрая песня была на такой сустрэчы вельмі дарэчы. Самымі шчырымі апладысментамі сустракалі ветэраны кожны нумар невялікай канцэртнай праграмы, прапанаванай Валянцінай Зарамбоўскай, Антонам Шышмаровым і Аляксандрам Карповічам, і не проста слухалі, але і спявалі разам з самадзейнымі артыстамі песні ваенных гадоў. Маргарыта САКОВІЧ НА ЗДЫМКУ: кветкі дарагім ветэранам. Фота аўтара

Источник:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей