З чорна-белага фотаздымка, які беражліва захоўваецца ў асабістым архіве Кацярыны Яфімаўны Дзятловіч з аграгарадка Цімкавічы, пранізліва сумна глядзяць жанчыны ўсходняй нацыянальнасці. Побач з імі каля помніка салдатам, якія аддалі сваё жыццё пры вызваленні Капыльскага раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у ліпені 44-га, — удзячныя мясцовыя жыхары.
[caption id="attachment_74918" align="aligncenter" width="580"]

■ У архіве Кацярыны Дзятловіч шмат цікавых фота[/caption]
У сярэдзіне 80-х гадоў ХХ стагоддзя ў Цімкавічы на магілу загінуўшага мужа і бацькі з далёкага Ашхабада прыехалі сваякі. Гасцей з сонечнай рэспублікі сустракала сакратар партарганізацыі саўгаса «Цімкавіцкі» Кацярына Дзятловіч, жанчына няўрымслівая і актыўная. Вельмі блізка да сэрца прыняла яна чужое гора, тым больш што падзеі Вялікай Айчыннай назаўсёды ўвайшлі і ў яе асабістае жыццё. Нават і зараз, праз больш чым 70 гадоў, на яе руцэ захаваўся нумар 61 899, пастаўлены фашысцкімі злыднямі ў Асвенцыме, куды яна трапіла трохгадовай дзяўчынкай. І той час дзяцінства, калі малыя радуюцца сонейку і мацярынскай пяшчоце, быў азмрочаны пакутамі і цяжкімі выпрабаваннямі. Там, у крэматорыі, спалілі маці і бабулю…
Але сэрца Кацярыны Яфімаўны не зачарсцвела. Наадварот, яна лічыла і лічыць, што павінна аддзякаваць людзям за тое дабро, якое адчувала на працягу свайго жыцця. І савецкім салдатам, якія ў лютым 45-га года вызвалілі Асвенцым, і настаўнікам, дзякуючы якім атрымала добрую адукацыю, і сваім калегам, якіх і зараз, праз шмат гадоў, называе самымі працавітымі і добрымі. Таму ўсё жыццё Кацярына Яфімаўна працавала шчыра і добрасумленна.
[caption id="attachment_74917" align="aligncenter" width="580"]

■ Кацярына Дзятловіч (другая злева) з дэлегацыяй з Ашхабада[/caption]
Пачынала ў 55-м годзе ў МТС «Цімкавіцкі». Потым працавала эканамістам у калгасе імя Калініна. За прафесійную кампетэнтнасць, прынцыповасць і павышаную цікавасць да чалавека ў пачатку 70-х гадоў камуністы гаспадаркі выбралі яе сваім лідарам. І не прагадалі.
На працягу ўсяго часу сваёй партыйнай актыўнасці Кацярына Дзятловіч паспела шмат чаго зрабіць для тых, з кім працавала. Яскрава і цікава праходзілі
дні вёсак. У кожнай брыгадзе былі свае клубы, і падчас святкаванняў там накрывалі шчодрыя сталы, запрашалі музыкантаў. Працаўнікі прыходзілі ра-зам з сем’ямі.
Кожны месяц на фермах падводзілі вынікі і вызначалі месцы. Пераможцам уручалі прэміі. Зноў-такі збіраліся разам і віншавалі тых, хто сваёй працай дасягнуў высокіх вынікаў. Спявалі, жартавалі, танцавалі — словам, старанна працавалі і потым весела адпачывалі. Але, калі ўзнікала неабходнасць, разам вырашалі праблемы.
Аднойчы, успамінае Кацярына Яфімаўна, так здарылася, што ферма «Чарнагубава», дзе ўтрымлівалася 140 кароў і 200 цялят, засталася без кармоў. Што рабіць, каб не загубіць жывёлу? Рашэнне прыйшло неяк само сабой. Дзятловіч разам з тагачасным старшынёй гаспадаркі пайшла па вёсцы. Просьба да вяскоўцаў была незвычайная: паздымаць салому з дахаў хлявоў ці іншых пабудоў і аддаць яе на ферму.
Акрамя таго, жанчыны прыносілі бульбяныя лупіны, секлі салому, запарвалі яе, дадавалі тыя лупіны і такой вось сумессю кармілі кароў. Ніводнай жывёліны не загінула! Вытрымалі.
А ці магла Кацярына Яфімаўна «абмінуць»
вяселлі? Амаль для кожнай пары знаходзіліся добрыя словы і падарункі. Аднойчы прыйшлося віншаваць маладых у вёсцы Домантавічы. На сталах стаялі макатры (гліняныя збаны) з кіслым малаком, на патэльнях — запечаная тоўчаная бульба, дзе-нідзе ў якасці вялікага далікатэсу блішчалі кансервы з кількі. Але, нягледзячы на такую мякка кажучы сціпласць, вяселле прайшло весела і шчыра.
[caption id="attachment_74916" align="aligncenter" width="580"]

■ Святкуюць Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі. К. Дзятловіч - у цэнтры. Другая палова ХХ ст.[/caption]
Заканчэнне
пасяўной святкавалі ў Доўгім на возеры. Расстаўлялі лавачкі, узводзілі імправізаваную сцэну. З райспажыўтаварыства запрашалі гандляваць машыны. Прыемны настрой ствараў духавы аркестр.
Жыхары Цімкавіч і зараз памятаюць, як падчас святкавання
Зажынак па вуліцах вёскі велічна ішлі камбайны. На першым — камбайне пераможцаў — вісеў сцяг, за штурвалам сядзеў лідар. Тэхніка (усяго каля 12 адзінак) рухалася з майстэрняў на поле, дзе жанчыны зажыналі першыя снапы. Вяскоўцы не маглі стрымліваць слёзы радасці. Пасля таго, як быў перавязаны першы сноп, накрывалі абед. І затым пачыналася самае сапраўднае жніво.
Пасля таго, як з палеткаў быў убраны апошні каласок, адзначалі
Дажынкі. Абрусы рассцілалі прама на зямлі. На свята запрашалі ўсіх тых, хто старанна працаваў: камбайнераў і іх памочнікаў, загадчыкаў збожжасховішчаў, галоў-нага агранома, вадзіцеляў, якія шчыравалі на адвозцы збожжа. І таксама падводзілі вынікі, уручалі ўзнагароды.
Святочныя агеньчыкі былі звычайнай з’явай: Дзень Савецкай Арміі і Ваенна-марскога флоту, Міжнародны жаночы дзень, Новы год. Вяскоўцы збіраліся ў клубах, танцавалі, атрымлівалі падарункі ад гаспадаркі. Стравы гатавалі самі. Цікавыя лекцыі чыталі старшыня калгаса Колас Віктар Іванавіч, настаўнікі з мясцовай школы або сама Кацярына Яфімаўна. Канцэртную праграму рыхтавалі вучні і педагогі. І за кожнай падзеяй адчуваўся характар Кацярыны Яфімаўны, яе арганізатарскія здольнасці.
Водгукі перажытага падчас Вялікай Айчыннай турбавалі Кацярыну Яфімаўну ўсё жыццё. У 1981 годзе, калі ёй, дэлегату ХХІХ з’езда КПБ, трэба было прымаць удзел у гэтым высокім сходзе, нечакана дала аб сабе ведаць хвароба. Антыбіётыкі не «працавалі», бо ў Асвенцыме на ёй, як і на тысячах іншых хлопчыкаў і дзяўчынак, ставіў страшэнныя вопыты «доктар смерць» Ёзэф Менгеле. Аднак, сабраўшы ў кулак волю і сілы, Кацярына Яфімаўна прыняла ўдзел у з’ездзе. Толькі пад наглядам амаль асабістага ўрача. Доказам людскога даверу з’яўляецца і той факт, што праз пяць гадоў, у студзені 1986-га, Кацярына Дзятловіч зноў становіцца дэлегатам з’езда кампартыі Беларусі — на гэты раз ХХХ.
Усё жыццё Кацярына Дзятловіч не з’яўлялася толькі сузіральніцай па-дзей і лёсаў. Нягледзячы на паважаны ўзрост (а днямі споўнілася 80), яна заўсёды была і застаецца зараз асобай зацікаўленай і актыўнай. Летась яе запрасілі прыняць удзел у прысвечаным Дню Перамогі мерапрыемстве, якое праходзіла ў Уздзенскай дзяржаўнай санаторнай школе-інтэрнаце. Кацярына Яфімаўна з ахвотай паехала, бо лічыла сваім абавязкам расказаць пра ваенныя жахі дзеткам, каб тыя добра разумелі, якое шчасце — жыць пад мірным небам. Напрыканцы сустрэчы хлопчык гадкоў дзесяці падбег да Кацярыны Яфімаўны, працягнуў да яе сваю хударлявую ручку, на якой ляжала… булачка. «Гэта Вам! Вы столькі перажылі!» — усхвалявана сказаў малы…
Дзіяна ТКАЧЭНКА
Комментарии