У спіску пераможцаў раённага спаборніцтва за павелічэнне вытворчасці прадукцыі жывёлагадоўлі за 2018 год — імя аператара машыннага даення ААТ «Піянер-Агра» Анжалікі Чумаковай. Яе вынік гаворыць сам за сябе: надой ад адной каровы склаў 6924 кг (+16 кг да вынікаў 2017 года).
Заўсёды цікава мець зносіны з паспяховымі людзьмі. Здаецца, нібы ад іх атрымліваеш зарад добрай энергіі. У ліку такіх і аператар машыннага даення Анжаліка Чумакова, якая працуе на МТФ «Васільчыцы» ААТ «Піянер-Агра».
Імя Анжалікі Браніславаўны не аднойчы было змешчана на старонках раённай газеты. І падстава таму — добрыя працоўныя вынікі, якія стабільна атрымлівае жанчына на працягу доўгага часу. Ды і наогул МТФ «Васільчыцы», якую ўзначальвае Эдуард Куцця, лідзіруе сярод малочнатаварных ферм у гаспадарцы.
У «Піянер» Анжаліка Чумакова прыйшла пяць гадоў таму. Да таго часу таксама добрасумленна яна выконвала свае абавязкі ў ААТ «Ціміразеўскі». Расказвае в.а. галоўнага заатэхніка ААТ «Піянер-Агра» Алеся Бабінцава:
— У Анжалікі Чумаковай самы вялікі надой ад адной каровы па гаспадарцы, які за 2018 год склаў 6924 кг. Жанчына абслугоўвае 37 кароў. Калі гаварыць пра ферму, то яна на працягу доўгага часу ўтрымлівае лідарскія пазіцыі: сярэднясутачны надой ад адной каровы на сёння складае 17,9 кг. Пагалоўе фермы на 1 сакавіка 2019 года — 1264 каровы, з якіх дойнага статка — 164.
Кожная з кароў мае сваё ласкавае імя: Марта, Бярозка, ёсць нават Дама і Настасся. Жывёлы таксама любяць дабрыню і адчуваюць настрой чалавека, яго да сябе стаўленне. Таму да кожнай рагулі ў Анжалікі Чумаковай адносіны асаблівыя.
— Я люблю сваю работу і каровак, — сціпла гаворыць жанчына. — І абавязкі выконваць імкнуся якасна і добрасумленна. Дарэчы, я люблю ўсялякіх жывёл: і сабак, і кошак, і коней. Нават, калі жыла з бацькамі ў Заслаўі, ездзіла займацца верхавой яздой у Ратамку. Да нядаўняга часу мы з мужам і самі трымалі каня.
Доіць кароў Анжаліка Браніславаўна тройчы за суткі: раніцай, днём і вечарам. З 13.00 да 17.00 каровы на ферме знаходзяцца на свежым паветры. Таму працоўны дзень аператара машыннага даення даволі насычаны і вольнага часу застаецца мала. А дома чакае яшчэ і хатняя гаспадарка: у хляве стаіць свая кароўка Чаромха, якую Анжаліцы і яе мужу Юрыю падарылі сваякі. Глядзець за своеасаблівай «фермай» дапамагае і сын Аляксандр, што працуе разам з Юрыем тут жа, на МТФ «Васільчыцы». Такі вось сямейны падрад. Дачка Настасся набывае адукацыю ў Салігорскім горна-хімічным каледжы.
Калектыў на МТФ «Васільчыцы» склаўся добры, таму і атрымліваюць стабільна высокія вынікі. Тут шчыра працуюць аператары машыннага даення: Людміла Гудкова, Святлана Кунцэвіч, Алена Халюта. Адным словам, разам, у добрай кампаніі, і работа ідзе спорна і паспяхова.
Дзіяна ТКАЧЭНКА
Комментарии