Для дзесяці пажылых людзей з вёсак Цімкавічы, Чарнагубава, Куцаўшчына, Кукавічы, В. Раёўка, пасёлка Раёк, якія ў выніку абставін засталіся адзінокімі, Наталля Здановіч стала па-сапраўднаму самым жаданым, блізкім чалавекам.
На працягу дзесяці гадоў жанчына працуе сацыяльным работнікам аддзялення сацыяльнай дапамогі на даму ДУ «Капыльскі ТЦСАН». Не шкадуе, што выбрала гэтую работу, якая і сапраўды патрабуе зусім іншага падыходу, з асаблівым станам душы і пачуццём адказнасці, адносінамі да жыцця і людзей.
— Сапраўдны сацыяльны работнік — прызванне, у аснове якога ляжыць бязмерная любоў да чалавека, простая, шчырая, чалавечная, — лічыць Наталля Сяргееўна. — Ад яе адзінокім адразу становіцца на душы добра і весялей. У сваю чаргу, у падапечных вучышся цярпенню, уменню выслухаць і спачуваць.
У мінулым годзе Наталля Здановіч па праве стала лепшым сацыяльным работнікам у раёне. Гэта прызнанне таго, што чалавек рэалізаваў сябе як прафесіянал. На шчасце, і дома ў Наталлі ўсё склалася добра. Яна — шчаслівая шматдзетная маці. Разам з мужам Аляксеем у любові і згодзе выхоўвае траіх дзяцей.
Комментарии