Сёння ў гэтым мястэчку мала хто памятае Віктара Родчанку, тутэйшага сельскага актывіста 20 —30-х гадоў, які ў 1943 годзе стаў камісарам партызанскай брыгады імя Суворава, што дзейнічала на тэрыторыі Грэскага і Слуцкага раёнаў у Вераб’ёўскіх лясах.
Разам з ім партызаніў і 13-гадовы сын Рыгорка. Насіў, як баец, трафейны нямецкі карабін. Але да баявых аперацый бацька яго не дапушчаў – такі быў наказ камандзіра брыгады.
Хлопчык за два гады да прыходу Чырвонай Арміі зведаў нямала жахаў, быў сведкам крывавых баёў, хадзіў не раз у разведку. Пасля вайны стаў педагогам, выкладаў у вячэрняй школе г. Слуцка беларускую мову і літаратуру, займаўся літаратурнай працай. Выдаў кніжку пра пісьменніка-дэмакрата Альберта Абуховіча, пра старэйшую школу Беларусі – слуцкую гімназію №1, кніжку “Слуцкая старасвеччына”, зборнік вершаў “У паходзе”, часта друкаваўся ў рэспубліканскіх і раённай газетах, на ўсіх настаўніцкіх жнівеньскіх нарадах выступаў толькі на беларускай мове.
Мы сябравалі з Рыгорам Віктаравічам, улетку не раз ездзілі прыгарадным аўтобусам па грыбы ў тыя лясы, дзе ён з бацькам калісьці партызанілі. Неяк ён падзяліўся ўспамінамі аб першых днях вайны, у памяць 12-гадовага падлетка яны ўрэзаліся на ўсё жыццё. І мне стала вядома, што нямецкія матацыклісты заехалі ў Цімкавічы раніцай 25 чэрвеня – на чацвёрты дзень вайны! Чалавек мо пяцьдзясят, матацыклы былі з каляскамі, на кожнай – па кулямёце. Нашых воінаў у мястэчку Рыгор не бачыў – іх там не было. А вось з захаду з-пад Нясвіжа і Стоўбцаў у бок Цімкавіч ішлі пешыя, ехалі павозкі з чырвонаармейцамі, зрэдку бартавыя грузавікі ГАЗ-АА. Немцы, выставіўшы блок-пост з кулямётчыкам узбоч дарогі, агонь па адступаўшых не адкрывалі, падпускалі бліжэй і камандавалі: “Хендэ-хох!” – рукі ўгору! І канваіравалі разгубленых ад такой сустрэчы, знясіленых доўгай дарогай і голадам чырвонаармейцаў у нейкі загон паблізу жывёлагадоўчай фермы, абнесены плотам, ставілі варту. Праз нейкую гадзіну там ужо набралася чалавек сто палонных. Яшчэ запомніў Рыгор, як нічога не падазраючы, да немцаў падышоў з цэнтра мястэчка ўчастковы міліцыянер у форме. Афіцэр выйшаў да яго, выняў з чорнай кабуры пісталет і выстраліў. Міліцыянер упаў на зямлю, з яго грудзей фантанчыкам біла кроў. Рыгора ўразіла гэтая сцэна расправы над міліцыянерам. Бацька, сельскі камуніст, хаваўся, не начаваў дома, а восенню 1942 года з сынам падаліся ў партызаны.
Мне запомніліся і ўспаміны Рыгора аб лёсе цімкавіцкіх яўрэяў, якіх да вайны пражывала ў мястэчку звыш 1000 чалавек. Яны працавалі ў калгасе, вялі сваю гаспадарку, дробны гандаль, мірна жылі з суседзямі. Ужо 25 сакавіка 1942 года акупанты з мясцовымі паліцаямі расстралялі першую групу яўрэяў, а 26 і 27 чэрвеня каля 900 чалавек, пераважна жанчын, дзяцей і старых мужчын, расстралялі за некалькі кіламетраў ад Цімкавіч, па дарозе ў вёску Прусы. Там у канцы 40-х гадоў тымі, хто паспеў збегчы да прыходу немцаў ці ўцалеў ад расстрэлу, быў узведзены помнік – піраміда з атынкаванай цэглы.
Рыгор Віктаравіч часта друкаваўся ў газетах, вышукваў малавядомыя гістарычныя падзеі роднага краю. Але цяжкая хвароба падарвала яго здароўе, і ў 1993 годзе ён памёр і быў пахаваны на цімкавіцкіх могілках.
Міхаіл ТЫЧЫНА,
ветэран Вялікай Айчыннай вайны
Комментарии