Леў Канаплянік, кіраўнік узорнага дзіцячага эстраднага аркестра, які на працягу многіх гадоў становіцца пераможцам і лаўрэатам шматлікіх конкурсаў, сёлета атрымаў высокую ацэнку сваёй працы — ён прызнаны «Чалавекам года Міншчыны-2018».
У яго творчым калектыве займаюцца 16 чалавек, якіх ён вучыць не толькі ігры на любімых інструментах, але і быць сапраўднымі грамадзянамі сваёй краіны. Няма сумненняў, што выхаванцы Льва Міхайлавіча за гады працы ў аркестры здабываюць такія якасці характару, як настойлівасць, працавітасць, уменне даводзіць справу да канца, акрамя таго яны творчыя і тонкія асобы, здольныя ва ўсім бачыць прыгажосць.
Заняткі праходзяць і індывідуальна з кожным музыкантам, і з групамі выканаўцаў. Кожны твор адточваецца да дасканаласці. І ў гэтым Льву Міхайлавічу дапамагаюць яго калегі. А гледачы, якія з захапленнем слухаюць узорны эстрадны аркестр Капыльскай дзіцячай школы мастацтваў, не заўсёды ўяўляюць, якая напружаная праца стаіць за віртуозным выкананнем.
Комментарии