Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

64

Аперыцыя «Баграціён» без грыфа «Сакрэтна»

07.05.2011
У кнізе “Вызваленне без грыфа “Сакрэтна” (г. Мінск: Полымя, 1996 год, 151 стар.) беларускі гісторык доктар гістарычных навук Уладзімір Лемяшонак, які з’яўляецца аўтарам звыш 160 навуковых прац, даследуе гісторыю барацьбы беларускага народа супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў у гады Вялікай Айчыннай вайны. Аб шырокамаштабнай аперацыі Чырвонай Арміі “Баграціён” у пасляваенныя гады напісана шмат. Найперш военачальнікі, якія прымалі ўдзел у ёй, і гісторыкі пералічвалі маштабы панесеных вермахтам страт у жывой сіле і тэхніцы, спасылаліся на ўмелае кіраўніцтва аперацыяй камандуючымі ўсіх рангаў. Але замоўчвалі лічбы страт, панесеных і Чырвонай Арміяй у ходзе баёў, можа, таму што яны былі таксама немалыя. Адной з прычын такога замоўчвання была недаступнасць архіўных матэрыялаў, што захоўваліся ў сейфах міністэрства абароны. Пасля распаду СССР у большасці сваёй яны сталі даступнымі, адкрытымі, што і дазволіла беларускаму гісторыку Ула- дзіміру Лемяшонку ў 1996 го- дзе ў сваёй кнізе “Вызваленне без грыфа “сакрэтна” даць аб’ектыўныя, шырокамаштабныя сведчанні ваенных па- дзей той пары. Чытачы змаглі даведацца, якія сілы мела наша армія па стане на 23 чэрвеня 1944 года ў складзе 4-х франтоў – 1-га Прыбалтыйскага, 1-га, 2-га і 3-га Беларускіх перад пачаткам наступлення ў той дзень: 172 стралковыя дывізіі, 12 танкавых і механізаваных карпусоў, 5 паветраных армій, 8 бамбардзіровачных карпусоў, 2,4 мільёна чалавек, з іх 1,4 мільёна баявога складу, 36,4 тысячы гармат і мінамётаў, 3 тысячы рэактыўных “кацюш”, 5848 танкаў і 1977 самаходных гарматаў, 5,3 тысячы самалётаў. Дадаткова ў ходзе аперацыі былі ўведзены 19-ы танкавы корпус і 24 стралковыя дывізіі – яшчэ 100 тысяч чалавек, 800 танкаў, 2664 гарматы, 16 тысяч аўтамашын. У немцаў на так званым “беларускім балконе” паміж Віцебскам і Мазыром знахо- дзіліся 16-я армія (5 дывізій), 4-я танкавая армія (6 дывізій), 4-я, 9-я і 2-я арміі – (52 дывізіі і 3 брыгады), 932 танкі і самаходныя гарматы, 900 самалётаў, 7,6 тысячы гармат і мінамётаў, 1,2 мільёна чалавек асабовага саставу. Як бачна, Чырвоная Армія мела перавагу над немцамі: у людзях – у 2 разы, у танках і самаходных артылерыйскіх устаноўках – у 7,3 раза, у гарматах і мінамётах – у 5 разоў, у самалётах – у 6 разоў! Гэта дазволіла даволі хутка, хоць і не без значных страт людзей і тэхнікі, не толькі ўзламаць глыбокаэшаланаваную абарону вермахта на фронце даўжынёй 600 км, але і вывесці танкавыя карпусы на аператыўную прастору, акружыць на ўсход ад Бабруйска 6 дывізій 9-й арміі і разграміць іх, узяць там у палон 23,7 тысячы салдатаў і афіцэраў, знішчыць 366 танкаў, 2664 гарматы, 16 тысяч аўтамашын. У “віцебскім катле” было разгромлена 5 нямецкіх дывізій, у самым буйным, мінскім, на ўсход ад горада – 25 дывізій, якія да 9 ліпеня 1944 года былі разгромлены і рассеяны, у палон былі ўзяты 30 тысяч чалавек, у тым ліку 22 генералы. Усяго з 23 чэрвеня па 29 жніўня 1944 года немцы страцілі ў ходзе аперацыі “Баграціён” звыш 500 тысяч чалавек, з іх 165,9 тысячы забітымі, 187,1 тысячы параненымі, 200 тысяч палонных. Гэта аперацыя стала ўзорам ваеннага ўмельства для Чырвонай Арміі, набытага за тры гады вайны. Але і яна панесла значныя страты: 324,9 тысячы чалавек, у тым ліку 81,3 тысячы забітымі. Калі ж улічыць страты, панесеныя ў баях за вызваленне Беларусі ў кастрычніку—снежні 1943 года на Аршанскім кірунку, у лістападзе таго году ў раёне Рэчыцы—Гомеля, у студзені 1944 года ў Калінкавіцка–Мазырскай і Рагачоўска–Жлобінскай аперацыі, то колькасць панесеных Чырвонай Арміяй страт склала 765 тысяч чалавек, у тым ліку забітымі 178 507 чалавек, 2957 танкаў і самаходных установак, 822 самалёты, 2447 гармат і мінамётаў. Вялікія страты ў людзях тлумачыліся не толькі ўпартым супраціўленнем гітлераўцаў, іх моцнай абаронай, але і недахопамі ў баявой падрыхтоўцы 600 тысяч воінаў, прызваных у Чырвоную Армію ў Беларусі пасля яе вызвалення. Моладзь прызыўнога ўзросту адразу ўлівалася ў рады дзеючай арміі, і яе паспешна кідалі ў бой без  падрыхтоўкі. Усё гэта і вяло да неапраўдана вялікіх страт, аб якіх напамінаюць каля 6 тысяч абеліскаў і помнікаў. Міхаіл ТЫЧЫНА, ветэран вайны, няштатны карэспандэнт “Слава працы”, г. Слуцк

Источник:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей