Задачу не проста разгледзець прыродную прыгажосць кожнага кліента, але і зрабіць яго вобраз непаўторным лічыць галоўнай у сваёй працы цырульнік Марына Імбра.
У Капыльскі камбінат бытавога абслугоўвання яна прыйшла адразу пасля заканчэння Слуцкага прафесіянальна-тэхнічнага вучылішча № 209 у далёкім ужо 1987 годзе.
— Цырульнік — гэта прафесія, дзе нельга дасягнуць нейкай вышыні, — упэўнена Марына Уладзіміраўна. — Пастаянна з’яўляюцца новыя вяршыні, новыя тэндэнцыі, новыя тэхнікі, а таму ў прафесіі можна расці вечна.
Імкненне спецыяліста да пастаяннага самаўдасканалення дапамагло заваяваць аўтарытэт не толькі сярод калег, але і наведвальнікаў цырульні. Хаця работу цырульніка лёгкай не назавеш. Увесь дзень на нагах, пастаянна заняты рукі — а гэта значная фізічная нагрузка. Таму вельмі дарагія тыя імгненні, калі ёсць магчымасць правесці вольны час з блізкімі людзьмі, унукам Савушкам.
Марына Уладзіміраўна добрая гаспадыня, клапатлівая, любячая дачка, жонка, маці, бабуля. Ёй уласціва нейкая асаблівая далікатнасць, цеплыня ў адносінах да людзей і адначасова ўпэўненасць у сваіх сілах. А гэта заўсёды цэніцца.
Комментарии