Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

44

В Копыльском краеведческом музее работает выставка «Шляхамі мовы і літаратуры»

19.02.2019
Гэтымі днямі наш невялічкі Капыль аб’яднаў 5 краін і 6 музеяў. І нагода таму — цікавыя і эксклюзіўныя рэчы культурнай спадчыны, якія прадстаўлены на выставе «Шляхамі мовы і літаратуры», што да 10 сакавіка працуе ў раённым краязнаўчым музеі.  3948 цв У стварэнні міжнароднага выставачнага праекта «Шляхамі мовы і літаратуры», які прымеркаваны да Года еўрапейскай культурнай спадчыны, прымалі ўдзел Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы, Калінінградскі абласны гісторыка-мастацкі музей (Расія), Аб’яднанне мемарыяльных музеяў (Рыга, Латвія), Музей літоўскай літаратуры імя Майроніса (Каўнас, Літва), Літаратурны музей А.С. Пушкіна (Вільнюс, Літва), Музей літаратуры імя Адама Міцкевіча (Варшава, Польшча). І прадстаўленыя копіі экспанатаў — на самай справе рэчы цікавыя і даволі рэдкія. На адкрыцці выставы дырэктар раённага краязнаўчага музея Валянціна Шуракова адзначыла:  — Сёння ў нас незвычайная сустрэча: мы прысутнічаем на прэзентацыі міжнароднага выставачнага праекта «Шляхамі мовы і літаратуры», які нам прапанаваў Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы. У мінулым годзе праект ужо экспанаваўся ў Каўнасе, Юрмале, Калінінградзе, Вільнюсе, Варшаве і Мінску. У гэтым годзе ён «прыехаў» да нас, у Капыль. І гэта невыпадкова, таму што сярод іншых знакамітасцей тут прадстаўлены імёны, якія знаёмы кожнаму капыляніну і звязаны з нашым горадам. Гэта Цішка Гартны і Янка Купала. Мы з вамі прысутнічаем у будынку былой скураной  майстэрні, дзе пачынаў свой працоўны шлях Цішка Гартны. Таму тут зараз знаходзіцца яго бюст работы Заіра Азгура. А ў будынку сучаснага ЗАГСа яшчэ да Вялікай Айчыннай вайны месціўся Дом народнай культуры, дзе ў 1932 годзе Янка Купала чытаў свае вершы. Яшчэ адзін наш знакаміты зямляк мастак Уладзімір Пасюкевіч намаляваў Янку Купалу і Цішку Гартнага ў Капылі. Заўважу, што ўсё ў нашым жыцці звязана: у тым доме, дзе жыў Цішка Гартны, пазней жыла і сям’я Пасюкевіча. А вось яшчэ цікавы факт: калі Янка Купала гасцяваў на Капыльшчыне, ён аб’язджаў гаспадаркі. І ў фондах нашага музея захоўваецца фотаздымак, на якім пясняр аглядае калгасныя палеткі. Асабліва мы ўдзячны тэлежурналісту канала АНТ, ураджэнцу Капыля Аляксандру Мацясу, які прысутнічае сёння, за цудоўны падарунак музею — першае выданне зборніка Янкі Купалы «Над ракой Арэсай», датаванае 1933 годам.   [caption id="attachment_74483" align="aligncenter" width="580"]■ Дырэктар Дзяржаўнага музея Янкі Купалы Алена Ляшкевіч, старшыня райсавета дэпутатаў Ірына Кісляк, дырэктар раённага краязнаўчага музея Валянціна Шуракова, вучні гімназіі № 1 ■ Дырэктар Дзяржаўнага музея Янкі Купалы Алена Ляшкевіч, старшыня райсавета дэпутатаў Ірына Кісляк, дырэктар раённага краязнаўчага музея Валянціна Шуракова, вучні гімназіі № 1г. Капыля з настаўніцай Жаннай Прохаравай[/caption] Павіншавала жыхароў Капыльшчыны з такой яскравай культурнай падзеяй і старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Кісляк, якая адзначыла, што захоўваць памяць пра спадчыну, пра гісторыю роднай зямлі — наш святы абавязак, і асабліва зараз, у Год малой радзімы. — Галоўная задача праекта — пашырыць веды людзей пра багацце не толькі нашага краю, але і ўсёй культурнай спадчыны Еўропы, — так пачала сваё выступленне дырэктар Дзяржаўнага музея Янкі Купалы Алена Ляшкевіч. — Мы павінны далучыць да місіі захавання і вывучэння здабыткаў культуры максімальна шырокую аўдыторыю і найперш моладзь. Усе музеі працавалі над тым, каб захаваць спадчыну паэтаў, якія не толькі вызначалі шляхі развіцця нацыянальных літаратур, але паспрыялі ўсведамленню і ўмацаванню нацыянальнага адзінства сваіх народаў, сталі іх духоўнымі прадстаўнікамі ў свеце. Паэтычны скарб, створаны Янкам Купалам, Адамам Міцкевічам, Аляксандрам Пушкіным, Янісам Райнісам, Крысціёнасам Данелайцісам, Ёнасам Майронісам, — каштоўная частка агульнай еўрапейскай культурнай спадчыны. Іх пісьменніцкі і жыццёвы лёсы аб’яднаны шматлікімі творчымі стасункамі, а для Міцкевіча і Пушкіна, Купалы і Райніса — яшчэ і блізкім асабістым знаёмствам. Паэты стараліся не толькі захаваць культурныя набыткі свайго краю, але імкнуліся пазнаёміць з імі далёкіх і блізкіх суседзяў. Культуры розных краін праз творчасць іх знакамітых песняроў аб’яднаны больш, чым мы прывыклі думаць. Напрыклад, Янка Купала адным са сваіх любімых паэтаў лічыў Аляксандра Пушкіна. Ён быў знаёмы з Янісам Райнісам. А Цішка Гартны, Янка Купала і Якуб Колас у 1926 годзе сустракаліся з тым жа Янам Райнісам, калі ён прыязджаў у Мінск, і падарылі яму свае кнігі з аўтографамі. Мы знайшлі гэтыя аўтографы, і сёння копія асабістага подпісу Цішкі Гартнага знаходзіцца сярод экспанатаў выставы. Асабліва прыемна адзначыць, што ў іншых краінах ведаюць нашых беларускіх паэтаў. Не засталася ўбаку і куратар выставы загадчык навукова-экспазіцыйнага аддзела музея Янкі Купалы Марыя Барткова: — Так, праект, які аб’яднаў музеі пад лозунгам «Захоўваем спадчыну», працягвае і развівае творчы дыялог. У шырокім кантэксце еўрапейскага літаратурнага працэсу ён прадстаўляе спадчыну нацыянальных геніяў, кожны з якіх стаў візітнай карткай сваёй краіны. Намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце СШ № 2 г. Капыля імя Цішкі Гартнага Таццяна Колас адзначыла, што ў школьнай праграме суседнічаюць два прадметы: беларуская і руская літаратуры. І на працягу вучобы школьнікі праз творчасць і Янкі Купалы, і Аляксандра Пушкіна, і Адама Міцкевіча знаёмяцца з прыгажосцю слова. — Мастацтва — мост, які звязвае народы, — падкрэсліла Таццяна Анатольеўна. — І гэтае мерапрыемства як нельга лепш сведчыць пра тое, што мастацтва не ведае межаў.  Загадчык аддзела абслугоўвання і інфармацыі раённай цэнтральнай бібліятэкі імя А. Астрэйкі Ірына Пятровіч дадала, што ў 2017 годзе на Капыльшчыне прайшлі чытанні, прысвечаныя 130-годдзю з дня нараджэння Цішкі Гартнага, вынікам якіх стаў тэматычны зборнік. Невыпадкова сярод прыхільнікаў культуры на адкрыцці выставы прысутнічалі вучні 11 класа гімназіі № 1 г. Капыля імя М.В. Рамашкі. Справа ў тым, што разам з класным кіраўніком Жаннай Мікалаеўнай Прохаравай яны здзейснілі экскурсію па месцах, звязаных з імем Цішкі Гартнага, на аўтобусе, на якім змешчаны партрэт гэтага знакамітага земляка. — Гэтую экскурсію мы прымеркавалі да 100-годдзя ўтварэння БССР, — расказала Жанна ПРОХАРАВА. — Юнакі і дзяўчаты з цікавасцю даведаліся пра жыццёвы шлях нашага знакамітага пісьменніка і грамадскага дзеяча. Упэўнена, такія выставы — найлепшы шлях для моладзі да вывучэння гісторыі і культуры роднага краю ў кантэксце гісторыі і культуры іншых краін. Працягам выставы стала экскурсія, якую правяла Марыя Барткова.
Спецыяльна для «СП» — Аляксандр Мацяс A2XgKcnXGJEo8aUH — Аляксандр, на Вашу думку, якое значэнне ў культурным жыцці Беларусі ўвогуле і Капыльшчыны ў прыватнасці мае выстава? — Па-першае, тут прадстаўлена ўзаемасувязь культур, лёсаў. Мы паказваем, што ў гэтым свеце нішто не існуе асобна, і ў біяграфіі любога чалавека можна знайсці кропкі сутыкнення. Купала і Жылуновіч, Купала і яго любімы паэт Пушкін, Міцкевіч і Падгорскі-Аколаў, які ўзначальваў музей Міцкевіча ў Варшаве, звязаны з Капыльшчынай. Здавалася б, вялікая Варшава і маленькі правінцыяльны Капыль… І калі больш цесна знаёмішся з работай музеяў іншых краін, то знаходзіш больш кропак сутыкнення. — З цікавасцю прачыталі Ваша інтэрв’ю «Мінскай праўдзе», дзе Вы гаворыце, што Капыльшчына Вас не адпускае. Ці так гэта зараз? — На жаль, ужо не так. На дадзены момант сваякі засталіся толькі ў Семежаве, Домантавічах і Кіявічах. І я вельмі рэдка бываю там, часцей у самім Капылі. — Аляксандр, Вы падарылі раённаму краязнаўчаму музею першае выданне Янкі Купалы «Над ракой Арэсай». Гэта быў мэтанакіраваны падарунак ці спантанны? — Мэтанакіраваны. Некалькі гадоў таму я купіў гэтую кніжачку ў асабістую бібліятэку. «Менск, 1933 год» — так напісана на першай старонцы. І калі стала ясна, што гэты праект прыедзе ў Капыль, я зразумеў, што кнізе будзе лепш «жыць» у раённым музеі, чым у мяне дома, бо менавіта тут, у Капылі, Купала ўпершыню чытаў гэту паэму. Яе змогуць убачыць больш людзей. — Вы збіраеце рарытэтныя кнігі? — У мяне дома вялікая бібліятэка. Але не ўсе кнігі з’яўляюцца рарытэтнымі. Для мяне кніга не абавязкова прадмет мастацтва. Для мяне кніга — сродак інфармацыі. У гэтым сэнсе я старамодны чалавек: мне патрэбен шолах старонак, патрэбен пах паперы. І маё дзіця расце з друкаванай кнігай. — Ці часта Вы чытаеце газету «Слава працы»? — Чытаю рэдка, але заходжу на сайт, дзе змешчаны цікавыя матэрыялы па краязнаўстве. — Дзякуй за размову. Дзіяна ТКАЧЭНКА

Источник:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей