Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

45

Святкуем разам з «кукольнікамі»

05.05.2011
Вялікдзень з’яўляецца самым значным і ўрачыстым народным святам, якое адзначаецца ў гонар сонца, абуджэння прыроды і надыходу “вялікіх дзён” палявых работ. Гэтай падзеі прысвечаны разнастайныя хрысціянскія звычаі і абрады, якія святкуюцца на працягу цэлага тыдня. У першы дзень Вялікадня людзі ходзяць у царкву і праслаўляюць цудадзейнае ўваскрэсенне Ісуса Хрыста. А вось на другі — па вёсках ходзяць валачобнікі. На Капыльшчыне іх называюць “кукольнікамі”. У гэтым годзе такое велікоднае валачэнне адбылося для жыхароў аг. Мажа. Работнікі раённага Цэнтра традыцыйнай культуры разам з дзецьмі Мажскай пачатковай школы з песнямі і танцамі хадзілі па вёсцы, каб павіншаваць гаспадароў і іх сем’і са святам. Па народнай традыцыі лічылася, што да якой хаты падыходзілі вылачобнікі, той сям’і была вялікая слава і радасць на ўвесь год. Перш-наперш, кукольнікі віталі гаспадара, потым гаспадыню і іх дзяцей. Затым для іх госці спявалі песні, танцавалі і расказвалі жартоўныя прымаўкі. Атрымліваючы за гэта смачныя пачастункі, якія механоша складваў у сваю торбу, дзякавалі гаспадарам і ішлі да наступнай хаты. Як адзначыла дырэктар раённага Цэнтра традыцыйнай культуры Галіна Гурло, забытае некалі свята сёння дало шмат станоўчых эмоцый і ўражанняў: многія вяскоўцы нават прасілі зайсці да іх на наступны год. Таму можна з упэўненасцю сказаць, што аднаўленне фальклору ў сучасных умовах, якое было распачата нашымі продкамі, не знікне, а будзе развівацца і перадавацца маладому пакаленню. Таццяна БОХАН Фота з архіва РЦТК

info Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей