Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

19

Медалі - героям перамогі

23.04.2010

З кожным годам ветэранаў становіцца ўсё менш. На тварах з’яўляецца больш маршчын, ужо няма той моцы, з якой рукі сціскалі зброю, калі ішлі біць ворага. Але пры кожнай сустрэчы адчуваецца сіла духу, любоў да жыцця, што дапамаглі ім выстаяць і перамагчы ў Вялікай Айчыннай.

З нагоды 65-годдзя Перамогі 5 студзеня 2010 г. Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь падпісаў Указ “Аб зацвярджэнні Палажэння аб парадку  ўзнагароджвання юбілейным медалём” “65 гадоў Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.”.

Згодна з Палажэннем, медалямі ўзнагароджваюцца ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, былыя ўзнікі канцлагераў, турмаў, гета і іншых месц прымусовага ўтрымання, створаных фашыстамі і іх саюзнікамі ў перыяд Другой сусветнай вайны. “Ні адзін ветэран Вялікай Айчыннай вайны не павінен быць пакрыўджаны і пакінуты на волю лёсу, - падкрэсліў Прэзідэнт. – Калі раптам вы бачыце, што нехта пакрыўджаны, абдзелены падтрымкай – падкажыце, мы гэта выправім. Ветэраны – гэта наш залаты фонд, крэмень, апора дзяржавы”.

На тэрыторыі Слабада-Кучынскага сельсавета пражывае ўсяго 17 вязняў і ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны.

[caption id="attachment_704" align="alignright" width="300" caption="Словы ўдзячнасці – ад Леаніда Вілейкі"][/caption]

16 красавіка завіталі яны на мерапрыемства, прысвечанае 65-годдзю Перамогі, у мясцовую адзінаццацігодку. З цікавасцю прайшлі ветэраны вёсак Пясочнае, Старыца, Слабада-Кучынка па мясцовым школьным музеі, разглядваючы даволі змястоўную экспазіцыю, дзе значную частку займае і перыяд Вялікай Айчыннай. Пасля ва ўрачыстай абстаноўцы ваенны камісар Капыльскага раёна падпалкоўнік Сяргей Барташэвіч, намеснік старшыні райвыканкама Ала Раеўская, старшыня Слабада-Кучынскага сельскага Савета дэпутатаў Нэлі Гусева павіншавалі ветэранаў з надыходзячым святам і ўручылі юбілейныя медалі і пасведчанні. Словы ўдзячнасці за ратны подзвіг гучалі і ад старшынь ветэранскіх арганізацый РСУП “С “Прамень” Леаніда Вілейкі, СГФ “Крыніца” Святланы Астрэйкі.

Атрымалі віноўнікі ўрачыстасці і падарункі ад вучняў школы ў выглядзе вершаў і песень ваенна-патрыятычнай тэматыкі. А песні ваеннага ліхалецця разам з хлопчыкамі і дзяўчынкамі спявалі нават усёй залай. Сапраўдным сюрпрызам стала выступленне ветэрана вайны Канстанціна Васільевіча Падоліна, які праспяваў для ўсіх прысутных песню ўласнага сачыненя, напісаную ў гады Вялікай Айчыннай.

Але не ўсе ветэраны здолелі прыехаць у Слабада-Кучынку. Ала Раеўская, Нэлі Гусева і Сяргей Барташэвіч наведалі герояў дома, дзе са словамі ўдзячнасці і ўручылі заслужаныя ўзнагароды.

На  наступны дзень юбілейныя медалі былі ўручаны  20 ветэранам Бабаўнянскага, а ў мінулы панядзелак – 8 героям вайны з Камсамольскага і 7 – Браткаўскага сельскіх Саветаў. А ўвогуле ў Капыльскім раёне юбілейныя медалі атрымаюць 233 чалавекі.

Сяргей ЛАЗОЎСКІ

НА ЗДЫМКАХ: 1. Ала Раеўская, Сяргей Барташэвіч уручаюць юбілейную ўзнагароду; 2. Словы ўдзячнасці – ад Леаніда Вілейкі; 3. Здымак на памяць.

Фота аўтара


admin_222 Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей