Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

22

Дарогамі Перамогі

06.05.2011
На стыку Сожа і Дняпра стаіць гарадок Лоеў. Яго вызваляў Іван Нічыпаравіч Коўзусь. Разведчыкі батальёна вылічылі ўсе агнявыя кропкі фашыстаў, і роты Коўзуся бясшумна зваліліся на фрыцаў. Загінуў камбат, і наш зямляк прыняў камандаванне на сябе. Немцы спрабавалі скінуць салдат у Днепр, але лейтэнант Коўзусь крыкнуў: “Рота, за мною!” — і фашысцкі гарнізон быў разгромлены. У некалькіх месцах кулямі была прашыта гімнасцёрка. Радасна сустракалі лоеўцы сваіх вызваліцеляў. Яго байцы рухаюцца наперад, грамяць варожыя гарнізоны і таксама, як над Лоевам, уздымаюць на высокіх будынках сцягі вызвалення. У адным з баёў Івану Нічыпаравічу асколкам параніла нагу. Немцы, адыходзячы ад Дняпра, у новых месцах стваралі апорныя тылавыя пункты, якія прыкрывалі подступы да горада Рагачова, але нашы камандзіры ўмела абыходзілі ворага. Фашысты кідалі дзоты, траншэі і ўцякалі на захад, баючыся акружэння. У гарадскім музеі Рагачова захоўваецца шмат матэрыялаў пра подзвігі байцоў і афіцэраў 3-й арміі, членам ваеннага Савета якой быў Іван Дзмітрыевіч Пінчук. У 1944 годзе 3-й арміяй разам з іншымі злучэннямі былі вызвалены Бабруйск, Чэрвень, Мінск, Стоўбцы і іншыя гарады і пасёлкі. У вызваленні Беларусі ўдзельнічалі Мікалай Пятровіч Татур з Садкоў, Аляксандр Максімавіч Малашэвіч са Старыцы, Мікалай Фадзеевіч Малевіч з Капыля, які быў узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны І ступені. Потым вызваляў Польшчу і загінуў. Вызваляў родную старонку і вядомы ўжо Іван Міхайлавіч Шкуратовіч, які спачатку быў сувязістам, а потым стаў зенітчыкам. Умела збіваў нямецкія самалёты бясстрашны ас з Агароднікаў Міхаіл Пятровіч Белавусаў. Асабліва паспяховымі былі палёты каля Оршы. Як ён прыпамінаў, на чыгуначнай станцыі Талачына стаялі 22 эшалоны. Белавусаў па загадзе камандавання павінен быў сарваць план вывазу беларускіх каштоўнасцей. Па-майстэрску праляцеў над варожымі зеніткамі і разбіў перавадныя стрэлкі, а таксама паравоз першага эшалона. А праз дзень чырвонаармейцы выбілі адтуль фашыстаў і каштоўны груз быў вернуты. Наш зямляк-лётчык зрабіў 85 баявых вылетаў, знішчыў 5 танкаў і шмат варожай сілы і тэхнікі. Сам цудам пазбег смерці. У час бою ў скрынку з боепрыпасамі трапіў снарад. Ён стараўся пасадзіць палаючы штурмавік у полі, а ўрэзаўся ў чыгуначныя рэйкі і разваліўся. Лётчыкі засталіся жывымі. Тройчы зеніткі фашыстаў збівалі  яго самалёт, але кожны раз удавалася дацягнуць да лініі фронту. Прымаў удзел у аперацыі “Баграціён”, знішчаў гітлераўцаў каля Мінска, Ліды, Каўнаса. Іван Якаўлевіч Малашэвіч, былы начальнік капыльскага аэрадрома, асвойваў у 61-м гвардзейскім палку мінамёты, а затым баявы шлях прайшоў у польскай дывізіі імя Касцюшкі. З дапамогай кацюш, якія абслугоўваў капылянін, разграмілі фашыстаў пад Леніна каля Віцебска. Гэты бой увайшоў у слаўную старонку вызвалення роднай Беларусі. Затым Малашэвіч асвоіць лётную справу і ў складзе войска польскага на начным бамбардзіроўшчыку ПО-2 будзе бамбіць акупантаў каля Брэста і дой- дзе з баямі да Берліна. У вайну з авіяцыяй звязаў свой лёс  Калінік  Іванавіч Прымак са Сцяпур. Ён быў матарыстам і рыхтаваў да баявых палётаў знішчальнікі і бамбардзіроўшчыкі. У баявых рэйдах скідваў бомбы на акупантаў каля Барысава, Віцебска, Бабруйска. За вызваленне рэспублікі быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі. А вось хлопцу з Гарнастайлава Мікалаю Піліпавічу Хільчыку выпала самая рэдкая ваенная прафесія — авіяцыйнага метэаролага. Ён даваў кіраўніцтву аэрадромаў дакладныя звесткі аб надвор’і, гэтым самым збярог не толькі самалёты, але і экіпажы. Усю вайну разам з перасоўным аэрадромам рухаўся за фронтам. Былы выпускнік Маскоўскага метэаралагічнага інстытута даваў курсоўку ў неба лётчыкам каля Оршы, Мінска, Крупак, Слуцка і роднага Капыля. У вайну гінулі не толькі лётчыкі, але і службы аэрадромаў. Ад бамбёжкі варожых “Хейнкелей” загінуў яго таварыш. На валаску ад смерці не раз быў і сам Хільчык. У барацьбе з фашыстамі на роднай зямлі загінуў сын генерала Гулейкі Юрый – афіцэр згарэў у танку. А колькі сыноў Капыльшчыны навечна засталіся ляжаць у беларускай зямлі, так і не ажыццявіўшы мару сустрэцца з бацькамі, сваякамі і сябрамі. Івану Іосіфавічу Саладуху, трактарысту з Дубеек, у вайну выпаў лёс змяніць трактар на  бранявік. Ён лёгка асвоіў ваенную машыну і з першых дзён біў ненавіснага ворага. Зразумела, што былі горкія дні адступлення, але як змяніўся баявы настрой земляка, калі штурмаваў траншэі і дзоты нямецкіх акупантаў ля Віцебска. Цімкаўляніну Мікалаю Акімавічу Дыдзенку было што ўспомніць, калі я завітаў да яго. Жыве ён цяпер з роднай дачкой на ўскрайку вёскі. Ветэран яшчэ моцны і касу трымае ў руках, і плуг. У час вайны ён падарваў чатыры нямецкія танкі. Важнай падзеяй у жыцці лічыць свой удзел у вызваленні Полацка, Оршы, Віцебска і іншых гарадоў Беларусі. Асабліва ўспамінае смелыя рэйды ў тыл фашыстаў на Віцебшчыне. Разведчыкі пад камандаваннем будучага генерала Леаніда Густава ўварваліся ў нямецкі штаб, перабілі ахову і афіцэраў, а самага галоўнага з іх з картамі і схемамі даставілі ў штаб. Важныя звесткі дапамаглі хутка зламаць абарону гітлераўцаў. Іван ІГНАТЧЫК

Источник:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей