Арганіцы сёння адводзіцца адна з галоўных роляў, бо ва ўмовах недахопу фінансавых рэсурсаў сельгаспрадпрыемствам раёна ўнесці ў поўным аб’ёме мінеральныя ўгнаенні, якія каштуюць немалых грошай, даволі складана. Таму нарыхтоўка і вывазка арганічных угнаенняў — задача першачарговая.
[caption id="attachment_74303" align="aligncenter" width="560"]

■ Аграном Уладзімір Салькоў (справа) з механізатарамі Аляксандрам Карпучком і Міхаілам Матусам[/caption]
Сёлета на палі раёна трэба вывезці 750 тысяч тон арганікі. На дадзены момант заданне выканана больш чым на 80 працэнтаў. Дадзеным відам работ зараз займаюцца практычна ўсе сельгаспрадпрыемствы Капыльшчыны.
Адно з самых актыўных — філіял «Лакнея» УП «ПрыортрансАгра». Выкарыстоўваючы спрыяльнае надвор’е, у гаспадарцы імкнуцца як мага больш эфектыўна выконваць неабходныя работы і ў дзень на палі вывозяць практычна ўсё з нарыхтаванага. Усяго ж у гаспадарцы ўжо маецца амаль 63 000 тон арганікі пры заданні 70 900, з якіх усё вывезена.
Па словах агранома філіяла Уладзіміра Салькова, з малочнатаварных ферм гной уласнай тэхнікай вывозіцца на палі, дзе складзіруецца ў бурты.
— Увогуле вывазку мы вядзём з восені. Да зімы паспелі звыш 3000 тон унесці, — гаворыць Уладзімір Сяргеевіч. — Гэтымі днямі актывізавалі работу і масава заняліся нарыхтоўкай арганічных угнаенняў. Звычайна на вывазцы заняты чатыры адзінкі тэхнікі.
У дзень нашага наведвання філіяла на вывазцы з МТФ «Папоўцы» былі задзейнічаны механізатары Аляксандр Карпучок і Міхаіл Матус. Спецыялісты вопытныя, каля 15-20 гадоў аддалі сельскагаспадарчай справе. Зараз яны назапашваюць так званы «вітамін урадлівасці» для глебы, потым уключацца ў пасяўную кампанію, а там, глядзі, і ўборачная.

— Колькасць вывезеных за дзень тон залежыць у першую чаргу ад адлегласці. Вось ужо некалькі дзён вывозім арганіку на бліжэйшае да фермы поле, таму і аб’ём выкананай работы дастаткова вялікі, амаль ні хвіліны не прастойвае ў чаканні пагрузчык, — расказваюць працаўнікі сельгаспрадпрыемства. — Ну а час, вядома ж, прыспешвае, неўзабаве наступіць і пасяўная кампанія.
Сяргей КОЗЕЛ
Комментарии