З мэтай адраджэння і захавання лепшых здабыткаў традыцыйных рамёстваў у 1998 годзе ўпершыню ў Капылі адчыніў дзверы народны клуб майстроў РЦК “Скарбонка”.
Кіраўніком і заснавальнікам калектыву з’яўляецца Галіна Гурло. Удзельнікі клуба – людзі розных узростаў і прафесій, якія займаюцца многімі відамі народнай творчасці: ткацтвам, вышыўкай, саломапляценнем, мастацкай апрацоўкай дрэва, карунка-пляценнем, жывапісам, вырабамі з народнага матэрыялу і інш. І ўсіх іх аб’ядноўвае жаданне дарыць людзям прыгажосць беларускай нацыянальнай спадчыны. Асноўнай формай работы клуба з’яўляецца выставачная дзейнасць, таму ніводнае раённае, абласное і нават рэспубліканскае свята не абходзіцца без удзелу народных майстроў Капыльшчыны.
За асабісты ўклад у захаванне і развіццё традыцыйнага мастацтва і перадачу майстэрства моладзі ўдзельнікі клуба ўзнагароджаны ганаровымі граматамі аддзела культуры Капыльскага райвыканкама і ўпраўлення культуры Мінаблвыканкама.
Добра, што народныя промыслы і рамёствы не толькі дайшлі да нас, але і развіваюцца далей. Таму свой вопыт, майстэрства і ўлюбёнасць у сваю справу ўдзельнікі клуба перадаюць маладому пакаленню і імкнуцца да таго, каб ніць народнага мастацтва, якая бярэ пачатак з глыбіні стагоддзяў, не перарвалася, а цягнулася ў будучае.
Таццяна БОХАН
Комментарии