Люты ў Каталіцкім Касцёле распачынаецца з аднаго свята Ахвяравання Пана і двух успамінаў — святога Блажэя і святой Агаты.
2 лютага свята Ахвяравання Пана, якое традыцыйна называюць яшчэ святам Маці Божай Грамнічнай, або Грамніцамі. У гэты дзень у літургіі ўспамінаецца прынясенне Дзіцятка Езуса ў святыню для выканання абраду ахвяравання, прадпісанага законамі Старога Запавету.
Гэтае свята, вядомае яшчэ з хрысціянскай старажытнасці, заўсёды мела падвойны характар, бо яно адначасова з’яўляецца і святам Пана, і адным з найбольш папулярных марыйных свят. Згодна з апавяданнем евангелістаў, першымі людзьмі, якія сустрэлі Пана, пазнаўшы ў маленькім Дзіцятку самога Хрыста, былі прарок Сімяон і старая ўдава па імені Ганна, якая няспынна прабывала ў святыні.
У дзень Ахвяравання Пана ва ўсіх касцёлах Беларусі праходзяць святочныя набажэнствы. На пачатку святой Імшы адбываюцца працэсіі са свечкамі. Свечка — сімвал Хрыста, які прынёс святло вечнай Праўды ўсім народам. А на Грамніцы свечка таксама сімвалізуе Марыю, пакорную слугу Пана, поўную ласкі, у душы якой заўсёды гарэла святло веры, надзеі і любові.
Асвячоныя ў гэты дзень свечкі называюць «Грамнічнымі», бо іх запальваюць у час навальніц, каб апека Маці Божай выратавала ад небяспекі стыхіі. Запаленую грамнічную свечку таксама даюць у рукі паміраючаму, каб Найсвяцейшая Панна Марыя прывяла яго душу ў неба.
3 лютага касцёл успамінае святога Блажэя. Святы Блажэй — гэта гістарычная постаць. Дакладная дата яго нараджэння невядомая. Магчыма, што ён з’явіўся на свет праз тры стагоддзі пасля нараджэння Хрыста. Паходзіў, хутчэй за ўсё, з Арменіі, па прафесіі быў лекарам, а па пакліканні — біскупам Себастыі.
Першыя стагоддзі хрысціянства былі неспакойныя. З 64 да 313 года доўжыўся крывавы пераслед хрысціян. Святы Блажэй з болем у сэрцы глядзеў на пакуты даручаных яму людзей. Ён адчуваў, што патрэбен ім, таму пастанавіў да канца заставацца ў біскупскай рэзідэнцыі. Але вернікі, якія яшчэ не сталі ахвярамі пераследу, упрасілі яго пакінуць горад. Біскуп Блажэй пайшоў у горы і схаваўся ў адной з пячор. Праз некаторы час яго схованка была выкрыта. Біскупа Блажэя арыштавалі і пасадзілі ў турму. Аднойчы маленькі хлопчык падавіўся косткаю, якая засела ў горле і стала прычынаю моцнага ацёку. Хлопчыку пагражала ўдушэнне. Біскуп Блажэй вельмі хацеў аблягчыць пакуты дзіцяці, аднак не меў спецыяльных інструментаў для медыцынскай дапамогі. Біскуп са спачуваннем дакрануўся да шыі хлопчыка і зрабіў над ім знак крыжа, і раптам хлопчык пачаў роўна дыхаць, ацёк зменшыўся, а потым зусім знік. Вестка пра незвычайнага лекара хутка разляцелася па ваколіцы, што было вельмі нявыгадна для рымскіх улад. Угаворамі, просьбамі, урэшце катаваннем яны імкнуліся прымусіць біскупа адмовіцца ад Хрыста, але святы Блажэй прагнуў прыняць пакутніцкую смерць, каб не адрачыся ад Таго, якому верна служыў столькі гадоў. Ён быў забіты мячом прыкладна ў 316 годзе.
Штогод, у дзень літургічнага ўспаміну святога Блажэя, у нашых касцёлах асвячаюцца свечкі, якія называюцца «блажэйкамі». Святар выкарыстоўвае гэтыя свечкі для ўдзялення — менавіта 3 лютага — благаславення, якое павінна ахоўваць ад хвароб горла, а таксама ад усялякага зла.
А 5 лютага ўспамін святой Агаты. Маладая дзяўчына, якая, прагнучы захаваць чысціню і вернасць Хрысту, прыняла пакутніцкую смерць у Катаніі на Сіцыліі каля 250 г. Праз год пасля яе смерці адбылося вывяржэнне вулкана Этна. Патокі лавы пагражалі знішчыць увесь горад, але яны спыніліся, калі жыхары Сіцыліі, просячы ў малітвах заступніцтва Агаты, паклалі на іх шляху вэлюм, што належаў святой. Дзякуючы гэтаму цуду Агату пачалі лічыць апякункай, якая ахоўвае ад пажараў. Яе культ хутка распаўсюдзіўся ва ўсім Касцёле. Згодна з традыцыяй, у дзень яе ўспаміну асвячаецца «хлеб святой Агаты», а таксама вада і студні.
Паважаныя вернікі, ёсць для вас добрая навіна, а менавіта раз у месяц у в. Чарнагубава будзе цэлебравацца святая Імша. 3 лютага адбудзецца першая святая Імша. Пачатак у 14.00, жыхароў вёскі сардэчна запрашаю.
Святар Андрэй КАЛЯДКА,
пробашч касцёла святых Пятра і Паўла
Комментарии