Шчыра віншую са святам Уваскрэсення Хрыстовага ўсіх хрысціян Капыльшчыны. Велічная падзея амаль 2000-гадовай даўнасці і сёння не пакідае абыякавымі веруючых людзей. Збаўчая Мука і слаўная перамога жыцця над смерцю, святла над цемрай дазваляюць сучаснаму веруючаму чалавеку аднайсці сваю асабістую людскую тоеснасць. Дзякуючы Хрысту Уваскрэсламу кожны ахрышчаны, адчувае сябе свабодным, адкрытым на свет і перспектыўным: не спыняецца на дасягнутым, але імкнецца да сапраўднай самарэалізацыі. Хрыстус Уваскрэслы – сведчанне здольнасці і перспектывы перамогі супрацоўніцтва чалавека з Богам і дасягненне велічы і дасканаласці, праўды і свабоды!
Калі сучасны чалавек дазваляе Уваскрэсламу Хрысту стаць галоўным і сапраўды важным у сваім жыцці, тады можа самарэалізавацца і будаваць сапраўднае грамадства і супольнасць любові. Без Хрыста, без Пасхі застаецца толькі мыканне і мытарства…
Святло Уваскрэсення асвятляе жыццё чалавека, які верыць і жыве паводле навукі Касцёла. Жадаю кожнаму знайсці ў сабе Хрыста, дазволіць Яму заняць галоўнае месца ў сваім жыцці і напоўніць сваёй боскай прысутнасцю!
Кс. Аляксандр ВІТКО,
адміністратар парафіі св. Пятра і Паўла ў г. Капылі
Расклад богаслужэнняў у касцёле св. Пятра і Паўла ў г. Капылі
Сардэчна запрашаем на святочнае набажэнства Пасхі ў касцёл
у суботу а 23 гадзіне і ў нядзелю
а 5 і 12 гадзіне.
Асвячэнне велікоднай ежы будзе адбывацца ў суботу кожныя дзве гадзіны ад 9.00 да 19.00 і таксама пасля святочнай літургіі. Тэл. 50-1-11.
Комментарии