На ФАКу адбыліся занальныя спаборніцтвы абласной спартакіяды дапрызыўнай і прызыўной моладзі па летнім мнагаборстве комплексу “Абаронца Айчыны”.
Шэсць каманд з Дзяржынскага, Клецкага, Капыльскага, Нясвіжскага, Стаўбцоўскага і Уздзенскага раёнаў змагаліся за выхад у фінальную частку абласных спаборніцтваў. Пяці юнакам кожнай дружыны неабходна было паказаць лепшыя якасці будучых абаронцаў Айчыны – трапнасць, хуткасць і моц - у стральбе, плаванні, падцягванні, кіданні гранаты, бегу на 100 і 3000 метраў.
У першы дзень юнакі выканалі тры віды праграмы. Капыляне былі другімі ў стральбе, набраўшы 177 ачкоў. А ў лідарах аказаліся юнакі з Уздзенскага раёна (192). Зусім слабыя вынікі для нашых землякоў прынесла падцягванне – толькі пятае месца. Не паправіла становішча і плаванне (трэці рэзультат). Па папярэдніх выніках першага дня спаборніцтваў найбольш ачкоў набралі мнагаборцы з дзяржынскай каманды (371), другі вынік - у ўздзенцаў (366) і трэці – у капылян (345). Усяго на 24 ачкі адсталі ад трэцяй пазіцыі несвіжане.
Няўдала стартавалі капыльскія мнагаборцы на наступны дзень. Набраўшы толькі 49 ачкоў на стомятроўцы, капыляне падзялілі 5-6 месца з клецкімі юнакамі. А вось на кіданні гранаты на нашых юнакоў было люба-дорага паглядзець: з пяці ўдзельнікаў усе паказалі вынік 40 і больш метраў. Асабліва ўдала тут выступіў Віталь Канончык. У трэцяй спробе ён кінуў гранату на 51,5 метра – лепшы сярод усіх юных мнагаборцаў. Гэты від крыху паправіў становішча нашай каманды, якая з чацвёртага перамясцілася на трэцяе месца.
Апошні від праграмы – бег на 3000 метраў – істотна не паўплываў на становішча нашай каманды. Трэцяе месца засталося за ёй. А вось выдатнае выступленне несвіжан, якія да гэтага ішлі на чацвёртай пазіцыі, дазволіла ў агульнакамандным заліку падняцца на другі радок выніковага пратакола. Першы занялі ўздзенскія мнагаборцы.
Першыя чатыры каманды (Уздзенскі, Нясвіжскі, Капыльскі, Дзяржынскі раёны), якія змагаліся ў Капылі, выйшлі ў фінал абласных спаборніцтваў. Яны пройдуць ў г. Барысаве 26 - 27 красавіка. Жадаем капылянам дастойнага выступлення, тым больш, што запас сіл у іх ёсць.
Сяргей ЛАЗОЎСКІ
Фота аўтара
Комментарии