На базе ААТ “Капыльскі райаграсэрвіс” адбыўся чарговы савет дырэктараў аналагічных арганізацый Мінскай вобласці.
У парадак дня нарады было ўключана знаёмства з аб’ектамі шматгаліновага прадпрыемства па аб- слугоўванні аграпрамысловага комплексу, яго філіяламі, а таксама падвядзенне вынікаў работы райаграсэрвісаў вобласці за два месяцы 2011 года.
Як вядома, асноўнымі відамі дзейнасці ААТ “Капыльскі райаграсэрвіс” з’яўляецца рамонт сельскагаспадарчай тэхнікі, вузлоў і агрэгатаў да яе, грузаперавозкі, аказанне паслуг па механізаваных работах і аграхімічным абслугоўванні сельскагаспадарчых прадпрыемстваў. Акрамя таго, работнікі сэрвіснай арганізацыі займаюцца мантажом абсталявання для жывёлагадоўчых фермаў, аптовым гандлем мінеральнымі ўгнаеннямі, сродкамі аховы раслін, а таксама матэрыяльна-тэхнічным забеспячэннем запаснымі часткамі і гаруча-змазачнымі матэрыяламі.
Капыльскі раён, як адзначыў генеральны дырэктар ААТ “Мінскаблаграсэрвіс” Сяргей Косач, для правя- дзення семінара быў абраны невыпадкова. Па вытворчасці сельгаспрадукцыі ён з’яўляецца адным з перадавых на Міншчыне. Дарэчы, пра стан спраў у гэтай галіне ў раёне прысутным расказала першы намеснік старшыні райвыканкама начальнік упраўлення райсельгасхарчу Ірына Кісляк.
У рабоце ААТ “Капыльскі райаграсэрвіс” за студзень – люты 2011 года назіраюцца нядрэнныя паказчыкі. Як падкрэсліў дырэктар Анатоль Чаркас, рэнтабельнасць ад рэалізацыі тавараў, прадукцыі, работ і паслуг за гэты перыяд склала 5,8% пры плане 2%, працэнт выканання – 290 (летась было мінус 15,9%). За два месяцы атрымана 140 млн прыбытку пры планавым паказчыку 50 млн (працэнт выканання – 280, летась мінусавалі на 254%).
Шмат уражанняў ва ўдзельнікаў семінара пакінула наведванне вытворчай базы сэрвіснай арганізацыі. Па-першае, было адзначана добраўпарадкаванне тэрыторыі, яе азеляненне. Па-другое, была звернута ўвага на добры стан рамонтных майстэрняў, на стварэнне бытавых умоў. Па словах гендырэктара аблаграсэрвісу Сяргея Косача, відаць, што ідуць работы, людзі заняты справай, на прадпрыемстве ёсць аб’ёмы, а значыць і выконваюцца вытворчыя паказчыкі. З асаблівай цікавасцю былі наведаны ўчастак па рамонце шын для трактароў “Фэндт”, “Джон Дзір” і г. д., а таксама станцыі тэхабслугоўвання, па рамонце паліўнай апаратуры. Трэба адзначыць, што не кожны райаграсэрвіс вобласці можа дазволіць сабе такія вытворчасці.
Што датычыцца сельгасфіліялаў, то на іх, па магчымасці, робіцца многае. Але, на жаль, патрабуецца яшчэ шмат фінансавых укладанняў. Так, на частковую рэканструкцыю МТФ “Браткава” было ўкладзена 380 млн руб. уласных сродкаў. Многае выконваецца сіламі прадпрыемства: як прыклад – даільная зала на гэтай жа ферме. Праўда, дзякуючы будаўніцтву ў Браткаве аграгарадка былі выдзелены грошы на асфальтаванне тэрыторыі мехмайстэрняў, што значна палепшыла яе выгляд.
У сельгасфіліяле “Руднае” была звернута ўвага на стан пасеваў азімых, іх падкормку і сяўбу яравых збожжавых. У якасці прыкладу гендырэктар аблаграсэрвісу Сяргей Косач адзначыў палетак азімай пшаніцы каля в. Калоўка. Менавіта такімі павінны выходзіць пасевы пасля зімы, заўважана, што былі захаваны неабходныя тэхналагічныя прыёмы. Наконт якасці сяўбы ў сельгасфіліяле таксама не ўзнікае ніякіх заўваг.
Па словах Сяргея Косача, падобныя семінары-нарады арганізоўваюць работу па навядзенні парадку, стымулююць да выканання паказчыкаў і пастаўленых задач. Ён адзначыў добрую падрыхтоўку капыльскага райаграсэрвісу да савета дырэктараў і выказаў спадзяванне, што ў хуткім часе ён стане адным з лепшых у вобласці.
Сяргей КОЗЕЛ
НА ЗДЫМКУ: падчас наведвання вытворчай базы.
Фота аўтара
Комментарии