Калядкі адзначаліся на другі дзень Божага Нараджэння. Гэту калядную гульню вясковая моладзь Капыльшчыны чакала з нецярплівасцю.
Арганізаваць калядкі было няпроста. Гэту ідэю мог ажыццявіць чалавек, які валодаў пэўнымі здольнасцямі, умеў павесці за сабой моладзь. І такія людзі былі.
Перш-наперш шукалі памяшканне, дзе павінна адбыцца кульмінацыя гульні. Затым збіралася група бойкіх, гарэзлівых хлопцаў, перад якімі ставілася вельмі важная задача — наведванне дамоў, дзе пражываюць дзяўчаты. Трэба было непрыкметна ўзяць якую-небудзь рэч, што належала дзяўчыне, і забраць яе з сабой. Бралі ўсё: падушку, сукенку, хустку і г.д. За іх потым хлопцы патрабавалі выкуп.
Тут як ні круці, а ўсе ў вёсцы ведалі, што прыходзілі хлопцы ў хату не чаі распіваць, а што-небудзь узяць. Але разумелі, што гэта з’яўляецца галоўным элементам каляднай гульні. Таму не было ні аднаго выпадку, каб хлопцы вярталіся з пустымі рукамі, бо гэта б адразу азначала, што нехта з дзяўчат выпадае з агульнай гульні.
У вызначаны час моладзь з кошыкамі, у якія збіралі калядную ежу, стукалася ў хаты, адкуль папярэдне забіралі рэчы, і праводзіўся абмен. Калі торг заканчваўся, накрывалі сталы. Затым маладыя людзі бралі адзін аднаго за рукі, станавіліся ў круг і спявалі: «Каляда, Каляда, прыходзь да нас. З намі будзеш спяваць, танцаваць, калядаваць!»
Нечакана для ўсіх у сенцах раздаваўся грукат, адчыняліся дзверы і ў хату ўваходзіла Каляда ў вобразе Казы. Што тут было! Дзяўчаты, нібы вераб’і, падляталі да яе і навыперадкі звярталіся з пытаннем: «Каляда, Каляда, скажы мне, дзе мой нарачоны?» І для кожнай у Каляды быў свой адказ. І яна казала праўду, бо ведала пра ўсе вясковыя навіны.
У хаце стаяў такі гоман, смех, што было чутно і на вуліцы. Калі моладзь крыху супакойвалася, Каляда і арганізатар гэтай урачыстасці давалі каманду садзіцца за стол. За святочнай бяседай гучалі пажаданні, тосты, песні, прыпеўкі… Затым пачыналіся танцы.
Так адзначала Нараджэнне Хрыстова моладзь Капыльшчыны. Цяпер у вёсках такога ўжо няма. Не вернуцца шчаслівыя гады маладосці ўжо ніколі. Ад гэтага агортвае смутак…
Іван ЗАРЭМБА,
г. Капыль
Комментарии