Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

16

Праца на агульную карысць

20.04.2011
Традыцыя працоўнай суботы існуе ўжо амаль 100 гадоў. Лічыцца, што першы суботнік адбыўся 12 красавіка 1919 года. Аднак слова “суботнік”, якое ўзнікла яшчэ ў гады савецкай улады, сёння набыло новую афарбоўку. Як паведамілі ў аддзеле эканомікі райвыканкама, каля 28,6 мільёна рублёў зарабілі жыхары Капыльшчыны на рэспубліканскім суботніку. Частка гэтых сродкаў будзе выкарыстана на аздараўленне дзяцей, якія пражываюць на тэрыторыі радыяцыйнага забруджвання, інвалідаў з выпадку  катастрофы на Чарнобыльскай АЭС і іншых радыяцыйных аварый, а таксама на будаўніцтва новага будынка музея Вялікай Айчыннай вайны ў сталіцы. Таксама грошы будуць накіраваны на мінімізацыю наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, у тым ліку на развіццё і ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы дзіцячых рэабілітацыйна-аздараўленчых цэнтраў і арганізацый аховы здароўя. Наша рэйдавая брыгада наведалася ў гэты дзень па многіх адрасах, і ўсюды кіпела работа. Маладыя людзі, члены ГА “БРСМ”, працавалі на добраўпарадкаванні крынічкі ля Замкавай гары, тым самым падтрымалі абласную акцыю “Хрустальныя крыніцы Міншчыны”. Паводле слоў начальніка аддзела па справах моладзі Валянціны Балажынскай, прыбірацца будзе не толькі тэрыторыя вакол крынічкі: юнакі і дзяўчаты (прадстаўнікі гарадскіх прадпрыемстваў і ўстаноў) пройдуць уздоўж русла ракі і збяруць смецце, якое там назапасілася. Адным з самых шматлюдных падаўся схіл ля касцёла. Тут наводзілі парадак супрацоўнікі ўпраўлення, аддзелаў і службаў райвыканкама. Натужліва гулі бензапілы, зразаючы густую порасль, маторы аўтамабіля, да верху загружанага зрэзаным галлём, і “Амкадора”, у коўш якога мужчыны збіралі камяні. Дарэчы, работы на гэтым аб’екце будуць прадаўжацца і на працягу ўсяго тыдня, каб зрабіць яго адным з самых прыгожых і добраўпарадкаваных месцаў нашага горада. На прыбіранне сваёй тэрыторыі выйшлі і амаль усе супрацоўнікі цэнтральнай раённай больніцы. Вось аб’ектыў фотакамеры адлюстраваў работнікаў інфекцыйнага аддзялення на чале з яго загадчыцай Валянцінай Козел і старшынёй прафсаюзнага камітэта ўстановы аховы здароўя Людмілай Лагун. Крыху далей — яшчэ і яшчэ адна групка людзей з граблямі, венікамі і лапатамі. Праязджаем некалькі соцень метраў — і мы за межамі горада, на месцы былой фермы “Русанкі” ААТ “Мажа-Агра”. Цяпер ад яе не засталося і знаку, а вось распрацаванае на гэтым месцы поле патрабуе прыкладання чалавечых рук. Нібы знарок рассыпанае каменне старанна прыбірала адносна невялікая, чыста мужчынская каманда з прадстаўнікоў дзяржстарху і энерганагляду .  “Прайшло толькі гадзіны дзве, як мы працуем, — расказвае намеснік начальніка прадстаўніцтва Бедзяржстарху па Капыльскім раёне Анатоль Віяленцій, а ўжо чацвёрты коўш пагрузчыка збіраем. Трапляюцца нават такія камяні, што даводзіцца падымаць некалькім мужчынам”. Па дарозе на Пацейкі прыпыніліся ля могілак в. Кацельнікі. Вакол агароджы старанна падграбала смецце жанчына, а мужчына, відаць, яе муж, зносіў яго ў кучу. Тут жа, ля помніка загінуўшым аднавяскоўцам, разгаварыліся з Алай Лапацінай і яе маленькай пляменніцай Алінай. Як аказалася, па даручэнні Пацейкаўскага сельвыканкама Ала Мікалаеўна, бібліятэкар Душаўскай сельскай бібліятэкі, адказвае за падтрыманне парадку вакол гэтага памятнага месца. “Я прыйшла сюды зараней, чакаю, што хутка збяруцца і мясцовыя жыхары, а пакуль разам з плямяшкай падграбаем мінулагодняе лісце,” — расказвае жанчына. Першакласніца Аліна таксама ўзброілася маленькімі грабелькамі і старанна дапамагае цётцы. Спадзяюся, што яна ўжо ведае, у гонар каго пастаўлены гэты помнік, і раскажа сваім аднакласнікам, якую добрую справу яна дапамагала зрабіць. Літаральна насупраць могілак, на ўскрайку лесу, стараліся двое мужчын. Яны ўжо ўкапалі высокія слупы, пафарбавалі іх. “Што ж тут будзе?” — пытаюся. “Нешта накшталт звароту да ўсіх, хто наведвае наш лес, з просьбай берагчы яго”, — адказвае адзін з іх. Знаёмімся — ляснік Капыльскага лясніцтва Віктар Радкевіч і вальшчык Генадзь Паграбіцкі. Мужчыны з задавальненнем прадэманстравалі, як будзе выглядаць канструкцыя ў цэлым, і расказалі, што ў планах на дзень — устаноўка яшчэ такога аднаго плаката, а таксама шлагбаўмаў на лясных дарогах. За адміністрацыйным будынкам ААТ “Прагрэс-2010” таксама кіпела работа. Тут шчыравалі работнікі так званай канторы на чале з галоўным бухгалтарам Таццянай Прышчэпай. “Вы ведаеце, а ў нашай Таццяны Іванаўны сёння падвоенае свята — суботнік і асабісты дзень нараджэння, — весела, перабі- ваючы адна адну, спяшаліся расказаць яе калегі. — Тут і сынок яе дапамагае, а муж — адзін з лепшых механізатараў гаспадаркі — на сеялцы шчыруе”. “А мы вось з нашым галоўным эканамістам Яўгеніяй Шкурскай дрэвы белім”, — уступае ў размову Аксана Каляда, інспектар аддзела кадраў гаспадаркі. — І дрэвам карысць, і воку прыемна”. Хутка пад’ехаў старшыня Пацейкаўскага сельвыканкама Генадзь Лопух, які падрабязна расказаў аб тым, як арганізавана работа па навядзенні парадку на тэрыторыі сельсавета. Думаць пра гэта пачалі ўжо ў сакавіку, калі на пасяджэнні сельвыканкама зацвердзілі адпаведную праграму, вызначылі, хто з работнікаў сацыяльнай сферы будзе адказваць за добраўпарадкаванне канкрэтных аб’ектаў. Не засталіся ўбаку ад агульнай справы старэйшыны вёсак, а магчыма, нават недзе сталі яе галоўнымі каардынатарамі. “Мы наводзім парадак не толькі сёння, у дзень суботніка, — расказвае Генадзь Анатольевіч. — Працуем ужо трэцюю суботу, і на гэтым справу не спынім. Наперадзе ў нас вялікая работа. Хочацца, як гэта не складана, каб вёскі ў нашым сельсавеце набылі вельмі прывабны выгляд. Асаблівая ўвага месцам пахавання воінаў, партызан і загінуўшых аднавяскоўцаў. Вось і сёння адна група наводзіць парадак у Жавалках, другая — у Ржаўцы, прыбіраем у Душаве, Пацейках, Кацельніках”. Вярнуўшыся ў Капыль, не маглі не прыпыніцца ля поймы рэчкі Каменкі, дзе працавалі работнікі ўстаноў культуры (можа, таму, што самім год ці два таму давялося прыбіраць горы смецця, якія выкідваюць у пойму не самыя сумленныя нашы суграмадзяне), заехалі і на масласырзавод, дзе таксама поўным ходам ішла работа: фарбавалі бардзюры і вароты, змяталі і вывозілі пясок і смецце, чысцілі канавы і садзілі дрэўцы . Характэрна, што ўсюды, з кім толькі не даводзілася размаўляць, гучалі толькі станоўчыя эмоцыі. Людзі працавалі з поўнай аддачай, паколькі былі ўпэўнены, што іх праца патрэбна роднаму гораду, раёну, нашай Беларусі. Маргарыта САКОВІЧ Фота аўтара

Источник:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей