Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

132

"Вкусные" традиции: что готовили хозяйки Копыльщины к Щедрецу

14.01.2019
Наш край заўсёды славіўся цікавай своеасаблівай культурай. Частка яе — смачныя стравы, тым больш набліжаецца Шчадрэц, які адрозніваўся багаццем ежы, песень і вяселля. 6651b49b20-1 Што гатавалі гаспадыні Капыльшчыны да Шчадраца ды і не толькі, расказвае дырэктар раённага Цэнтра традыцыйнай культуры Галіна ГУРЛО: галя гурло— Каб даведацца пра разнастайныя стравы, былі праведзены экспедыцыі па вёсках Капыльшчыны, у склад якіх увайшлі кіраўнікі клубных устаноў раёна. Мы наведваліся да жанчын, так званых носьбітаў мясцовых традыцый, і запісвалі рэцэпты. Адзначу, што па некаторых з іх я гатавала дома, і атрымалася вельмі смачна. Паспрабуйце і вы. Прыемнага апетыту! Новыя Доктаравiчы Куцця з хвастом (гатавалі на Шчадрэц) Крупы ячныя сыпалі ў чыгунок, дабаўлялі ваду, каб закрывала крупы, клалі свіны хвост і ставілі варыць у печ на 1–1,5 гадзіны. Потым дзяўчаты гадалі, бегаючы з хвастом у роце па вёсцы. Як будуць зваць першага мужчыну, якога сустрэнуць, так будзе звацца і муж. Гопа Бульбу нацерці на буйной тарцы, дадаць сухія яблыкі і тушыць у печы. Жылiхава Жур Спачатку авёс апарвалі і настойвалі некалькі гадзін. Затым працэджвалі, атрымоўвалася цягучая маса, як кісель. Дабаўлялі лусту хлеба (акраец), залівалі  халоднай вадой і ставілі на ноч у печ, каб маса падкісла. Раніцай кісельную масу  цадзілі, а затым варылі кісель. Яго заскварвалі тлушчам і цыбуляю. Скавароднікі (бліны) Замешвалі цеста з аржаной мукі, ставілі на ноч у печ, каб яно падкісла, а раніцай накладвалі на патэльню (скавародку) слой таўшчынёй каля 3 см, змазаўшы яе здорам, і выпякалі ў печы. Атрымліваўся тоўсты, духмяны блінец-скавароднік. Клында                       Ільняное семя сушылі ў печы, таўклі ў ступе, прасейвалі. Рабілі з мукі калатушу, падавалі на стол і мачалі бульбай. Бучацiна Вантрабянка Свіныя вантробы (лёгкія, печань, ныркі, сэрца), 1 кг свініны, 1,5 кг сала, тоўстыя свіныя кішкі, 3 цыбуліны, часнок, соль на смак, каляндра, перац чорны гарошкам. Вантробы, свініну, сала варыць да паловы гатоўнасці ў адной каструлі 0,5 гадзіны, затым нарэзаць дробнымі кубікамі, націснуць часнок, натаўчы прыправы, пасаліць, усё змяшаць і набіць гэтым свіныя кішкі. Затым  бляху змазаць здорам, туды пакласці вантрабянку і запячы ў духоўцы або печы. Запечаную вантрабянку пакласці пад гнёт на суткі. Шурпа У каструлі варым мяса, дадаём ячныя крупы. Праз паўгадзіны туды — бульбу, цыбулю, моркву. Усё гэта варым да гатоўнасці. У канцы варкі дадаём ліст лаўровы, перац чорны і духмяны. Квас Варыцца ў печы. Замочваем сушаныя грыбы і фасолю на 3 гадзіны. У чыгунок рэжам бульбіну, капусту, моркву, цыбулю, чырвоны бурак, закідваем грыбы і фасолю і ставім у печ. Пры падачы на стол дабаўляем смятану. Крывяная каўбаса Смажыцца дробна нарэзанае сала з цыбуляй. Трэцца бульба на дробнай тарцы і змешваецца з салам, цыбуляй і крывёй. Дадаецца соль па гусце, молатыя хатнія спецыі (кроп, каляндра, кмін, крышачку перцу). Усё змешваецца і заліваецца няшчыльна ў кішку. Кішку пракалоць у некалькіх месцах, каб яна не лопнула, і запякаць у духоўцы альбо печы. Браткава Абаранкі                                       Мука, соль, цукар.  Муку заварвалі кіпнем, дабаўлялі соль, крыху цукру, круцілі тонкія абаранкі. Гатавалі на  Каляды, Вялікдзень, радзіны, хрэсьбіны. Буценя Тварог змешвалі з гарачым ці халодным малаком. Хармушка У ваду крышылі аржаны хлеб, засмажвалі салам і цыбуляй, затым тушылі ў печы. Цiмкавiчы Каўбаса з печані 200 г сала, 800 г печані, 3 цыбуліны, 2 ст. лыжкі тлушчу, свіная кішка, соль на смак. Печань і сала нарэзаць дробнымі кубікамі,  дадаць пакрышаную цыбулю, соль, перамяшаць. Кішку напоўніць гэтым фаршам. Каўбасу абсмажыць на тлушчы на невялікім  агеньчыку з абодвух бакоў. Падаць з варанай бульбай і капустачкай. Смажанка 500 г мяса, 6–8 бульбін, 1 морква, 1,5 ст. лыжкі мукі, 0,5 шклянкі смятаны, 1,5 ст. лыжкі здору, соль, перац, лаўровы ліст. Мяса нарэзаць кавалкамі, злёгку адбіць, пасаліць,  паперчыць, абмакнуць у муцэ і абсмажыць на здоры да ўтварэння румянай скарынкі. Пакласці ў чыгунок, дадаць  ачышчаныя і нарэзаныя цыбулю, моркву, бульбу, уліць булёну або вады і тушыць на слабым агні. Калі мяса будзе амаль гатовае, дадаць лаўровы ліст, соль, уліць смятану і патушыць усё разам яшчэ хвілін пяць. Галубцы з грыбамі 1 невялікі качан капусты, 300 г свежых грыбоў, 2 цыбуліны, 3–4 лыжкі алею, 2 ст. лыжкі маргарыну, 1 шклянка рэдкай смятаны, 0,5 шклянкі таматнага пюрэ, соль. Качан капусты, з якога выразана храпка, апусціць у падсоленую ваду, якая кіпіць, трошкі паварыць, затым дастаць з вады. Аддзяліць капусныя лісты, зрэзаць патаўшчэнні. Грыбы адварыць, дробна парэзаць, дадаць нашаткаваную падсмажаную цыбулю, соль, перамяшаць і ўсё ра-зам абсмажыць. Атрыманы фарш загарнуць у капусныя лісты. Галубцы злёгку абсмажыць, злажыць у чыгунок і заліць смятанай, змешанай з таматам-пюрэ. Тушыць 30–40 хвілін. Ванелевiчы Салата з бульбы i салёных агуркоў 500 г бульбы, 300 г салёных агуркоў, 2 цыбуліны, 0,5 шклянкі алею, 1 яйка, соль, перац, зеляніна. Бульбу абабраць, зварыць у падсоленай вадзе, абсушыць, змяшаць з нашаткаванай цыбуляй, уліць алей і патаўчы да ўтварэння аднароднай масы. Дадаць парэзаныя дробнымі кубікамі салёныя агуркі, молаты чорны перац, перамяшаць. Атрыманую масу абсыпаць дробна пасечаным крутым яйкам, здробненай зелянінай пятрушкі і кропу. Скабiн Галачкі 1 бохан чорнага хлеба, 2 яйкі, 2 чайныя лыжкі кміну. Для соусу: 50 г вэнджанага сала, 2 ст. лыжкі смятаны, 1 цыбуліна, 2 ст. лыжкі грыбоў сухіх молатых. У хлебную масу ўбіць яйкі, усыпаць кмін і замясіць цеста. Затым з яго сфарміраваць шарыкі. Палажыць у ваду і варыць 3–5 хвілін. Дастаць з вады шарыкі, палажыць у міску і заліць соусам. Прыгатаванне соусу: сала парэзаць кубікамі, абсмажыць, усыпаць цыбулю, пакласці грыбы, смятану і ўсё патушыць у печы. Пацейкi Галушкі з тварагу                     0,5 кг тварагу, смятана, 2 яйкі, 2–3 ст. лыжкі цукру, 1 шклянка мукі, 3 ст. лыжкі сметанковага масла, соль. Тварог з яйкамі, цукрам, маслам перамяшаць. У атрыманую масу дадаць муку і вылажыць на стол. Цеста раздзяліць на чатыры аднолькавыя часткі. Кожную частку скруціць па форме тонкай каўбаскі, прыплюснуць, разрэзаць на кольцы і варыць у падсоленай вадзе, пакуль не ўсплывуць наверх. Гатовыя галушкі вылажыць у міску і паліць смятанай. Капытка 12 бульбін, 0,5 шклянкі мукі, 4 лыжкі свінога тлушчу, 1 цыбуліна, сала, соль. Бульбу абабраць і дробна нацерці, адцадзіць. Дадаць муку, соль, замясіць цеста, а потым раскачаць і разрэзаць на палоскі 2–3 см. Вылажыць палоскі на бляху, змазаную тлушчам, і паставіць у печ. Спечаную капытку апусціць у ваду на 5–10 хвілін, а затым дастаць і падаваць са смажаным салам і цыбуляй. Каша з грэчкі і буракоў Нацерці на буйную тарку буракі, пакласці ў чыгунок і заліць вадой. Крыху прыварыць, дадаць 1 шклянку грэчкі і вады. Тушыць хвілін 40. Заправіць алеем ці здорам. Спецвыпуск падрыхтавала Дзіяна ТКАЧЭНКА

Слава працы Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей