Як хутка і найбольш вынікова здзейсніць вандроўку ў мінулае? Адказ просты — перагарнуць пажоўклыя старонкі газеты. Разам са своеасаблівым водарам настальгіі адчуваеш і незвычайны настрой той эпохі, таго часу.
Год 1969
Раённая газета выходзіла тады чорна-белая, але супрацоўнікі прыклалі шмат намаганняў, каб яе старонкі сталі больш святочнымі, і надрукавалі іх двума колерамі: зялёным і чырвоным.
Галоўная падзея 1 студзеня — на сцягу Савецкай Беларусі да двух ордэнаў Леніна далучыўся і ордэн Кастрычніцкай Рэвалюцыі. Крыху ніжэй вялікімі літарамі «НЯХАЙ ЦВІЦЕ, МАЦНЕЕ БЕЛАРУСЬ!» і далей пра тое, як святкавала краіна.
Віншуе з Новым годам і першы сакратар РК КПБ Л.Г. Абражэвіч. Сярод мясцовых навін — пра тое, як чыста і ўтульна ў хаце трактарыста саўгаса «Цімкавіцкі» Генадзя Ускірава, пра добраўпарадкаванне вёскі Лоцвіны, пра ажыўлены святочны гандаль у Грозаўскім прадуктовым магазіне.
Рознакаляровымі агеньчыкамі заззяла яшчэ вышэйшая, чым летась, ёлка-прыгажуня на плошчы Калгасніка (цяпер Леніна).
Тысячы прывітальных тэлеграм прынялі і перадалі тэлеграфісты раённага вузла сувязі. Сярод тых, хто прымаў і перадаваў віншаванні — Ніна Карачун.
Ад імя вучняў Цялядавіцкай СШ дзесяцікласніца А. Фіцька павіншавала настаўнікаў А.У. Касуху, В.Ю. Жалкоўскага, І.П. Янушку і аднакласнікаў.
Для тых, у каго ўжо быў тэлевізар, на апошняй старонцы надрукавана праграма перадач. Іх яшчэ зусім нямнога, і ідуць яны з 10 гадзін ранку да амаль 23.00 па адным канале.
Цудоўным падарункам чытачам сталі вершы Анатоля Астрэйкі, Адама Русака і Валянціна Насевіча.
Год 1979
Першая старонка сустракае фотакалажам Івана Ігнатчыка, на якім знайшлі свае месцы партрэты перадавікоў сельскай гаспадаркі, прамысловасці, культуры і іншых галін народнай гаспадаркі раёна. І зноў-такі віншаванне першага сакратара РК КПБ — Катко Д.Р.
Працягваюць навагодні прывітальны марафон літаратары Мікола Хведаровіч, Адам Русак і Сцяпан Александровіч, заслужаны мастак РСФСР наш зямляк Пётр Розін, Герой Сацыялістычнай Працы, былая свінарка саўгаса «Крыніца» А. Трыгубовіч.
Пра выпуск звышпланавай прадукцыі рапартуе сакратар партыйнай арганізацыі Цімкавіцкага спіртзавода Л. Фурык.
Добрым падарункам да Новага года для сям’і брыгадзіра брыгады фармоўшчыкаў завода жалезабетонных вырабаў Васіля Танко стала новая кватэра, якую атрымала яго сям’я ў 90-кватэрным доме па вуліцы Майскай (зараз вул. Янкі Купалы). Адметна, што напісала замалёўку Марыя Шалік — цяперашні галоўны рэдактар «СП» Марыя Шэіна.
Пра перадавую свінарку Лоцвінскай свінатаварнай фермы Антаніну Міхайлаўну Іноніну расказвае ў сваім нарысе Казімір Кухарчык.
А вось героем фотазамалёўкі В. Кашкана стаў галоўны ўрач Семежаўскай бальніцы Іван Іванавіч Дасюкевіч: «Дасюкевіч не лічыцца ні з чым для важнай справы. Дзякуючы яго нястомным клопатам, Семежаўская бальніца стала цяпер узорнай медыцынскай установай раёна. У сацыялістычным спаборніцтве за 1977 год яна заваявала першынство сярод сельскіх бальніц вобласці і прэміравана аўтамашынай».
З паэтычных твораў — верш «Новы год» М. Макарчука.
Год 1989
«Пад знакам абнаўлення» — пад такой назваю змешчана віншаванне першага сакратара РК КПБ Л.П. Грыбка. І тут жа, на першай старонцы, як даніна часу — «Трыбуна правафланговага: погляд на перабудову», дзе сваім вопытам дзеляцца клейшчыца, брыгадзір першай змены цэха гумава-тэхнічных вырабаў завода ГТВ Валянціна Собаль і звеннявы, буракавод калгаса «Семежава», кавалер ордэна Леніна Іван Лянько.
Да 70-годдзя БССР змешчаны працяг дакументальнай аповесці Эрнеста Ялугіна «Пасля нябыту», прысвечанай жыццю знакамітага земляка Цішкі Гартнага. А васьмікласніца СШ № 1 г. Капыля, член клуба «Проба пяра» Святлана Шулешка расказала пра тое, як ушаноўваюць яго памяць на радзіме, дакладней, пра выставу, прысвечаную жыццю Цішкі Гартнага.
Шмат імёнаў перадавых землякоў, чыёй працай ганарыцца Капыльшчына, успамінаецца ў святочным нумары. Гэта і дырэктар СШ № 2 г. Капыля Барыс Багдановіч, і рабочыя завода жалезабетонных вырабаў фармоўшчык А. Паўлаў, арматуршчыкі А. Траццяк і А. Роцька, электразваршчык Н. Карначова. Тут жа і пра дзейнасць самой раёнкі. Вось у клубе цікавых сустрэч ідзе размова са Станіславам і Таццянай Чарнушэвічамі, якія працавалі ў Мангольскай Народнай Рэспубліцы. Выказваюць супрацоўнікі «Слава працы» падзяку і сваім пазаштатным аўтарам І.М. Холаду, У.М. Калацкаму, А.А. Кандыбовічу, Р.Ф. Стэльмаху, Д.А. Янчыку, С.Л. Прылепцы, юнаму карэспандэнту Л. Латкінай.
На апошняй старонцы загадчык Лясноўскай бібліятэкі Уладзімір Коўш маляўніча і творча расказвае пра ансамбль «Нёманцы», які ў 1988 годзе адзначыў свой паўвекавы юбілей.
Старонкі гартала Дзіяна ТКАЧЭНКА
Комментарии