Эдварда Вайніловіча ведаюць як знакамітага грамадскага дзеяча, цудоўнага сем’яніна і сапраўднага мужчыну — прыклад для сучаснага пакалення. Сучаснікі па праве лічылі Эдварда Вайніловіча адукаваным і практычным памешчыкам, мудрым палітыкам.
[caption id="attachment_73035" align="aligncenter" width="560"]
■ Эдвард Вайніловіч, 1910 г.[/caption]
Што ж звязвае Эдварда Вайніловіча з Капыльшчынай? Яго былыя сядзібы знаходзяцца на тэрыторыі цяперашняга Капыльскага раёна. Увогуле, у Савічах знаходзіліся скляпенні, дзе былі пахаваны продкі Эдварда Вайніловіча, а таксама заўчасна памерлыя дзеці — дачка Алена і сын Сымон.
[caption id="attachment_73036" align="aligncenter" width="560"]
■ Сымон і Алена - дзеці Вайніловічаў[/caption]
Звязаны з сям’ёй Вайніловічаў і іншыя населеныя пункты раёна. Напрыклад, некалі ў сутарэннях касцёла святога Міхаіла Архангела ў Цімкавічах знаходзіліся фамільныя грабніцы роду Вайніловічаў. Сядзіба «Лапухі» (цяпер в. Дунаева) да 1846 года належала Тамашу Ёдку. Сям’я Вайніловічаў купіла яе ў другой палове XIX стагоддзя. У 1903 годзе (пасля смерці дачкі) Эдвард Вайніловіч прадаў «Лапухі» Людвігу Наркевічу-Ёдку. Гэтыя сродкі (каля 300 тысяч рублёў) і леглі ў аснову будаўніцтва Чырвонага Касцёла, цудоўнага храма ў памяць аб сваіх памерлых дзецях — Сымоне і Алене.
[caption id="attachment_73037" align="aligncenter" width="560"]
■ Касцёл св. Сымона і Алены (Чырвоны Касцёл у Мінску)[/caption]
Эдвард Вайніловіч нарадзіўся ў 1847 годзе ў маёнтку Сляпянка каля Мінска. Выхаванне ў радавым маёнтку Савічы Слуцкага павета ў традыцыйнай шляхецкай годнасці, якую Эдвард Вайніловіч засвоіў і пранёс у сваёй душы праз усё жыццё і якая заключалася ў высакароднай прастаце і сумленнасці, набожнасці і шчырай веры, зычлівасці і гасціннасці, шанаванні продкаў і ахвярнай любові да Айчыны, пачалося бацькамі і працягвалася настаўнікамі. Вялікім прыкладам для Эдварда заўсёды быў працавіты і мудры бацька, а таксама пакаленні памерлых продкаў.
[caption id="attachment_73041" align="aligncenter" width="560"]
■ Палац Вайніловічаў у в. Савічы. Фота да 1914 г.[/caption]
Атрыманыя ў спадчыну ўладанні, большасць з якіх знаходзілася ў межах Слуцкага павета, ператварылі Эдварда Вайніловіча ў аднаго з багацейшых памешчыкаў Мінскай губерні. Да пачатку ХХ стагоддзя Эдвард Вайніловіч стаў буйным прадпрымальнікам і валодаў шматлікімі землямі і фабрыкамі ў Мінскай губерні. Гарадскі суддзя, прадпрымальнік, стацкі саветнік, дэпутат расійскай Дзяржаўнай думы, старшыня Мінскага сельскагаспадарчага таварыства — Эдвард Вайніловіч дасягнуў усяго сваімі намаганнямі. Ён з залатым медалём скончыў Слуцкую Кальвінскую гімназію, якая лічылася адной з самых лепшых у краі. У 1865 годзе паступіў, маючы ўсяго 17 гадоў, без экзаменаў у Пецярбургскі тэхналагічны інстытут, дзе, удзельнічаючы ў студэнцкіх сходках, навучыўся «ўсіх людзей лічыць роўнымі сабе — як перад законам, так і перад Богам». Працаваў інжынерам-тэхнолагам на Пуцілаўскім заводзе. Удасканальваў веды ў Італіі, у Германіі, у Польшчы. Сам Пётр Сталыпін, які за здольнасці і рэфарматарскія адносіны да працы называў Вайніловіча «мінскім Бісмаркам», прапаноўваў яму заняць у сваім урадзе на выбар пасаду віцэ-прэм’ера або міністра сельскай гаспадаркі Расіі. Але Эдвард прыклаў намаганні для падняцця эканомікі і дабрабыту свайго краю.
Эдвард Вайніловіч з’яўляўся членам і прымаў удзел у рабоце трох Дзяржаўных дум Расіі. На працягу 35 гадоў быў ганаровым суддзёй Слуцкага павета. Узначальваў Таварыства дабрачыннасці Слуцкага павета. На аснове навейшых дасягненняў у сваіх маёнтках арганізоўваў сельскагаспадарчую працу. З 1878 года стаў членам, віцэ-старшынёй, а потым і старшынёй Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі. Падтрымліваў і фінансаваў беларускія зямляцтвы ў Вільні і Пецярбургу, фінансаваў першае легальнае беларускае выдавецтва «Загляне сонца і ў наша аконца».
Дзелавыя інтарэсы Вайніловіча былі шматбаковымі. На яго землях праводзіліся розныя сельскагаспадарчыя эксперыменты. У Клецку Вайніловіч стварыў банк дапамогі сялянам. У Слуцку ён узначальваў таварыства дабрачыннасці, пры якім была адкрыта сярэдняя гандлёвая школа. Па ініцыятыве Вайніловіча выплачвалі стыпендыі маламаёмасным навучэнцам. Быў сапраўдным хрысціянінам: ахвяраваў грошы на будаўніцтва храмаў, пабудовы інтэрнатаў для дзяцей-сірот у Клецку і Капылі. Сучаснікі па праве лічылі Эдварда Вайніловіча адукаваным і практычным памешчыкам, мудрым палітыкам.
Ажаніўся Эдвард Вайніловіч у трыццаць пяць гадоў. Яго абранніцай стала любімая дзяўчына Алімпія Узлоўская. У сям’і нарадзіліся дачка Алена і сын Сымон. Аднак сямейнае жыццё стала цяжкім выпрабаваннем для мужа і жонкі: іх любыя дзеці памерлі пасля цяжкай хваробы.
[caption id="attachment_73038" align="aligncenter" width="350"]
■ Алімпія Узлоўская — жонка Эдварда Вайніловіча[/caption]
Эдвард і Алімпія Вайніловічы вырашылі пабудаваць храм у гонар святых Сымона і Алены — як памяць пра сваіх дзяцей. Кошт храма склаў больш за 300 тысяч рублёў, што раўнялася палове гадавога даходу горада Мінска. 21 лістапада 1910 года адбылося ўрачыстае асвячэнне храма.
Спавядалі Эдвард і Алімпія Вайніловічы каталіцызм, але да ўсіх веравызнанняў ставіліся паважліва. Шматлікія сведчанні гавораць пра апякунства і ахвяраванні Вайніловічаў храмам розных канфесій. Напрыклад, у Макранах Эдвард узвёў праваслаўную Георгіеўскую царкву, а побач, непадалёку, — каталіцкі касцёл. У Клецку для яўрэяў пабудаваў сінагогу. Добразычліва ставіўся да татар — мусульман.
Кастрычніцкая рэвалюцыя, сусветная, грамадзянская, польска-савецкая войны спынілі гаспадарчую дзейнасць прадпрыемстваў Эдварда Вайніловіча. У 1920 годзе ён разам з жонкай ад’ехаў у польскі горад Быдгашч, дзе на свае сродкі пабудаваў шматпавярховы дом для дзяцей-сірот, за што заслужыў вялікую павагу жыхароў месца. У гэтым горадзе быў пахаваны пасля смерці ў 1928 годзе.
Яго прах вярнуўся на радзіму, а душа знайшла спакой у мілай сэрцу Беларусі. 11 чэрвеня 2006 года ў касцёле святых Сымона і Алены (Чырвоным Касцёле) адбылося жалобнае богаслужэнне і перапахаванне астанкаў заснавацеля храма, мецэната, грамадскага і палітычнага дзеяча Эдварда Вайніловіча.
Адным з першых месц ушанавання памяці памерлага Эдварда Вайніловіча стаў Нясвіж, дзе ўласнікі палаца князі Радзівілы ўстанавілі 14 кастрычніка 1929 г. мемарыяльную пліту ў гонар Эдварда Вайніловіча ў фарным касцёле Божага Цела горада. У чэрвені 2008 г. у Мінску была ўмуравана мемарыяльная шыльда на месцы пахавання Эдварда Вайніловіча каля Касцёла Святога Сымона і Святой Алены.
16 чэрвеня 2012 г. у Быдгашчы быў урачыста адкрыты сквер імя Эдварда Вайніловіча, які знаходзіцца на збегу вуліц Хадкевіча і Сулкоўскага каля дома былога т.зв. «Ускраіннага інтэрната». 2 лістапада 2010 г. рашэннем Капыльскага раённага Савета дэпутатаў адна з новых вуліц у горадзе Капылі была названа вуліцай Вайніловіча ў гонар Эдварда Вайніловіча.
У 2010 годзе ў Капыльскім раёне з’явіўся новы экскурсійны маршрут — «Па сядзібах Эдварда Вайніловіча», распрацаваны міжнародным грамадскім аб’яднаннем «Адукацыя без межаў» і Капыльскім раённым краязнаўчым музеем. Экскурсанты наведваюць вёску Савічы, каб пакланіцца крыжам, устаноўленым на месцы радавых могілак. У 90-я гады мінулага стагоддзя мясцовая каталіцкая парафія пры падтрымцы мінскай парафіі св. Сымона і Алены крыху акультурыла гэта месца і ўстанавіла на ім драўляны крыж. У 2014 годзе на месцы радавых могілак былі праведзены будаўнічыя работы: з’явіліся два крыжы — праваслаўны і каталіцкі, а паміж імі сімвалічная Галгофа — узгорак з фігурай Божай Маці, якая трымае на сваіх руках Збавіцеля пасля зняцця Яго з крыжа.
[caption id="attachment_73039" align="aligncenter" width="560"]
■ На месцы радавых могілак непадалёку ад вёскі Савічы[/caption]
Яшчэ больш прывабны выгляд атрымала гэта месца ў кастрычніку 2016 года, калі па ініцыятыве сям’і Пацэнкераў з г. Капыля тут было праведзена добраўпарадкаванне. У лістападзе 2016 года гэта месца было асвечана Архіепіскапам Мітрапалітам Мінска-Магілёўскім Тадэвушам Кандрусевічам.
У 2014 годзе распачаўся працэс беатыфікацыі Эдварда Вайніловіча — далучэння яго да ліку святых. І ўжо зараз пройдзены першы этап — каталіцкай царквой ён лічыцца блаславёным. 27 чэрвеня 2017 года дэпутаты Мінскага гарадскога Савета прынялі рашэнне аб прысваенні скверу за Чырвоным касцёлам імя Эдварда Вайніловіча.
Падрыхтавала Маргарыта САКОВІЧ
Комментарии