Шчырая размова па сутнасці
На сустрэчы з прадстаўнікамі расійскай медыяпрасторы і экспертнай супольнасці Аляксандр Лукашэнка адказаў на актуальныя пытанні двухбаковых адносін
Гэта чатырнаццатая па ліку падобная сустрэча Кіраўніка нашай краіны з расійскімі рэгіянальнымі журналістамі, якая па традыцыі завяршыла прэс-тур па Беларусі. Сёлета ў вандроўцы ўдзельнічалі карэспандэнты і кіраўнікі 77 сродкаў масавай інфармацыі з 44 рэгіёнаў Расіі. Упершыню ў такім фармаце камунікацый з Кіраўніком беларускай дзяржавы ўдзельнічалі расійскія эксперты і палітолагі, а таксама прадстаўнікі федэральных СМІ.
Сукупны тыраж друкаваных выданняў, прадстаўнікі якіх сабраліся ў Палацы Незалежнасці ў Мінску, — больш як 4,6 мільёна экзэмпляраў, патэнцыяльная тэлерадыёаўдыторыя — звыш 695 мільёнаў чалавек, наведвальнасць сайтаў інфармагенцтваў і інтэрнэт-парталаў — больш як 6,2 мільёна ў суткі, інтэрнэт-аўдыторыя блогаў — 2,7 мільёна чалавек.
Размова доўжылася чатыры гадзіны і як заўсёды прайшла ў адкрытай, шчырай і сардэчнай атмасферы. Дарэчы, перад тым як даць слова суразмоўнікам, Аляксандр Лукашэнка папрасіў разглядаць сустрэчу менавіта як сумленны і адкрыты абмен думкамі. «Я вельмі разлічваю, што вы як сапраўдныя лідары меркаванняў падзеліцеся сваімі поглядамі на перспектывы і праблемныя пункты нашай інтэграцыі», — сказаў ён.
Рэгіёны выратавалі саюз
«Мы даўно планавалі гэтую сустрэчу, — звярнуўся Прэзідэнт да гасцей з Расіі. — Шчыра кажучы, рыхтаваліся падвесці вынікі беларуска-расійскага ўзаемадзеяння. Але, на жаль, пытанні пакуль засталіся. І ў найбліжэйшы час мы з маім расійскім калегам пастараемся іх вырашыць. Такім чынам інфармацыйныя нагоды вам яшчэ забяспечым».
Аднак і без гэтага назапасілася дастаткова тэм, якія заслугоўваюць увагі, адзначыў Кіраўнік дзяржавы. Ён наступным чынам ахарактарызаваў глабальны кантэкст часу, на які прыпала сёлетняя сустрэча: новы віток гонкі ўзбраенняў, гандлёвыя вой-ны, рост экстрэмізму, страта духоўнай арыентацыі. Наўздагон падзеям чуткі, домыслы, фэйкі традыцыйна запаўняюць медыйную прастору, ускладняюць успрыманне рэчаіснасці. «Вы разумееце, што гэтыя фактары таксама ўплываюць на ўнутранае жыццё нашага саюза, на тэмп нашага стратэгічнага супрацоўніцтва. Мяркую, што ў вас сабралася шмат пытанняў, якія патрабуюць адсылкі да першакрыніцы. Мне, натуральна, ёсць што сказаць вам, а праз вас — чытачам і гледачам», — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.
Ён выказаў спадзяванне, што ўдзел у гутарцы экспертаў дазволіць больш дэталёва абмеркаваць усе самыя актуальныя тэмы сённяшняга дня. «Да таго ж чым больш будзе канструктыўных прафесійных і асабістых кантактаў, тым больш эфектыўнымі будуць адносіны паміж дзяржавамі», — падкрэсліў беларускі лідар.
Кіраўнік дзяржавы чарговы раз падкрэсліў, што залогам паспяховага партнёрства Беларусі і Расіі з'яўляецца менавіта міжрэгіянальнае супрацоўніцтва: «Я ўвогуле ў заслугу міжрэгіянальнаму супрацоўніцтву і губернатарам Расійскай Федэрацыі стаўлю захаванне нашага саюза. Не было б іх — не было б і гэтага саюза, бо ў нашых адносінах па меншай меры двойчы быў такі перыяд, калі мы стаялі на мяжы разрыву. І гэта адбывалася на ўзроўні цэнтраў: федэральных улад і ўлад Беларусі. І тады рэгіёны выратавалі наш саюз».
Беларусь падтрымлівае ўстойлівыя гандлёва-эканамічныя сувязі практычна з усімі рэгіёнамі Расійскай Федэрацыі. Там сканцэнтравана мноства вытворчасцей, якія звязваюць інтэграцыю дзвюх краін. «Часта я чытаю ў сродках масавай інфармацыі, чую нават ад прыхільнікаў нашага саюза: навошта мы кормім увесь час Беларусь? Некаторыя нават падлічылі, што за час незалежнасці нам аж 100 мільярдаў долараў адвалілі. Я, калі чытаю пра гэта, думаю, што беларусы проста падавіліся б такой вялізнай колькасцю купюр, якія паступілі б у замежнай валюце ад нашай брацкай дзяржавы. Цалкам бязглуздзіца», — заўважыў Аляксандр Лукашэнка.
«Гэтыя сумы падлічаны так: ах, каб мы гэта прадалі, ды па такой цане, то, напэўна, было б 100 мільярдаў долараў. Гэта я як эканаміст думаю, што яны так разважаюць. Але вы людзі пісьменныя, разу-мееце, што яшчэ трэба прадаць. Сёння Расія хацела б больш прадаць нафты і газу, але рынак не спажывае столькі. Таму так разважаць — глупства. А калі б абвалілася эканоміка Беларусі, то і гэтага б не прадалі: 25 мільярдаў кубоў газу штогод і 24 мільёны тон нафты, якія мы купляем у Расіі, няхай нават без мытных пошлін, як у нас прынята ў Мытным саюзе, зараз у ЕАЭС, але, тым не менш, гэта — вялізныя грошы».
Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што беларускія тавары таксама прадаюцца без мытных пошлін на расійскім рынку. Пры гэтым тавараабарот Беларусі і Расіі ў лепшыя часы даходзіў да 47 мільярдаў долараў. «Мы калісьці трэці-чацвёрты радок у тавараабароце Расійскай Федэрацыі з іншымі дзяржавамі, у тым ліку далёкага замежжа, займалі», — сказаў ён.
Адказаў Кіраўнік дзяржавы і на папрокі ў неабходнасці крэдытавання беларускай эканомікі з боку Расіі. «Калі мы сёння ад Расійскай Федэрацыі чатыры-пяць мільярдаў долараў атрымалі крэдыту, то штогод за гэтыя крэдыты, іх абслугоўванне, плацім адзін мільярд 200 мільёнаў долараў», — паведаміў ён.
Да таго ж прадстаўнікі СМІ падчас прэс-тура адчулі на прамысловых прадпрыемствах той узровень кааперацыі, які існуе паміж Беларуссю і Расіяй. «На прадпрыемствах, з якімі мы супрацоўнічаем, купляючы ў вас ад металу да камплектуючых, працуе больш за 10 мільёнаў расіян. А калі ўзяць сярэднюю сям'ю — гэта каля 40 мільёнаў так або інакш завязаных на нашу кааперацыю», — расказаў Аляксандр Лукашэнка. Па яго словах, расійскія крэдыты, па сутнасці, накіраваны на падтрымку гэтых 40 мільёнаў расіян у тым ліку.
Вяртаючыся да тэмы рэгіёнаў, Прэзідэнт нагадаў, што кастрычніцкі форум у Магілёве сабраў больш за дзве тысячы ўдзельнікаў, у выніку падпісаны дзясяткі дагавораў на паўмільярда долараў. Пагадненняў паміж абласцямі, раёнамі, гарадамі дзвюх краін налічваецца сотні. «На нашай тэрыторыі функцыянуе больш за дзве тысячы арганізацый з расійскім капіталам, больш за тысячу сумесных прадпрыемстваў. І заўважце — абмежаванняў ніякіх. Мы з вялікім задавальненнем запрашаем нашых братоў на работу ў Беларусь, для таго, каб яны ўкладалі сродкі ў Беларусь», — сказаў беларускі лідар.
Паводле яго слоў, у Расіі зарэгістравана каля паўсотні сумесных зборачных вытворчасцей, створана каля 160 суб'ектаў тавараправоднай сеткі з беларускім статутным капіталам. «Задумайцеся: гэта таксама сотні тысяч, можа быць, больш за мільён працоўных месц», — адзначыў Прэзідэнт.
У цэлым сёлета было праведзена больш за 200 міжрэгіянальных сустрэч, каля 20 кіраўнікоў расійскіх рэгіёнаў наведалі Беларусь. З кожным губернатарам Прэзідэнт Беларусі сустракаўся асабіста. Усе візіты шырока асвятляліся ў беларускай прэсе. «А што даведаліся пра іх жыхары вашых рэгіёнаў? — пацікавіўся Аляксандр Лукашэнка. — Нашы грамадзяне сёння маюць свабодны доступ да вядучых расійскіх тэлеканалаў, інтэрнэт-рэсурсаў і друкаваных выданняў. У той жа час расійскі глядач ведае пра сапраўдную Беларусь вельмі мала. Адзіны наш тэлеканал даступны толькі праз спадарожнік. І гэта не дае поўнага ўяўлення пра краіну. Дамовіцца, каб «Беларусь 24» вяшчаў у расійскім рэгіёне, надзвычай складана. Таму вы для нас сёння — гэта сапраўднае акно ў нашу Расію».
Неабходнасць і пажаданасць
Аляксандр Лукашэнка заклікаў журналістаў не раздзімаць полымя канфлікту з «гарачых» рабочых момантаў, якія ўзнікаюць у адносінах паміж Беларуссю і Расіяй. «У адносінах паміж нашымі краінамі яшчэ не было сітуацый, у якіх бы мы не знайшлі кампрамісу, — запэўніў ён. — Расійская Федэрацыя — наш стратэгічны партнёр і саюзнік. Інтэграцыйныя пазіцыі Беларусі нязменныя. Мы ініцыявалі разам з іншымі стварэнне саюзаў, якія сёння існуюць на постсавецкай прасторы і гатовы рухацца далей, але пры ўмове жалезабетоннага выканання нашых дамоўленасцей. Гэта цалкам натуральнае і справядлівае чаканне, якое павінна будавацца на роўных умовах і ўзаемнай павазе».
Аляксандр Лукашэнка растлумачыў, што пад роўнымі ўмовамі ён не мае на ўвазе «сабраць усё ў кучу і роўна падзяліць». Роўныя ўмовы — гэта адсутнасць перашкод для саюзніка, аднолькавыя ўмовы для работы прадпрыемстваў.
Ён нагадаў, што пасля развалу Савецкага Саюза Захад быў зацікаўлены ў стварэнні балта-чарнаморскага рэгіёну, які аддзяліў бы Расію ад Заходняй Еўропы бар'ерам, і цяпер Беларусь засталася адзінай перашкодай для ажыццяўлення гэтага праекта, і ўжо адно гэта робіць недапушчальнымі зневажальныя адносіны да нашай краіны з боку Расіі.
Прэзідэнт Беларусі адзначыў, што на знешніх контурах Беларусь і Расія, як і належыць саюзнікам, адзіныя ў сваіх ацэнках сусветнай геапалітыкі. «Мы падтрымліваем адзін аднаго ў шматбаковых арганізацыях. Разам рэалізуем праграму ўзгодненых дзеянняў у галіне знешняй палітыкі. Каардынуем падыходы да праблем рэгіянальнай, агульнаеўрапейскай бяспекі, у тым ліку ў сферы супрацьдзеяння новым выклікам і пагрозам, — рэзюмаваў ён. — Але найбольш моцна звязвае нашы народы агульная гісторыя, культура. Слаўныя і цяжкія часы, якія перажылі разам».
Аляксандр Лукашэнка нагадаў таксама выказаны ім некалі тэзіс пра тое, што Беларусь можа стаць некаторым маральным фактарам для Расіі. «Скажу шчыра, мы да гэтага заўсёды імкнуліся. Каб вы нас цанілі. Магчыма, тады не ўсе звярнулі ўвагу на гэтыя словы, але іх актуальнасць сёння толькі ўзрасла», — сказаў ён.
Прэзідэнт растлумачыў, чаму беларусы так хваравіта ўспрымаюць расійска-ўкраінскі канфлікт. «У рамках культурнай праграмы візіту ў нашу краіну вы наведалі Полацк. Гэты горад — калыска славянскай дзяржаўнасці. Калі кіравацца «Аповесцю мінулых гадоў», то ад палачан пайшлі і крывічы, і севяране, а значыць, тут — на беларускай зямлі — знаходзіцца духоўны корань усяго расійскага паўночнага захаду: Смаленска, Пскова, Бранска, Белгарада і Курска. Можа, таму ў нашай краіне асабліва цяжка і хваравіта ўспрымаецца любы канфлікт у славянскім свеце, — сказаў ён. — Мы не можам застацца ўбаку ад падзей, якія падзяляюць блізкія па сваёй гісторыі, менталітэце і культуры народы. Таму Беларусь зробіць усё, што ад яе залежыць, каб аднавіць мір і згоду паміж славянамі. Гэта нялёгка, але, нават калі застанецца наймалейшы шанц, сваіх спроб мы не пакінем. У гэтым нам павінны дапамагчы ў тым ліку і вы, журналісты».
У сучасным свеце цэнзура выглядае глупствам
Асяродкам канфліктаў часта становіцца менавіта медыйная прастора. Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены: трэба асэнсоўваць адказнасць за кожнае сказанае або напісанае слова. «Калі яно разбурае свет і калечыць лёсы людзей, то ставіць журналіста ў адзін шэраг з салдатамі, якія страляюць на паражэнне. Гэта гучыць жорстка, але як яшчэ дастукацца да тых, хто ігнаруе нормы не толькі прафесійнай этыкі, але і чалавечай маралі?» — задаў рытарычнае пытанне Прэзідэнт.
Не меншую шкоду грамадству, на думку Аляксандра Лукашэнкі, сёння наносіць агульны дэпрэсіўны інфармацыйны фон. Часта ён вызначае рэчаіснасць і ўжо дакладна ніяк не садзейнічае якасным зменам жыцця чалавека.
Цэнзуры быць не павінна, упэўнены Кіраўнік дзяржавы, але павінны быць унутраны аўтарскі самакантроль і ўменне захоўваць баланс чорнага і белага. «Я катэгарычны праціўнік некаму закрываць рот. Гэта шкодзіць. Дарэчы, нейкі рэпер у Беларусь прыязджае, я ўчора прачытаў, што быццам бы ў нас забаранілі яго выступленне. Што за глупства! — Аляксандр Лукашэнка паведаміў, што загадаў разабрацца. — Забараніць лягчэй за ўсё... Не трэба нікому нічога забараняць. Лепш пайдзіце і падыскутуйце».
Ён параіў журналістам кіравацца кітайскай прыказкай: «Глядзі на рэчы са светлага боку, калі такіх няма — начышчай цёмныя, пакуль не заблішчаць».
У наступным годзе Беларусь і Расія адзначаць 20-годдзе падпісання Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы, а таксама першы юбілей ЕАЭС — пяць гадоў, нагадаў Аляксандр Лукашэнка.
«Мы разам прайшлі не заўсёды просты, але вельмі плённы і багаты на добрыя справы шлях. Якія б пры гэтым ні ўзнікалі шурпатасці, мы заўсёды знаходзілі ўзаемаразуменне. Відавочна, што любыя праблемы могуць быць вырашаны толькі супольна. Толькі праз супрацоўніцтва. Пра гэта сведчыць і шэраг міжнародных самітаў: «Вялікай дваццаткі», ЕАЭС, АДКБ. Адказаць на глабальныя выклікі сучаснасці здольны толькі моцныя інтэграцыйныя аб'яднанні. І сёння мы сабраліся разам, каб прааналізаваць мінулыя падзеі, даць ім ацэнку, разам знайсці адказы на вострыя пытанні».
«Апошнім часам сабралася вельмі шмат пытанняў»
Першае пытанне ад расійскіх журналістаў задаў Андрэй Антонаў, аглядальнік газеты «Новый Петербург». Ён адзначыў, што будаўніцтва Саюзнай дзяржавы ідзе ўжо даўно і зроблена ўжо нямала. Аднак усё яшчэ сустракаюцца «ўкіды» пра тое, што быццам бы інтэграцыя правалілася. Журналіст пацікавіўся, якія перспектывы бачыць Аляксандр Лукашэнка ў саюзе Беларусі і Расіі.
Кіраўнік беларускай дзяржавы паведаміў, што пагадненне па «саюзным шэнгене» рыхтуецца. Ён не бачыць тут праблем. Дакумент усё яшчэ праходзіць унутрыдзяржаўную працэдуру, і Прэзідэнт яго яшчэ не бачыў. Як інфармуе МЗС, там улічаны ўсе чаканні беларусаў і расіян, таму падпісанне дагавора не стане праблемай.
Што датычыцца заявы аб інтэграцыйным правале, Аляксандр Лукашэнка растлумачыў: «Апошнім часам сабралася вельмі шмат пытанняў, цяжкіх пытанняў, якія не вырашаюцца. І прапановы, перш за ўсё расійскага кіраўніцтва, парушаюць дух усіх нашых дамоўленасцей. Напрыклад, цэнаўтварэнне па прыродным газе — гэта ж аснова нашай сумеснай беларуска-расійскай эканомікі».
Прэзідэнт падкрэсліў, што для нашай краіны вельмі важны паказчык сабекошту прадукцыі, як і цана на газ. «Мы не патрабуем: дайце нам 70 долараў, як у Смаленску. У нас сёння ў два-тры разы даражэйшы газ. Мы патрабуем, каб былі выкананы нашы дамоўленасці, якімі прасякнуты ўсе нашы пагадненні і дагаворы аб роўных умовах для суб'ектаў гаспадарання», — рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.
«Калі пачынаеш забараняць, ты спазніўся»
Генеральны дырэктар радыё «Говорит Москва» Уладзімір Мамантаў запытаў аб мяжы, калі дзяржава павінна забараніць негатыўныя праявы сучаснай культуры. Журналіст таксама падзякаваў за падтрымку клуба галоўных рэдактараў Расіі і Беларусі і працытаваў аднаго з калег, які сказаў: «Мабыць, нам прыйдзецца спіна да спіны стаяць, а мы па дробязях ваюем».
«Што датычыцца мяжы, калі не заўважыў, то так — трэба прадбачыць гэтыя рэчы раней. Напрыклад, гэтых рэпераў, — сказаў Прэзідэнт. — Як толькі быў прамоўлены мацюк на сцэне ці ў эфіры (ці хтосьці толькі падумаў пра гэта), вось тады трэба было за гэта ўхапіцца. А лепш да таго як — гэтага не было б. Калі пачынаеш забараняць, ты спазніўся. І будуць дрэнныя наступствы».
Аляксандр Лукашэнка, як прыклад, прывёў забарону на алкаголь у час Гарбачова: «Пачынаючы ад гэтых забаронаў да рэпераў — спазніліся».
«Я не прыхільнік гэтага. Я адразу здымаю трубку і кажу ёй (Наталлі Эйсмант, прэс-сакратару. — Аўт.), чаму не разабраліся?» — акцэнтаваў увагу лідар дзяржавы.
Расказаў Прэзідэнт пра падзею з кіраўніком апазіцыйнай газеты — Іосіфам Сярэдзічам, які напісаў яму ліст, бо забаранілі рамонт іх офіса: «Ды пазавіце гэтага мужыка, дарослы чалавек, старэйшы за мяне. Сядзьце за стол, дамоўцеся, бо раней мы паабяцалі. Хай яны пішуць, усё роўна дзесьці будуць пісаць, і яшчэ больш азлобленыя будуць. Для чаго гэтую праблему ствараць?»
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што не прыхільнік такіх метадаў, бо «гэта крок за крокам стварае ачагі напружанасці ў грамадстве».
Адказваючы на заўвагу наконт таго, што мы «па дробязях ваюем», ён сказаў: «Навошта ствараць праблему ў сябе, калі ўвесь свет аб'яднаўся супраць нас? Супраць Беларусі, перадусім, і адзінага саюзніка Беларусі — расіян. І ўсё гэта лухта, што Лукашэнка на Захад сабраўся. Ды нікому на Захадзе Лукашэнка не патрэбны».
Пра санкцыі беларускі лідар адазваўся, што яны нават прынеслі карысць, бо навучылі трымацца: «Як бачыце, мы не загінулі. І ў тым ліку, дзякуючы вам».
Прэзідэнт прывёў у прыклад гандлёвыя войны. Па яго словах, Трамп разварушыў гэты мурашнік і перавярнуў Сусветную гандлёвую арганізацыю. Ён расказаў, як пажартаваў Пуцін наконт праблем у гандлёвай арганізацыі, адзначыўшы, што зноў Лукашэнка выйграў. «Хто ў ЕАЭС не член СГА? — задаў пытанне Прэзідэнт. — Толькі Беларусь». Кіраўнік дзяржавы працягнуў, што Расія абяцала не ўступаць у СГА. Потым туды далучыўся і Казахстан, у арганізацыі і Арменія, і Кыргызстан. «Беларусь ужо на парозе ўступлення, але трэба разабрацца, куды мы збіраемся ўступіць».
«Вакол хаос. Для нас гэта шанц. Нам трэба зараз тут аб'яднацца, — заявіў Аляксандр Лукашэнка.— Нам сваё шчасце шукаць тут».
Беларускі лідар сказаў, што дробныя праблемы ў двухбаковых адносінах не трэба ствараць. «Ну добра, вы не прададзіце нам пяць дадатковых мільярдаў кубоў газу, — выказаўся ён.— Куды вы дзенеце гэты прыродны газ? А вы ж не забывайце, што многія радовішчы нафты і газу асвойваліся зусім нядаўна беларусамі, расіянамі і ўкраінцамі разам».
У інтарэсах беларусаў і расіян
Чарговая сустрэча з Уладзімірам Пуціным плануецца 25 снежня. Аб гэтым Прэзідэнт заявіў, адказваючы на пытанне журналіста «Коммерсанта» Уладзіміра Салаўёва. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што, калі нас хочуць падзяліць на вобласці і «ўпіхнуць» у Расію, гэтага не будзе ніколі. «І калі такімі катэгорыямі кіраўніцтва Расіі мысліць — гэта на шкоду самой Расіі», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка, паведаміўшы, што заўсёды назірае за пагрозамі суверэнітэту дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка расказаў, што быў ініцыятарам падпісання Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы. Краіны паслядоўна ішлі да больш высокага ўзроўню супрацоўніцтва і прапісалі там нават тое, што нагадвала адзіную канстытуцыю.
«Потым я стаў нежаданым госцем у Расіі. Вы памятаеце гэта? Памятаеце. А чаму? А чаму вы не пайшлі на маю прапанову аб прыняцці канстытуцыйнага акта. Там дакладна было запісана, калі прыняць гэтую канстытуцыю. І ў гэтую канстытуцыю нешта было б з дагавора перанесена, а нешта новае было б прынята», — паведаміў беларускі лідар.
Прэзідэнт адзначыў, што прапаноўваў яшчэ шмат, але партнёры на гэта не пайшлі. «Таму што, калі мы зараз паставім на адзін узровень Беларусь і Расію ў дагаворы, у нас Татарстан і іншыя рэспублікі запатрабуюць, каб яны на гэтым узроўні былі», — паведаміў прычыну несупадзення інтарэсаў Аляксандр Лукашэнка.
Потым краіны пачалі займацца іншымі пытаннямі інтэграцыі — роўнымі правамі, адмянілі межы. «Я больш ведаю, чаму спахапіліся пра гэты дагавор. Калі гэта ў імя аб'яднання народаў устала пытанне, калі гэта мэта сапраўдная і тыя, хто падымае сёння гэтыя пытанні, мусіруе і настойвае на іх, тады давайце абмяркоўваць», — падкрэсліў Прэзідэнт, каментуючы, чаму дагавор аб Саюзнай дзяржаве выклікаў шум і цікавасць у журналістаў.
«Калі развіваць праект Саюзнай дзяржавы, як модна казаць, гэта трэба рабіць годна. Можа пафасна скажу: толькі ў інтарэсах беларусаў і расіян», — запэўніў Прэзідэнт. Ён падкрэсліў, што асабістае ў гэтым пытанні трэба пакінуць.
Запрашэнне ў Грозны і пытанне пра зброю
У размове з журналістам з Чачні Аляксандр Лукашэнка сказаў, што мае добрыя адносіны з Рамзанам Кадыравым, кіраўніком Чачэнскай Рэспублікі, і хацеў бы наведаць Грозны. Таксама Прэзідэнт сказаў, што можна дамовіцца яшчэ і пра наступныя крокі ў супрацоўніцтве. У прыватнасці ён вылучыў авечкагадоўлю, якая ў гэтым рэгіёне развіваецца добра. Беларусь, якая таксама плануе развіваць гэтую галіну, можа паглядзець на вопыт партнёраў.
Што да гандлю зброяй, Прэзідэнт падкрэсліў, што нават з улікам продажу «Паланэза» Беларусь не ўваходзіць у першую тройку краін, якія прадаюць зброю Азербайджану. Армянам не варта бачыць у нашай краіне апанента. Для Беларусі важныя добрыя адносіны з абедзвюма дзяржавамі. Наконт Нагорнага Карабаха ў Аляксандра Лукашэнкі пазіцыя адна: пытанне неабходна вырашаць кіраўнікам Арменіі і Азербайджана ўдваіх, без знешняга ўплыву.
Як рэагаваць на фэйкі
Першы намеснік галоўнага рэдактара газеты «Вечерняя Москва» Аляксей Бялянчаў пацікавіўся, наколькі вялікі паток фэйкавых навін у Беларусі. «Якая тут дынаміка і як вы рэагуеце?» — спытаў журналіст. Па яго словах, згодна з дакладам амерыканскай сацыялагічнай кампаніі, на пачатак 2018 года сем з дзесяці грамадзян ЗША не давяралі інфармацыі з сацыяльных сетак, і менавіта там баяліся несапраўдных навін, а ўзровень даверу да традыцыйнай журналістыкі ўзрос да 59 % сярод апытаных. Брытанскія сацыёлагі назвалі нашы дні часам эпідэміі фэйкавых навін: 75 % іх рэспандэнтаў давяраюць навінам газет і часопісаў, 69 % — сайтам традыцыйных СМІ, 57 % — інфармацыі кругласутачных навінавых тэлеканалаў. У той жа час 53 % давяраюць СМІ, якія маюць толькі электронную версію, і толькі 37 % — інфармацыі сацыяльных сетак, дадаў Аляксей Бялянчаў.
«Распаўсюджвальнікаў фэйкаў хапае не толькі ў інтэрнэце, — пагадзіўся Аляксандр Лукашэнка. — Я больш спакойна рэагую на фэйкі ў інтэрнэце, чым калі гэта з'яўляецца ў салідным выданні, якое можна патрымаць у руках. Можа, я надта кансерватыўны, я савецкі чалавек, таму ў мяне такія адносіны да кніг і газет. Я інтэрнэтам рэдка карыстаюся, калі шчыра».
Наўрад ці можна знайсці вінаватага, калі нейкі бруд з'яўляецца ў сусветным сеціве, выказаў сумненні кіраўнік дзяржавы. Каб растлумачыць сваю рэакцыю на гэта, ён згадаў даўнюю параду колішняга Прэзідэнта Расіі Барыса Ельцына не звяртаць увагу на глупства і падман у СМІ.
«З цягам часу я стаў больш спакойна рэагаваць на нейкія фэйкі, тым больш ёсць такія, што прыносяць карысць. Часам такое глупства выходзіць, што я кажу прэс-сакратару: трэба народу расказаць, гэта будзе на карысць, — прызнаўся Аляксандр Лукашэнка. — А галоўнае для мяне — паглядзець, каму гэта трэба».
Прэзідэнт Беларусі заклікаў журналістаў, у тым ліку аўтараў і распаўсюджвальнікаў фэйкавых навін, да прамой і адкрытай размовы. Акрамя таго, ён адзначыў, што давер да традыцыйных СМІ расце, і разам з тым прызнаў вельмі важную ролю інтэрнэту.
Пра «вайну з помнікамі» і чысціню на вуліцах
Прадстаўнік інфармацыйнага агенцтва «Ветеранские вести» папрасіў дапамагчы ветэрану адной з брыгад, якая ваявала на тэрыторыі Беларусі, ураджэнцы Магілёўскай вобласці Леакадзіі Коўтун, якая зараз засталася без належнага жылля ў Душанбэ. Прэзідэнт абяцаў, што рэакцыя на гэта будзе, на працягу тыдня з ёю звяжуцца.
Гаворачы пра нашу агульную памяць, кіраўнік дзяржавы раскрытыкаваў «вайну з помнікамі», якая мае быць, напрыклад, у Польшчы. Ён падкрэсліў, што ў Беларусі захаваны старыя назвы вуліц і помнікі.
Гэта магчыма пабачыць і па раёнах сталіцы: Партызанскі, Маскоўскі... «Трэба шматбакова ацэньваць гэта і не зносіць помнікі. Хай яны стаяць. Нашы ўнукі, праўнукі прыйдуць і спытаюць, хто быў такі. Хоць у інтэрнэце ці дзе паглядзяць пра гэтага чалавека», — лічыць Прэзідэнт. У Беларусі кожны помнік даглядаюць, у тым ліку школьнікі.
Аляксандр Лукашэнка таксама дадаў, што, калі чытае пра тое, што Мінск чысты горад, ведае, як праблема смецця вырашаецца. У нас кожны лапік сталіцы замацаваны ці за прадпрыемствам, ці за школай. «І гэта ў мяне на кантролі», — падкрэсліў Прэзідэнт. Таму і Мінск падтрымліваецца ў належным стане.
Трэба ўмець слухаць людзей
Прэзідэнта Беларусі чарговы раз спыталі наконт смяротнага пакарання. Ён зноў адказаў, што гэта самыя цяжкія дакументы, якія яму даводзіцца падпісваць. Кіраўнік дзяржавы заўсёды просіць азнаёміцца з матэрыяламі крымінальнай справы. Кадры, дзеліцца Аляксандр Лукашэнка, звычайна жудасныя. За ўвесь час было толькі два чалавекі, якіх ён памілаваў.
Ён адзначыў, што некаторыя прадстаўнікі Захаду лічаць, нібыта пытанне смяротнага пакарання не павінна выносіцца на рэферэндум. «Яны прывыклі гаварыць, што гэта пытанне не для народа. А я лічу — для народа. Ну, як бы я ні лічыў, у нас прайшоў рэферэндум», — рэзюмаваў Прэзідэнт.
У Беларусі адбыўся рэферэндум, на якім большасць грамадзян выказалася супраць адмены смяротнага пакарання. «У нас прайшоў рэферэндум. Адмяніць смяротнае пакаранне не магу», — паставіў кропку Аляксандр Лукашэнка.
Прадстаўнік газеты «Новгородские ведомости» расказаў, што падчас прэс-тура расійскія журналісты наведалі Парк высокіх тэхналогій, і запытаў, як Аляксандр Лукашэнка ацэньвае прарыўныя крокі краіны ў ІТ.
Прэзідэнт растлумачыў, што прыкладна 15 гадоў таму падпісаў указ аб ПВТ. Ішлі ад жыцця: заказы з-за мяжы паступалі для нашых праграмістаў, таму неабходна было даць ім месца і стварыць умовы для работы.
Законы, якія сталі прарыўнымі, падрыхтавалі, і яны трапілі ў цэль. «Я проста падтрымаў гэтую тэндэнцыю, як усюды ў нас, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Усё ідзе ад людзей. Трэба проста ўмець слухаць».
Аднак пры гэтым ён дадаў, што чалавека каля станка ніхто не заменіць. ІТ можа дапамагчы, але замяніць — не.
Убачыць галоўнае
На сустрэчы таксама былі закранутыя пытанні запускаў новых міратворчых працэсаў, ушанавання памяці савецкага дзяржаўнага дзеяча Андрэя Грамыкі, павышэння ролі экспертаў у фармуляванні агульных пазіцый, філасофскага бачання ідэальнай будучыні Беларусі і іншыя.
Напрыканцы размовы Аляксандр Лукашэнка сказаў: «Я не збіраюся рабіць нейкае заключэнне. Самае галоўнае заключэнне — гэта ваш настрой. Калі я дастукаўся да вас, да кожнага, пачынаючы ад Ноўгарада, Уладзіміра, заканчваючы «Камерсантам», і вы зразумелі мяне. Ацэньвайце як хочаце — гэта ваша справа, гэта ў сілу вашага становішча, адукацыі, залежнасці ад некага або незалежнасці. Я вельмі рады, што вы прыехалі. Кпінаў хапае на гэту тэму: вось там, прыехалі такія-сякія... Нармальныя прыехалі расіяне, якія жывуць на месцы, у глыбінцы, і якія ведаюць жыццё. Таму для мяне сустрэча з вамі — магчымасць адчуць і маю Расію. Я па вас ацэньваю, якая сітуацыя ў Расіі, і добра, што запрасілі вучоных, экспертаў. Магчыма, я не ўсім спадабаўся, але майце на ўвазе: усё гэта было экспромтам. І зрабіце скідку на тое, што я чалавек эмацыянальны і залішне, магчыма, шчыры, магчыма недзе кагосьці зачапіў, пакрыўдзіў. Не гэта галоўнае. Давайце будзем глядзець у корань, будзем бачыць галоўнае. Я вельмі хачу, каб з нашай амаль чатырохгадзіннай гутаркі мы атрымалі сутнасць, якая наблізіць нас: чачэнцаў, інгушоў, кабардзінцаў, рускіх, яўрэяў, палякаў, беларусаў, украінцаў. Не трэба ваяваць. Добра, калі мы сябруем і калі ў нас усё нармальна».
Комментарии