А вы «пераабулі» аўто? Гэта пытанне найчасцей апошнімі днямі задавалі супрацоўнікі Дзяржаўтаінспекцыі аўтаўладальнікам. Справа ў тым, што з 26 лістапада па 6 снежня на дарогах раёна праходзіла рэспубліканская прафілактычная акцыя «Жыццё даражэй за шыны», накіраваная на прафілактыку дарожна-транспартных здарэнняў у зімовых умовах.
[caption id="attachment_72791" align="aligncenter" width="560"]

■ Віктар Борыс і Дзмітрый Ляўчук[/caption]
— З наступленнем зімы становішча з аварыйнасцю ўскладняецца, — адзначае старшы дзяржаўны аўтаінспектар АДАІ Капыльскага РАУС Віктар Борыс. — На аўтамабілях, якія трапляюць у дарожна-транспартныя здарэнні, часцей за ўсё ўстаноўлены шыны для летняй эксплуатацыі. Пры снежным накаце або галалёдзіцы на дарозе яны і становяцца адной з умоў для ДТЗ. Аўтамабіль на шынах з зімовым пратэктарам больш устойлівы, лепш «трымае» дарогу.
Рэйды, праведзеныя супрацоўнікамі ДАІ, паказваюць, што на Капыльшчыне «пераабуліся» многія аўтамабілісты. Напрыклад, Дзмітрый Ляўчук, з якім мы сустрэліся на адной з вуліц горада, абавязкова ў перыяд з 1 снежня па 1 сакавіка выкарыстоўвае зімовыя шыны.
Яшчэ, як падкрэсліў Віктар Борыс, у зімовы перыяд, калі ўмовы надвор'я нестабільныя, здараюцца галалёдзіцы і туманы, вадзіцелям асабліва важна правільна ацэньваць дарожную абстаноўку, выбіраць бяспечную хуткасць руху і праяўляць павышаную ўвагу. ДАІ адзначае небяспечнае становішча з пешаходным траўматызмам. Звязана гэта ў першую чаргу са змяншэннем светлавога дня, раннімі прыцемкамі. Недысцыплінаванасць нярэдка праяўляюць самі пешыя ўдзельнікі дарожнага руху, у тым ліку калі не абазначаюць сябе святлоадбівальнымі элементамі.
Сяргей КОЗЕЛ
Комментарии