І зноў мы звяртаемся да беларускай народнай мудрасці, якая вельмі трапна адлюстравана ў прыказках і прымаўках.
Гэтым разам сэнс некаторых з іх растлумачыць наш пастаянны праваднік, калі можна так выказацца, настаўніца беларускай мовы і літаратуры гімназіі № 1 г. Капыля імя М.В. Рамашкі Людміла ЛАЗОЎСКАЯ.
— Набліжаюцца святы, ў якіх заключаны незвычайны чароўны сэнс, таму і пагаворым мы пра прыказкі і прымаўкі, у якіх таксама адлюстравана своеасаблівая магічнасць.
Калядкі — добрыя святкі: пад’еў ды на палаткі. Ужываецца як ацэнка Каляд — хрысціянскага свята, якое адзначаецца 25 снежня (каталіцкія Каляды) і 7 студзеня (праваслаўныя Каляды).
Святое месца пустым не бывае. Заўсёды знойдзецца той, хто зойме вызваленае месца на службе, рабоце і іншае. Сінонімы: Варона з куста, а пяць на куст.
Сем бед — адзін атвет. Гаворыцца, калі хто-небудзь вырашыў зрабіць нешта рызыкоўнае і гатоў несці адказнасць за гэта, а дакладней: рызыкнём, а калі прыйдзецца адказваць, то за ўсё адразу. Сін.: Ці за адну нагу вісець, ці за дзве — адна ласка; Сем бед за раз — адзін адказ.
Сем гадоў мак не радзіў, а голаду не было. Мае некалькі сэнсаў. Па-першае, гаворыцца іранічна пра якія-небудзь агародныя расліны або хлебныя ці кармавыя злакі, калі і без іх можна абысціся ў гаспадарцы. Па-другое, пра тое, што абыходзіліся без якіх-небудзь навыкаў, новаўвядзенняў і цяпер яны не патрэбны, або пра непрымальнасць чаго-небудзь новага.
Сем гадоў нявестка жыла, а не ведала, што сабака свёкрава без хваста. Кажуць іранічна пра таго, хто не ведае чаго-небудзь простага, бясспрэчнага, агульнавядомага.
Сем разоў адмерай, адзін раз адрэж. Перш чым зрабіць што-небудзь сур’ёзнае, старанна абдумай.
У каго сем — тым і доля ўсем, а ў каго адно — і тое не ладно. Кажуць пра адзінае ў сям’і дзіця, якое, на жаль, не мае шчаслівай долі. Сін.: У каго дочак сем — ёсць доля ўсем, а ў каго адна — долі жадна; Дзе сем, там і доля ўсем, а дзе адна, так і той долі няма.
У сямі нянек дзіця без носа (без вока). Справы кепскія, калі за іх бярэцца адразу некалькі чалавек. Гаворыцца з асуджэннем пра безадказныя адносіны да справы, калі адзін спадзяецца на другога. Сін.: Дзе нянек многа, там дзіця бязнога.
Хлеб і вада — маладзецкая яда. Гаворыцца як сцвярджэнне, што гэта не голад, калі пры адсутнасці іншай яды даводзіцца есці толькі хлеб. Сін.: Хлеб, соль і вада — маладзецкая яда.
Хлеб на стале — рукі свае. Кажуць, запрашаючы да пачастунку. Сін.: Хлеб на стале, рукі свае — адрэж дый з’еш.
Хлеб не нявеста, з’есца — другі будзе. Гаворыцца за сталом у час абеду.
Хлеб-соль еш, а праўду рэж. Ужываецца як парада смела гаварыць праўду, не зважаючы ні на што. Сін.: Бульбіну сухую еш, а праўду ў вочы рэж.
Хлеб усяму галава. Хлеб — самае галоўнае, найбольш важнае сярод іншага.
Чалавека вочы водзяць. Чалавек позіркам выбірае сабе напрамак руху, дарогу.
Чалавек мяркуе, а Бог не чуе. Не заўсёды бывае так, як хто-небудзь мяркуе, хоча, разлічвае. Сін.: Бог плануе, а чорт руйнуе; Чалавек марыць, а Бог уладарыць; Чалавек страляе, а чорт кулю носіць.
Чалавек плануе, а Бог выракуе. Людзі могуць планаваць на дзесяцігоддзі і стагоддзі сваё жыццё, а з’яўленне адной невядомай якой-небудзь з’явы лёгка можа парушыць гэтыя планы. Сін.: Чалавек мяркуе, а Бог размяркуе. Чалавек думае так, а Бог іначай; Чалавек намяркуе, а Бог пашванкуе; Чалавек прымярае, а Бог адразае. Цікава, што ў рускай мове прыказка скалькавана з лацінскай ці англійскай мовы: Человек предполагает, а Бог располагает.
Чалавек не арэх, адразу не раскусіш. Добра разгадаць, уведаць характар, асаблівасці чалавека, але не лёгка, бо не заўсёды за словамі адкрываецца душа.
Чалавек не вол, у адной скуры не старэе. У чалавека на працягу яго жыцця адбываюцца змены ў яго становішчы, поглядах і іншым.
Чалавек невучоны як (што) тапор нетачоны. Гаворыцца пра неадукаванага чалавека. Сін.: Невучоны як сляпы.
Падрыхтавала Дзіяна ТКАЧЭНКА
Комментарии