Ушанавалі памяць удзельнікаў Лаўскага бою члены пярвічнай арганізацыі ДТСААФ, што створана ў СШ № 2 г. Капыля імя Ц. Гартнага.
Нагода для гэтага важкая — 3 снежня споўнілася 76 гадоў, як адбыўся гэты бой беларускіх партызан з нямецка-фашысцкімі акупантамі. Навучэнцы 10 класа названай установы адукацыі ў суправаджэнні свайго класнага кіраўніка Ганны Васілевіч і старшыні Капыльскай РАС РГА ДТСААФ Аляксандра Касінскага наведалі месца бою — могілкі ў Клецішчах — і ўсклалі кветкі да помніка героям. Аляксандр Іванавіч расказаў юнакам і дзяўчатам пра подзвіг партызан (на здымку), самаму малодшаму з якіх — Валодзю Качаноўскаму — было толькі 16 гадоў, самаму старэйшаму — Канстанціну Шытыку — 32. Усе 18 партызан загінулі, яны знішчылі 85 ворагаў, было нямала і параненых.
Камандаваў партызанскім узводам ураджэнец вёскі Навасёлкі Капыльскага раёна Вікенцій Драздовіч. Яму пасмяротна было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. Бюст героя ўстаноўлены ў аграгарадку Лясное. Туды таксама накіраваліся школьнікі, каб ушанаваць памяць земляка.
Пабывалі ў гэты дзень юныя патрыёты і ў Лавах — на тым месцы, дзе некалі размяшчаўся партызанскі шпіталь, які і абараняў узвод Драздовіча 3 снежня 1942 года.
А праз некалькі дзён пра Лаўскі бой гаварылі ў больш шырокім коле: у актавай зале СШ № 2 г. Капыля імя Ц. Гартнага адбылося ўрачыстае мерапрыемства, прысвечанае гэтай падзеі, пад назвай «Гісторыя аднаго бою».
Маргарыта САКОВІЧ
Комментарии