Благачынны Капыльскай царкоўнай акругі протаіерэй Сергій Чарны наведаў ДУА «Слабадакучынская СШ». Ён правёў інфармацыйную гадзіну «Дабро і зло», куды сабраліся педагогі, навучэнцы і жыхары вёскі. Загадчык Слабада-Кучынскай бібліятэкі-клуба Валянціна Барташэвіч падрыхтавала выставу царкоўнай літаратуры.
У даступнай форме айцец Сергій расказаў аб хрысціянскіх адносінах да бацькоў, настаўнікаў і вучобы. Ён звярнуў увагу на важную рысу — паслухмянасць, якая павінна адыгрываць адметную ролю ў адносінах паміж дзецьмі і бацькамі. Былі прыведзены прыклады таго, як распадаецца сем’я, калі няма ўзаемнай любові і разумення.
Цікава было даведацца аб узаемаадносінах членаў сям’і, аб тым, што бацькі павінны быць прыкладам для сваіх дзяцей, унікаць у дзіцячыя праблемы, вучыцца слухаць і чуць падрастаючае пакаленне.
У час гутаркі выступіла старшыня ветэранскай арганізацыі Святлана Астрэйка.
— У нашай сям’і заўсёды адзначаліся рэлігійныя святы, выконваліся пасты. Дзеці без дазволу не маглі паспытаць ежу. На ўсе справы было бацькоўскае благаславенне, — адзначыла Святлана Іванаўна.
У канцы мерапрыемства протаіерэй Сергій адказаў на пытанні і пажадаў усім прысутным міру, радасці і дабрыні:
— Чалавек на зямлі пасля сябе павінен пакінуць нешта добрае. І заўсёды чалавека ўспамінаюць за добрыя справы. Мы павінны быць міралюбнымі, міласэрнымі, дапамагаць і падтрымліваць адзін аднаго.
З вялікай цікавасцю азнаёміўся госць з выставай «Ад мінулага да сучаснага», якая арганізавана ў сельскай бібліятэцы-клубе.
Барыс ДЗЕНІСЮК,
член ГА «Беларускі саюз журналістаў»
Комментарии