Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

26

По жизни -- рука об руку: об "обычной" копыльской семье Жук

24.11.2018
Вацлаў Антонавіч і Ніна Паўлаўна Жук з Капыля — звычайная сям’я. Ва ўсялякім разе, яны самі сябе так характарызуюць. Аднак гэта не зусім так, бо ўсё — пачынаючы з абставін іх вяселля амаль паўстагоддзя таму і заканчваючы неверагоднай цеплынёй у адносінах, якую яны захавалі да цяперашняга часу, — сведчыць аб неардынарнасці гэтай пары. [caption id="attachment_72089" align="aligncenter" width="560"]■ Ніна Паўлаўна і Вацлаў Антонавіч Жук, 2018 г. ■ Ніна Паўлаўна і Вацлаў Антонавіч Жук, 2018 г.[/caption] Упершыню сустрэліся маладыя людзі ў далёкім 1968 годзе ў Архангельску падчас удзелу ў савецкай маладзёжнай ваенна-спартыўнай гульні «Зарніца». Яна — студэнтка, камсамолка, актывістка, і ён — статны салдат з блакітнымі вачыма, якія назаўсёды пакарылі сэрца дзяўчыны. MyCollages Тады іх шчасце залежала ад выніку… шахматнай партыі, якую Вацлаву прапанаваў згуляць прыхільнік прыгажуні, студэнт медыцынскага інстытута і, дарэчы, кандыдат у майстры спорту па шахматах. Калі хлопцы садзіліся за стол, яны нават і падумаць не маглі, што Ніна нечакана вырашыла для сябе: «Хто пераможа, той і будзе мой!» Фартуне трэба было стаць на бок Вацлава, які выйграў партыю ў моцнага саперніка дзякуючы таму, што той падышоў да справы нядбайна: то размаўляў, то гартаў часопісы. Вынікам гэтай лёсавызначальнай падзеі сталі працяглыя адносіны на адлегласці: Вацлаў вярнуўся ў вайсковую часць і маладыя людзі чатыры гады ўмацоўваліся ў сваіх пачуццях, дасылаючы адзін аднаму лісты. Незвычайнымі былі і абставіны стварэння маладой сям’і. Так, ім прыйшлося згуляць два вяселлі: першае — у лютым 1972 года ў расійскім Архангельску, дзе жыла нявеста, а другое, у жніўні таго ж года, — на радзіме жаніха, у вёсцы Кудзінавічы Капыльскага раёна. [caption id="attachment_72084" align="aligncenter" width="350"]■ Падчас вяселля ў Архангельску, 1972 г. ■ Падчас вяселля ў Архангельску, 1972 г.[/caption] Ніна Паўлаўна рызыкнула — пакінула родную Расію і, ужо тады адчуваючы моцнае і надзейнае плячо, цалкам даверылася маладому мужу. І не прагадала, трапіла ў вельмі добрую і спагадлівую сям’ю. Многаму, канешне, прыйшлося з цягам часу навучыцца гарадской дзяўчыне, аднак заўсёды прыходзіла на выручку свякроў, ды і Вацлаў Антонавіч як толькі мог аберагаў сваю другую палавінку, ва ўсім падтрымліваў яе, дапамагаў, ніколі асобна не вылучаючы так званыя жаночыя хатнія абавязкі. Неаднаразова праверку на трываласць праходзілі пачуцці Жукоў падчас шматлікіх пераездаў і змены месц працы. Перш чым канчаткова асталявацца ў нашым райцэнтры, жылі на Магілёўшчыне, затым — у Капыльскім раёне. Вацлаў Антонавіч некаторы час працаваў на розных пасадах у сельскай гаспадарцы, больш за дзесяць гадоў паспяхова кіраваў калгасам «Іскра Леніна». Апошнім жа ў яго працоўнай біяграфіі стаў пост начальніка падатковай інспекцыі Капыльскага раёна. Вацлаў Жук стаяў ля вытокаў стварэння гэтай значнай дзяржаўнай структуры і за два дзясяткі гадоў, калі ён яе ўзначальваў, сваімі прыстойнасцю, кампетэнтнасцю, эрудзіраванасцю набыў важкі аўтарытэт. Пачатак кар’еры Ніны Паўлаўны, дыпламаванага педагога, быў пакладзены ў Магілёўскай вобласці, дзе яна працавала настаўніцай рускай мовы і літаратуры. Пасля пераезду на Капыльшчыну выкладала гэтыя ж прадметы ў Цімкавіцкай, Ванелевіцкай і Смаліцкой сярэдніх школах. У апошняй некоторы час давялося займаць пасаду дырэктара, пазней была назначана метадыстам аддзела народнай адукацыі, затым — намеснікам старшыні камісіі па справах непаўналетніх Капыльскага райвыканкама. Пасля выхаду на пенсію доўга дома не засядзелася — узначаліла раённую арганізацыю Беларускага Чырвонага Крыжа, дзе і да гэтага часу разам з такімі ж, як і сама, неабыякавымі людзьмі дорыць свае цяпло і дабрыню тым, каму яны неабходны. Падчас працы на розных пасадах Вацлаў Антонавіч і Ніна Паўлаўна заўсёды прытрымліваліся немудрагелістага прынцыпу: не наслядзіць, а пакінуць след. Бадай, менавіта гэтая акалічнасць дазволіла ім замацаваць за сабой рэпутацыю добрых людзей — набыць такую даволі рэдкую і каштоўную ў наш час характарыстыку. Аднак галоўным дасягненнем Жукоў, безумоўна, з’яўляецца іх дружная сям’я. У атмасферы ўзаемапавагі, добразычлівасці, пяшчоты і спагады Вацлаў Антонавіч і Ніна Паўлаўна выгадавалі траіх дзяцей. [caption id="attachment_72087" align="aligncenter" width="560"]■ Дзеці Антон, Уладзіслаў і Наталля, 1987 г. ■ Дзеці Антон, Уладзіслаў і Наталля, 1987 г.[/caption] Уладзіслаў, Наталля і Антон ужо і самі сталі бацькамі, падарылі бязмерную радасць — унукаў. Старэйшыя Кацярына і Уладзіслаў — студэнты. Малодшая Ульяна, якой усяго пяць гадоў, — сапраўдная аддушына для дзядулі и бабулі. Актыўная жыццёвая пазіцыя гэтай пары не дазваляе ім заседжвацца перад тэлевізарам. Пакуль жанчына займаецца арганізацыяй дапамогі тым, хто трапіў у цяжкую сітуацыю, яе муж таксама не марнуе дарма час. Раніца Вацлава Антонавіча ў любую пару года нязменна пачынаецца з зарадкі і аблівання халоднай вадой. Магчыма, гэтыя звычкі даюць энергію, якой хапае на безліч спраў: ён і пчалярнічае, і паляваннем займаецца, і ва ўласным доме парадак падтрымлівае, і ў бацькоўскім, што ў Кудзінавічах, плённа працуе. Так, напрыклад, апошнім часам там з’явілася алея з дрэў грэцкага арэха, у планах жа — пасадка вялікага вішнёвага саду. Прадстаўнікі трох пакаленняў Жукоў любяць і ў будні, і ў святы збірацца разам. Асаблівай для іх заўсёды заставалася дата вяселля Вацлава Антонавіча і Ніны Паўлаўны. Ці не сапраўднае гэта шчасце: нягледзячы на жыццёвыя перашкоды, праблемы, непрыемнасці (у каго ж іх няма), пранесці праз дзясяткі гадоў пачуцці, якія перапаўнялі сэрца ў маладосці, захаваць тыя адносіны і стаўленне адзін да аднаго, якія дазваляюць крочыць поруч па жыцці і адчуваць пры гэтым неверагодную цеплыню і падтрымку блізкага чалавека? Ці не шчасце такая, здавалася б, простая рэч — букецік палявых кветак — як напамін аб каханні, як падзяка за сумеснае жыццё? А між іншым, Вацлаў Антонавіч ужо амаль пяцьдзясят гадоў радуе сваю другую палавінку рознакаляровымі кампазіцыямі, створанымі ўласнымі рукамі. Хіба ж многа трэба, каб парадаваць любімую жанчыну? Рамонкі, валошкі, званочкі, макі, якія лёгка камбінуюцца з галінкамі, лісцем... Быў нават букет з суніц. З чаго заўгодна можна стварыць такі сюрпрыз! Галоўныя ж кампаненты застаюцца нязменнымі — шчырыя пачуцці і жаданне ўбачыць узаемнасць і падзяку ў вачах дарагога чалавека. Матэрыял падрыхтавала Аксана Міхайлоўская

Слава працы Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей