Капыляне, як і ўсе жыхары Беларусі, засталіся нераўнадушнымі да падзей, што адбыліся 11 красавіка на станцыі метро “Кастрычніцкая” ў Мінску. Яны выказваюць свае меркаванні.
Марыя САНДРОЗД, старшыня раённага Савета дэпутатаў, старшыня раённай арганізацыі РГА “Белая Русь”:
— Мяне перапаўняюць пачуцці. Як і ўсе беларускія людзі, спачуваю сем’ям загінуўшых. Малюся за выздараўленне пацярпелых, параненых. Не хочацца верыць, што такое злачынства здзейснена нашымі суайчыннікамі – людзьмі, якія вучыліся ў нашых школах, ядуць наш хлеб. Але, на жаль, гэта адбылося. Любое гора аб’ядноўвае нас, і хацелася б, каб мы сталі больш моцнымі. Я згодна з Прэзідэнтам А. Р. Лукашэнкам, які адзначыў, што яшчэ не заўсёды мы адказна адносімся да сваёй справы, недысцыплінаваныя. Неабходна прывіваць гэтыя якасці моладзі, а таксама вучыць, каб яна любіла нашу Радзіму і народ.
Вольга Сыман, настаўніца біялогіі СШ №2 г. Капыля:
— Мае адносіны да гэтых падзей вельмі адмоўныя. Хацелася б, каб людзі, якія арганізавалі і здзейснілі тэракт, панеслі самае жорсткае пакаранне. Выказваю спачуванне сем’ям загінуўшых. А тым, хто зараз знаходзіцца ў бальніцы, жадаю хутчэйшай папраўкі, усім пацярпелым – вялікай вытрымкі і мужнасці.
Таццяна Гусар, інжынер-радыёлаг ААТ “Капыльскі масласырзавод”, сакратар пярвічнай арганізацыі ГА “БРСМ”:
— Гэта падзея вельмі глыбока кранула і мяне, і супрацоўнікаў нашага прадпрыемства. Мы былі ў шоку. Не чакалі, што такое змаглі здзейсніць беларусы, паколькі мы з’яўляемся спакойнай нацыяй. Спачуваем людзям, якія трапілі ў складаную сітуацыю. Хочацца пажадаць ім моцы, мужнасці. Думаем, злачынцы будуць асуджаны справядліва, па законе. Спадзяёмся, што ніхто і ніколі ў нашай краіне больш не адчуе такога на сабе.
Запісаў Сяргей КОЗЕЛ
Комментарии