У дзіцячым аддзяленні Капыльскай цэнтральнай раённай бальніцы адкрылі іміджавы пакой Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. Астравок бяспекі будзе ў поўным распараджэнні дзяцей, якія апынуліся на пэўны час у лячэбных палатах.
[caption id="attachment_72258" align="aligncenter" width="560"]

■ Юных пацыентаў вітаюць старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Кісляк, намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Ліпніцкі, галоўны ўрач ЦРБ Сяргей Пацяйковіч[/caption]
Ініцыятарамі адкрыцця такога цэнтра навучання правілам бяспекі сталі Капыльскі раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях і адміністрацыя бальніцы. Як патлумачылі арганізатары, гэта невыпадкова, паколькі ў дзіцячых лячэбных установах дзеці нярэдка аказваюцца з траўмамі і захворваннямі з-за няведання або стаўлення з пагардай да асцярожнасці. Начальнік Капыльскага РАНС Віталь Ільючык удакладніў:
— Менавіта ў такіх пакоях навучанне правілам праходзіць больш эфектыўна. Тут усё арыентавана на тое, каб прыцягнуць увагу дзяцей да ўласнай бяспекі. А разнастайныя па форме і змесце гульні ўводзяць дзіця ў круг рэальных жыццёвых сітуацый, вывучыўшы якія яно зможа правільна дзейнічаць. Гэтаму таксама паспрыяюць наглядная агітацыя і яркія малюнкі.
Юных пацыентаў падчас урачыстасці віталі старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Кісляк, намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Ліпніцкі, галоўны ўрач ЦРБ Сяргей Пацяйковіч.
Адкрыццё пакоя прайшло ў фармаце гульні. Супрацоўнікі Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі нагадалі дзецям, як выклікаць патрэбныя службы, правялі віктарыны і конкурсы на веданне правіл бяспекі.
Іміджавы пакой з’явіўся дзякуючы падтрымцы райвыканкама, філіяла «Лакнея», ААТ «Семежава», райспажыўтаварыства, кааппрама, індывідуальнага прадпрымальніка Аляксандра Несцера, прыватнага прадпрыемства «Колмакс-буд».
— Наш святы абавязак — клапаціцца пра бяспеку дзяцей, — падкрэсліў адзін з прадстаўнікоў спонсараў, эканаміст філіяла «Лакнея» Дзяніс Паўлаў. — Таму мы з разуменнем аднесліся да просьбы і аказалі пасільную дапамогу. Спадзяёмся, што веды, набытыя ў гэтым пакойчыку, будуць прыменены дзецьмі з карысцю.
Дарэчы, як запэўніў Віталь Ільючык, стварэнне іміджавых пакояў МНС на Капыльшчыне прадоўжыцца. На чарзе іх з’яўленне на рынку ПП «Колмакс-буд» і ва ўстановах адукацыі.
Сяргей КОЗЕЛ
Комментарии