Раённае маладзёжнае шоу выканаўцаў песень у стылі рэп пад такой назвай прысвячалася прафілактыцы шкодных звычак, прапагандзе здаровага і актыўнага ладу жыцця.
[caption id="attachment_72020" align="aligncenter" width="560"]
■ Супрацоўнік ДАІ А. Лазоўскі (справа) дорыць флікеры пераможцам конкурсу В. Бярновічу, А. Сілаеву і Г. Асіпюк[/caption]
Напачатку фестывалю гледачы змаглі азнаёміцца з тэматычнай выставай плакатаў і малюнкаў, падрыхтаванай навучэнцамі Капыльскай і Цімкавіцкай дзіцячых школ мастацтваў, а таксама кніжнай выставай раённай цэнтральнай бібліятэкі імя А. Астрэйкі.
Кожны нумар больш чым дзясятка выканаўцаў даказваў, што здаровы лад жыцця — гэта шлях да здароўя нацыі. Кожны глядач у фестывальнай праграме змог знайсці штосьці па сваёй душы.
Музычныя нумары ацэньвала кампетэнтнае журы, у якое ўвайшлі супрацоўнікі РЦК: мастацкі кіраўнік Валянціна Зарамбоўская і метадыст па рабоце з моладдзю Аліна Лапушанская, а таксама наш зямляк, журналіст радыёстанцыі «Мінская хваля», выканаўца ў стылі рэп Павел Шэін і в.а. першага сакратара райкама ГА «БРСМ» Настасся Козел.
Па выніках конкурсу вызначаны пераможцы. Так, у намінацыі «Сольны выканаўца» адзначана дзевяцікласніца Семежаўскага ВПК д/с-СШ Валерыя Горбач. Лепшай аўтарскай кампазіцыяй прызнана песня «Пакаленне» ў выкананні індывідуальнага прадпрымальніка Ільі Рубіса. Званне «Лепшы рэп-гурт» прысвоена дуэту, у склад якога ўвайшлі навучэнцы Капыльскага дзяржаўнага каледжа Артур Сілаеў і Ганна Асіпюк. Прызоў сімпатый гледачоў удастоены міліцыянер аддзялення Дэпартамента аховы Віктар Бярновіч, навучэнец каледжа Павел Лазарэвіч, а салодкага прыза — самая вялікая і зладжаная каманда з СШ № 3 г. Капыля на чале з Дар’яй Магамбетавай і Яўгенам Сцепаненкам.
Удзельнікі шоу ў прафілактычных мэтах атрымалі святлоадбівальныя элементы ад старшага інспектара ДПС Дзяржаўтаінспекцыі Арцёма Лазоўскага.
Госцем фестывалю стаў вядомы ў раёне выканаўца ўласных песень у стылі рэп Аляксандр Карунны.
Сяргей КОЗЕЛ
Комментарии