Апошнія гады ААТ «Ціміразеўскі» старанна імкнецца выбрацца са становішча, у якім апынулася. Вядома ж, імкліва гэта зрабіць немагчыма. Тым не менш працаўнікі гаспадаркі не губляюць аптымізму і надзеі, што ў іх усё атрымаецца. І прыкладваюць усе намаганні, каб справіцца з пастаўленай задачай.
[caption id="attachment_71937" align="aligncenter" width="560"]
■ Падчас ушаноўвання перадавікоў жніва камбайнераў Сяргея Сямашкі і Аляксандра Майсы, вадзіцеля Мікалая Маркоўскага (у цэнтры). Іх віталі старшыня абласнога камітэта прафсаюзаў АПК Міхаіл Бода (другі злева), старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Ірына Сцяпура, дырэктар ААТ «Ціміразеўскі» Анатоль Ладыга (другі справа), спецыяліст па ідэалагічнай рабоце гаспадаркі Кацярына Панцэвіч[/caption]
Дырэктар Анатоль Ладыга ўпэўнены, што ў гаспадарцы склаўся той касцяк спецыялістаў у сваёй галіне дзейнасці, на якіх можна раўняцца і якія задаюць тон у любой рабоце. Таму і гутарку пра вынікі мінулага сельскагаспадарчага года ён пачаў з таго, што назваў імёны лепшых прадстаўнікоў калектыву. Паколькі рэзультат у першую чаргу робяць яны.
Задаволены кіраўнік работай галоўнага агранома Віталя Гаўрыса, галоўнага інжынера Сяргея Выскваркі, загадчыка МТП Віталя Дудака, агранома-насеннявода Святланы Шчалкун, агранома-хіміка Святланы Лазук, брыгадзіра паляводчай брыгады Валянціны Каруннай, ветфельчара Аляксандра Гарашчэні.
Самыя шчырыя словы падзякі за старанную працу прагучалі ў адрас асемянатара Марыны Бельскай, загадчыка МТФ «Смалічы» Галіны Несцяронак, аператараў машыннага даення Ірыны Кіончык, Надзеі Лупік, Святланы Макарэні, жывёлавода Мікалая Бельскага, механізатараў Сяргея Новіка, Уладзіміра Казакевіча, Івана Лазука.
[caption id="attachment_71935" align="aligncenter" width="560"]
■ Асемянатар Марына Бельская[/caption]
[caption id="attachment_71936" align="aligncenter" width="350"]
■ Механізатар Сяргей Новік[/caption]
— Сёлетні год стаў для працаўнікоў ААТ «Ціміразеўскі» чарговым выпрабаваннем на трываласць, — адзначае Анатоль Міхайлавіч. — Нягледзячы на тое, што планавалі і фундаментальна закладвалі базу для будучага ўраджаю (каб потым «выцягваць» жывёлагадоўлю), недаатрымалі 600 тон (7,6% ад запланаванай прадукцыі) збожжавых культур, на мінулагоднім узроўні далі ўраджай цукровыя буракі. Так што на нейкую фінансавую аддачу разлічваць не даводзіцца. Тым не менш не губляем аптымізму. З восені заклалі базу ўраджаю-2019 і ўжо бачым добрыя ўсходы. Калі збажына ўдала перазімуе, ёсць надзея на стабілізацыю сітуацыі. Тым больш што мы зараз знаходзімся на той мяжы, калі павінна выправіцца становішча ў жывёлагадоўлі. Мы для гэтага зрабілі нямала.
Анатоль Ладыга расказаў, што за няпоўныя два гады праведзена перазалужэнне на плошчы звыш 1000 га і як вынік — ужо атрымана на 30% больш сенажу добрай якасці. У гаспадарцы выйшлі на паказчык 115 цялушак на 100 кароў (два гады таму было толькі 82). Таму ёсць перспектыва закончыць гэты год са статкам 5400 галоў (зараз 5237). Пад дадатковую пастаноўку жывёлы рэканструявана два памяшканні, ідзе будаўніцтва малочнатаварнага комплексу ў Бучаціне.
— Думаем, што мы ўжо зрабілі фундаментальны задзел у жывёлагадоўлі, каб пачынаючы з 2019 года атрымліваць прывагі не менш за 700 г, а надоі — звыш 5000 кг ад кожнай каровы, — адзначыў дырэктар таварыства.
Вялікае значэнне надаюць у гаспадарцы і рабоце з арганікай, для гэтага стварылі звяно па вывазцы і ўнясенні ўгнаенняў. Займаюцца павышэннем культуры земляробства, навядзеннем парадку на зямлі, у тым ліку не пакідаюць без увагі пустуючыя ўчасткі — заворваюць іх і ўводзяць у севаабарот.
У мінулым годзе паспрабавалі яшчэ адзін від дзейнасці — адкорм буйной рагатай жывёлы. Сёлета ўжо першая партыя жывёлы гатова для рэалізацыі. А гэта магчымасць мець грошы для набыцця неабходных запчастак, паліва, на выплату зарплаты і іншыя расходы.
Маргарыта САКОВІЧ
Фота аўтара і Дзіяны ТКАЧЭНКІ
***
Паважаныя працаўнікі ААТ «Ціміразеўскі», ветэраны вытворчасці!
Віншуем вас з прафесійным святам — Днём работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці АПК. Прыміце шчырую падзяку за вашу самаадданую працу на карысць роднай гаспадаркі. Жадаем, каб у вас толькі мацнела вера ў бліжэйшае яе аднаўленне. Здароўя моцнага вам і вашым сем’ям, дабрабыту, шчасця і міру вашаму дому!
Адміністрацыя і прафсаюзны камітэт ААТ «Ціміразеўскі»
Комментарии