Мэтанакіраванасць, добрасумленнасць, прафесіяналізм і сучаснасць — вось тыя прынцыпы, на якіх базіруецца дзейнасць ААТ «Прагрэс 2010».
Дырэктар гаспадаркі Валерый Тароцька — кіраўнік вопытны. Больш за дзесяць гадоў узначальвае ён прадпрыемства, таму ведае, калі і якому напрамку патрэбна ўдзяліць больш увагі.
У апошні час на тэрыторыі ААТ «Прагрэс 2010» вядзецца актыўная работа па павелічэнні колькасці зямельных рэсурсаў за кошт вызвалення тэрыторый ад старых пабудоў і непладаносных садоў. Вялікая ўвага адводзіцца абнаўленню аўтапарка — сучасныя тэхналогіі патрабуюць наяўнасці належнай тэхнікі. Тыя ж спецаўтамашыны, якія даўно «прапісаліся» ў гаспадарцы, стараюцца падтрымліваць у добрым стане.
У сельгаспрадпрыемстве працуе нямала прафесіяналаў, якія імкнуцца ісці ў нагу з часам, як, напрыклад, Мікалай Кандраценка — галоўны інжынер ААТ «Прагрэс 2010». У гаспадарцы працуе з 1990 года, апошнія 15 гадоў адказвае за забеспячэнне дзейнасці машынна-трактарнага парка. На даручанай яму тэрыторыі чыста і светла. Кожны заняты сваёй справай. Сам чалавек дысцыплінаваны, ён гэтага ж патрабуе і ад падначаленых — работа вельмі сур’ёзная, таму інакш нельга.
[caption id="attachment_71836" align="aligncenter" width="560"]
■ Галоўны інжынер Мікалай Кандраценка[/caption]
Асаблівай увагі заслугоўвае ўведзеная ў эксплуатацыю ў 2013 годзе адзіная на тэрыторыі прадпрыемства малочнатаварная ферма «Пацейкі». Гэта — сучасны спецыялізаваны комплекс, уладкаваны найноўшым абсталяваннем.
Наталля Мініч — загадчык МТФ «Пацейкі». Па адукацыі сацыяльны работнік, яна рэалізавала сябе зусім у іншай сферы — сельскай гаспадарцы. У Наталлі Мікалаеўны пяцёра дзяцей, у 2015 годзе яна была нават узнагароджана ордэнам Маці. Да таго ж разам з мужам Іванам Мінічам яны тры гады запар удзельнічалі ў праекце «Уладар вёскі» і ў 2014 годзе сталі пераможцамі раённага этапа гэтага конкурсу.
Капылянка Святлана Пятрова, заатэхнік-селекцыянер, у адказе за строгі ўлік пагалоўя статка. Яна вядзе камп’ютарную базу даных, дзе на кожную жывёлу заводзіцца асобная картка з падрабязнай інфармацыяй.
[caption id="attachment_71835" align="aligncenter" width="560"]
■ Заатэхнік-селекцыянер Святлана Пятрова і загадчык фермы Наталля Мініч[/caption]
Вячаслаў Лапцэвіч — слесар па рамонце і абслугоўванні абсталявання. У галіне жывёлагадоўлі ўжо даўно. Да мадэрнізацыі працаваў на старой ферме, таму ў поўнай меры змог ацаніць перамены ў гаспадарцы.
[caption id="attachment_71834" align="aligncenter" width="350"]
■ Слесар па рамонце і абслугоўванні абсталявання Вячаслаў Лапцэвіч[/caption]
Аляксандр Белаш — вопытны трактарыст-машыніст сельгасвытворчасці. З дапамогай магутнага МТЗ-3522 ён, сапраўдны знаўца сваёй справы, з лёгкасцю выконвае розныя віды работ: і сяўбу, і ворыва, і дыскаванне яму давяраюць.
[caption id="attachment_71832" align="aligncenter" width="350"]
■ Трактарыст-машыніст сельгасвытворчасці Аляксандр Белаш[/caption]
Віктар Каляда — трактарыст-машыніст сельгасвытворчасці, майстар на ўсе рукі, які з лёгкасцю спраўляецца з рознай спецтэхнікай. Сёлета адказнасць і добрасумленнасць Віктара Рыгоравіча, які працаваў падчас жніва старшым камбайнерам у камандзе з памочнікам Яўгенам Белашам, дазволілі заняць трэцяе месца ў раёне сярод маладзёжных экіпажаў.
[caption id="attachment_71833" align="aligncenter" width="350"]
■ Трактарыст-машыніст сельгасвытворчасці Віктар Каляда[/caption]
Сярод тых, хто сваёй напружанай працай забяспечвае дасягненне вынікаў, Валерый Тароцька выдзяляе многіх. Гэта трактарысты-машыністы сельгасвытворчасці Сяргей Севасцьяновіч, Павел Тароцька, Аляксандр Дубовік, Леанід Прышчэпа, Мікалай Маскалік, Іван Мініч, вадзіцель Леанід Івашка, слесар МТП Іван Насевіч, токар Васіль Кляшэвіч, жывёлаводы Сяргей Агіевіч, Андрэй Лапцэвіч, аграном-насеннявод Сяргей Тароцька, намеснік галоўнага бухгалтара Ганна Тукай...
Як адзначыў Валерый Мікалаевіч, пералічваць можна ўсіх па парадку — не памылішся: кожны ўносіць сваю лепту ў агульную справу, прыкладае намаганні, каб прадпрыемства дасягнула поспехаў. І гэта нядзіўна: дысцыпліна, якая пануе ў ААТ «Прагрэс 2010», адсявае нядобранадзейных. У выніку застаюцца самыя адказныя і сумленныя — тыя, хто разумее, што рух наперад заўсёды ў прыярытэце.
Аксана Міхайлоўская
***
Паважаныя аграрыі Капыльшчыны!
Жадаем вам, каб занятак любімай справай прыносіў задавальненне і натхненне. Няхай кожны працоўны дзень стане крокам у бок прафесійнага росту. Шчасця, здароўя і дабрабыту вам і вашым сем’ям!
Адміністрацыя і прафсаюзны камітэт ААТ «Прагрэс 2010»
Комментарии